Вікілетнік–2017 у Капылі

Вікіпраца грунтуецца выключна на добрай волі і энтузіязме яе прыхільнікаў, якія не атрымліваюць за гэта нічога, акрамя задавальнення і радасці сумесных сустрэч.

З 11 па 17 чэрвеня ў Капылі прайшоў першы ў гісторыі беларускай Вікіпедыі летнік.

Мерапрыемства сабрала каля 20 ўдзельнікаў — рэдактараў Вікіпедыі з розных мясцін Беларусі, а таксама з Украіны, Польшчы і Германіі. Праграма летніка складалася з майстар-класаў, прэзентацый, дыскусій, экскурсій і іншых актыўнасцяў, скіраваных на выбудову адносін супрацоўніцтва паміж людзьмі.

Вікіпедыя – свабодная энцыклапедыя, якую супольна пішуць і падтрымліваюць яе чытачы. Яна працуе на спецыяльным тыпе праграмнага забеспячэння, які называецца "вікі" (адсюль назва) і прызначаны як мага лепей забяспечваць супольную працу.

У Вікіпедыі адсутнічае рэклама, і ў сукупнасці з іншымі прычынамі гэта надае ёй надзвычай высокую папулярнасць у свеце.

Мэтай першага беларускага вікілетніка было паскарэнне і ўдасканаленне абмену арганізацыйнымі, сацыяльнымі і тэхнічнымі ведамі паміж актыўнымі вікіпачаткоўцамі і вікіпедыстамі з досведам.

Беларуская вікісупольнасць — моцная сіла, калі яна працуе ў Сеціве: створана амаль 150 тысяч артыкулаў на беларускай мове, і з кожным годам тэмпы працы нарастаюць. Аднак у плане сустрэч афлайн супольнасць цяжка назваць супольнасцю, бо слаба згуртаванае ўтварэнне, прадстаўнікі якога пераважна нешта робяць паасобку.  І калі яны зрэдку маюць зносіны паміж сабой, то ізноў жа – праз інтэрнэт.

Ініцыятары вікілетніка якраз і ставілі перад сабой задачу: сабраць у адным месцы зацікаўленых, пазнаёміць іх паміж сабой, наладзіць дыялог, абмен думкамі, ведамі, досведам, абмеркаваць сумесныя праекты на будучыню, вызначыць мэты, да якіх можна супольна імкнуцца.

Сімвалам мерапрыемства быў абраны слімак — істота, якая вельмі павольна, але метанакіравана паўзе наперад. Гэты метафарычны вобраз павінен быў нагадаць удзельнікам, як марудна ідзе працэс крышталізацыі беларускага вікіруху ў сапраўдную грамадскую арганізацыю (вікіпедысты суседніх краін даўно ўжо зарэгістравалі свае нацыянальныя аддзяленні міжнароднага Фонду Вікімедыя).

Вынікі праведзенага летніка прыемна ўражваюць. Акрамя мноства тэм гуманітарнага і тэхнічнага плана, якія ўдзельнікі дэтальна разабралі на сваіх занятках, было створана 10 новых і палепшана 15 існуючых артыкулаў у беларускай і ўкраінскай Вікіпедыях (у асноўным — пра Капыльшчыну і Нясвіж), заладкавана ў ВікіСховішча амаль 300 фотаздымкаў і графічных файлаў (таксама пра гістарычныя і геаграфічныя аб’екты Капыля і яго ваколіц). Было распрацавана некалькі новых шаблонаў, зроблены ўнёсак у іншыя Вікіпраекты — такія, як Вікіслоўнік і Вікізвесткі (WikiData).

У першыя дні мерапрыемства для ўдзельнікаў былі арганізаваныя экскурсіі ў гісторыка-культурны музей-запаведнік Нясвіж і Капыльскі краязнаўчы музей. Супрацоўнікі краязнаўчага музея ў Капылі зладзілі таксама працяглую і змястоўную экскурсію па гораду, з аглядам старажытных могілак і замчышча.

У наступныя дні вікі-рэдактары з раніцы да самага вечара праз практыку замацоўвалі свае веды па самых розных напрамках і тэхналогіях, дзякуючы дастаткова стабільнай працы інтэрнэта ў невялікім горадзе Капылі.

Шмат пытанняў падымалася адносна развіцця беларускай вікісупольнасці, было вырашана на перыядычнай аснове ладзіць фармальныя і нефармальныя мерапрыемствы, напрыклад, вікі-экспедыцыі па мала асветленым на старонках Вікіпедыі мясцінах нашай краіны. Спецыяльна запрошаныя госці з Нямеччыны і Польшчы адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і незвычайна насычаную праграму мерапрыемства, не гледзячы на тое, што ў такім фармаце яно ладзілася ўпершыню.

Вікіпраца па самых розных напрамках грунтуецца выключна на добрай волі і энтузіязме яе прыхільнікаў. Шмат для каго гэта дзіўна, але яны не атрымліваюць за гэта нічога акрамя задавальнення і радасці сумесных сустрэч. Яны носяць у сваіх галовах роздум, якім падзяліўся некалі заснавальнік Вікіпедыі Джымі Вэйлз: “Уявіце сабе свет, у якім кожны чалавек мае свабодны доступ да ўсіх накопленых чалавецтвам ведаў”.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!