Віктар Бабарыка напярэдадні суда звярнуўся да беларусаў: «Усё зробленае вамі — не дарма»

Віктар Бабарыка напярэдадні суда звярнуўся да беларусаў з лістом, напісаным у СІЗА КДБ. Прыводзім яго тэкст цалкам.


Дарагія сябры!

Я заўсёды любіў доўгія тэмы, а пасля доўгага знаходжання ў абмежаванай прасторы і з малой колькасцю людзей гэтая рыса наогул пагражае перарасці ў запал. Таму ў мяне атрымліваецца такі longread, але дзякуй тым, хто здужае і прачытае яго да канца.

Для многіх з нас гэты год стаў годам перамогі — перамогі над рабствам уласнай душы. На працягу многіх гадоў нас не вялі за цывілізацыяй. Нам навязвалі думку, што беларусы — народ, які ходзіць пад бізуном. Што мы не здольныя самастойна прымаць рашэнні і несці адказнасць за сваю будучыню.

Але нават на закатанай у бетон дарозе прарастае жыццё. Так у Беларусі вырасла пакаленне людзей з новым поглядам на сябе, на краіну і на будучыню. Пакаленне, якое гатова змагацца за тое, каб «не быць скотам».

Самае страшнае, што такое здавалася б агульнапрызнанае права выклікала абсалютна сярэднявечныя рэпрэсіі. Нават больш. У нас сталі актуальныя тэксты, напісаныя каля двух тысяч гадоў таму і звернутыя да такіх жа, як і вы, першапраходцаў і прадвеснікаў свабоды чалавека і яго права на павагу. Я маю на ўвазе тэксты евангелістаў, якія пракладалі шлях да сэрцаў і душаў тых, хто знаходзіўся ў рабстве і «запісваў» у сэрцах любоў да людзей. Яны неслі святло дабра, самапавагі і годнасці, прыраўноўваючы чалавека да найвышэйшай каштоўнасці.

Адзін з такіх тэкстаў, зменены і адаптаваны мной пад сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, я хачу вам прадставіць:

Усе тыя, хто застаўся ў закладніках сённяшняй сістэмы, тыя, хто прыняў на сябе ўдары дубінак і адчуў боль і жаданне «людзьмі звацца», тыя, хто аддаў самае каштоўнае, што ёсць у чалавека — жыццё, моліць вас, каб жаданне свабоды не дарэмна было прынята вамі.

Пад ударамі, у вязніцах, у працах, у ланцужках салідарнасці, у маршах падтрымкі, у сваіх паведамленнях.

У чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у дабро, у шчырай любові.

У слове ісціны са зброяй праўды ў правай і левай руцэ.

У сумленнасці і абылганыя, пры ганьбаваннях несправядлівых і пахвалах: усе называюць злачынцамі, але вы чыстыя;

Вы невядомыя, але ўсе пазнаюць; вас палічаць памерлымі і здаўшымі, але вось, вы жывыя;

Вас караюць, але вы не здаецеся і не паміраеце;

Вас абражаюць, але вы не апускаецеся да зваротнай хлусні і ганьбавання; вы не ганарыцеся багаццем, але многіх ўзбагачае пачуццём свабоды; вы не хочаце выгады для сябе, але валодаеце каштоўным пачуццём уласнай годнасці.

Вам не страшна з людзьмі, але вашы сэрцы перапаўняе каханне.

У свет светлы і радасны, добры і адкрыты пройдуць і ўсе беларусы.

Не схіляйцеся пад чужое ярмо існуючай улады, бо якія зносіны справядлівасці з беззаконнем? Што агульнага ў святла і цемры? Як сумяшчальныя кветкі, усмешкі і гвалт? Бо вы — носьбіты свабоды і павагі.

Як жа балюча і страшна, што змест такіх тэкстаў захоўваюць сваю важнасць у нашай краіне.

Але неверагодны гонар і захапленне выклікаюць людзі, якія не гледзячы ні на што:

— перамаглі раба ва ўласнай душы і зрабілі крок насустрач свабодзе;

— не спалохаліся пагроз і публічна выказалі сваё стаўленне да гвалту і несправядлівасці;

— ахвяравалі сваім дабрабытам, свабодай і нават жыццём дзеля таго, каб іншыя ўздыхнулі поўнымі грудзьмі чыстае паветра вызвалення.

Усё зробленае вамі — не дарма! Мы — разам, хоць і не заўсёды побач. Нас — усё больш і больш!

Змрок, злосць і хлусня не могуць быць вечнымі. Запаленае вамі святло дабра і праўды нельга пагасіць не толькі ў вашых сэрцах. Яго немагчыма схаваць ад вачэй іншых людзей. А значыць, світанак прыйдзе і асвяціць прасторы нашай Беларусі.

Крыніца — афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі. Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: