Віктар Марціновіч: Як стаць грамадзянінам Pfizer

Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра тое, якім будзе свет у бліжэйшай будучыні.


На вялікі жаль, з каранавірусам збыліся мае самыя сумныя прадчуванні. Як я і пісаў у сакавіку мінулага года, скончыцца ўсё зусім не так, як мы ўяўлялі.

Выраз «посткавідны свет» імкліва страчвае сэнс: зараза мутуе, і сітуацыя ў Індыі дэманструе, што з гэтай пошасцю мы атрымалі нешта больш працяглае за іспанку, якая калашмаціла Зямлю два гады. Тут ёсць усе шансы пабачыць не «посткавідны свет», а «транскавідны свет» — планету, дзе няспынныя мадыфікацыі віруса будуць рабіць усё новыя і новыя вакцыны нядзейснымі.

Але самая сумная для мяне навіна — агучаная прапанова Еўракамісіі, якая, здавалася б, гучыць шыкоўна і ліберальна. Чыноўнікі прыдумалі «аслабіць абмежаванні для ўезду ў ЕС для замежнікаў, якія прышчапіліся».

І ўсё б добра, але ў пералік прэпаратаў, прыняўшы якія, можна скарыстацца раскошай Шэнгенскага пагаднення, увайшлі Astra Zeneca, Pfizer і Johnson and Johnson. Даступнага нам, беларусам, «Спутніка» сярод «уязных» у ЕС вакцын няма.

І гэта ставіць пытанне пра тое, як цяпер выглядаюць межы.

Наяўнасць візы ў дзейным пашпарце ўжо год як не гарантуе здольнасць перакрочыць праз памежнікаў.

Да палітычнай мапы Зямлі дадалася кавідная мапа.

І мы бачым, як гэтыя кавідныя межы падмінаюць пад сябе колішнія палітычныя межы. Логіка надзвычайшчыны заўсёды пажырае «грамадзянскую» логіку.

Карта меркаваных вандровак і планы на адпачынак цяпер вызначаюцца не толькі тым, куды пушчаюць, але і тым, вярнуўшыся адкуль, не трэба сядзець два тыдні ў самаізаляцыі.

Дык хтосьці дагэтуль верыць у працоўны стан Шэнгенскага пагаднення? Вы можаце патлумачыць, што дакладна яно значыць?

Свет мае ўсе шансы быць падзеленым новай, кавіднай, геапалітыкай.

Праз хуткабежныя расклады, выкліканыя сяброўствам сістэм, хутка беларусу будзе нашмат прасцей з’ездзіць у Кітай, чым у Грэцыю. Так, яшчэ застаюцца краіны-аптымісты кшталту Албаніі, якія спрабуюць быць па-за гэтым падзелам і на той глебе па-хуткаму зарабіць на турыстах з краін альянсу «Спутнік» тую-сюю капейчыну.

Але можаце быць упэўненыя: хутка яны выправяцца, бо песіміст — гэта суб’ект, што сутыкнуўся з наступствамі свайго колішняга аптымізму.

Вангую новы біпалярны свет: у ім ёсць краіны «Спутнік» (Расія, Казахстан, Арменія, Беларусь, Кітай і г.д. — глядзі спіс візітаў Лаўрова за апошнія 5 гадоў). І краіны «Pfizer». Краіны «Спутніка» будуць прызнаваць вакцыны адна адной, людзі, прышчэпленыя кітайскай Vero Cell, здолеюць пасля прад’яўлення кавіднага пашпарта вольна шпацыраваць па Мінску. А ў былым Шэнгене такіх людзей будуць замыкаць у каранцін такой працягласці, што ўсякае жаданне наведваць Вену ці Берлін знікне.

І наадварот — бо ў альянсе «Спутнік» любяць выраз «контрсанкцыі».

Мы ўсе павольна ператвараемся ў грамадзян СССР, «Союза «Спутниковых» Социалистических Республик».

Адно што СССР гэтым разам цягнецца да кітайскай правінцыі Гуандун. Прычым робіцца гэта моўчкі, без асаблівай помпы, без гучных доўгатэрміновых забаронаў, якія абавязкова б выклікалі скандал. А праз стварэнне і пагаршэнне дыскамфорту для тых, каму трэба рухацца.

Навошта ў гэтым раскладзе патрэбныя амбасады, консульствы і візавыя цэнтры — гэтаксама як і грамадзянскія пашпарты — штодня будзе рабіцца ўсё менш відавочным. У ЗША асноўнае ID — правы кіроўцы, у Кітаі — інтэграваная з тваім сацыяльным рэйтынгам крэдытная карта.

Дык вось, рыхтуйцеся да таго, што асноўным пасведчаннем для зямляніна зробіцца даведка з паліклінікі, перакладзеная на англійскую мову. І што вы будзеце марыць пра дозу Pfizer не менш, чым раней марылі пра двухгадовы шэнген. І мне цікава, ці будзе «халодная вайна» вакцын і ўзаемнае непрызнанне тых, хто прывіўся абедзвюма вырабамі.

Пры тым, што любая новая мадыфікацыя — напрыклад распаўсюд «індыйскага штаму 2.0» — вокамгненна будзе абнуляць усе строгія захады. Мы, нібы Аліса ў Краіне цудаў, мусім бегчы на поўную моц, каб проста заставацца на месцы.

За апошнія месяцы мы, беларусы, прызвычаіліся да выразу «часам не да законаў». Але карона навучыла гэтаму падыходу і еўрапейцаў — бо няма такога пункту ў Шэнгенскім пагадненні, які б дазваляў уводзіць сегрэгацыю грамадзян па прынцыпе атрыманай вакцыны.

Дадам да таго, што далёкія наступствы ўсіх гэтых вакцын для мяне асабіста невідавочныя. Хаця я зусім не медык. Але чытаў да халеры фантастычных кніг і бачыў дастаткова серыялаў, якія распачыналіся з усеагульнага прышчаплення лекамі, якія не тэставаліся цягам хаця б дзесяцігоддзя.

Чаго ні адна з гэтых кніг не здолела прадбачыць — гэта свету, у якім прэпараты будуць асновай раздзялення на новыя краіны і альянсы.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: