Віктар Марціновіч: Канцэпцыя мінімальнага саўдзелу

Ці вядомае вам гэтае пачуццё, калі ў краме бачыш, як маці замахваецца, каб даць поўху сыну, а ты думаеш: можа, заступіцца, можа, падвучыць? А потым усведамляеш, што любая навука тут можа скончыцца пратаколам і вялікай асабістай трагедыяй і для гэтай маці, і для гэтага сына. Таму ты не робіш абсалютна нічога...

Віктар Марціновіч у межах праекту "Маё права" разважае на budzma.by пра "канцэпцыю мінімальнага саўдзелу".

У кожным чалавеку жывуць дзве істоты: паслухмяны сістэме выдатнік Пеця, які, пабачыўшы несправядлівасць, спяшаецца паскардзіцца ўмоўнай Мар’і Іванаўне, і гарэза-двоечнік Федзя, упэўнены, што ўстанаўліваць справядлівасць мусіць сам (часцяком ён і з’яўляецца крыніцай несправядлівасці для першых, бо паняцце справядлівасці ў кожнага сваё).

У выпадку з Беларуссю да гэтых двух “я” ў кожным грамадзяніне дадаецца яшчэ адно: “я” жыхара таталіт моцнай і паўсюднай дзяржаўнай сістэмы. І там, дзе пачынаецца гэтая сістэма ў любой яе праяве, хаця б на ўзроўні школьнай настаўніцы ці ЖЭСаўскага дворніка, пануюць такі “закон” і такі “парадак”, што лепей не кранаць. Бо можна папасці пад раздачу ці нарабіць вельмі, вельмі шмат гора тым, каго спрабуеш “вызваліць”.

Пра звычайныя сямейныя сваркі, падчас якіх адзін з бакоў вырашаў “пазваніць”, і гэта заканчвалася пастаноўкай на сацыяльны ўлік, статусам “сацыяльна небяспечнае становішча” (бо ў лядоўні знойдзенае піва), вы напэўна чулі. Пра страляніну на лесвічнай пляцоўцы пасля таго, як нехта с суседзяў вырашыў пажаліцца на шумных адзначальнікаў Новага года — таксама. Калі замест спакою па тваім выкліку прыязджае бяда, гэта вымушае дзесяць разоў задумацца, ці варта быць тым Пецем. І тым болей ці можна ў такіх варунках хаця б на грам дапускаць існаванне ўнутранага Федзі, які “руліць праблемы сам”. Бо калі ты не выклічаш і ўмяшаешся, ёсць шанец, што выклічуць па цябе. А тэрміны па бытавых справах цяпер нежартоўныя. 

То ці вядомае вам гэтае пачуццё, калі ў краме бачыш, як маці замахваецца, каб даць поўху сыну, а ты думаеш: можа, заступіцца, можа, падвучыць? А потым усведамляеш, што любая навука тут можа скончыцца пратаколам і вялікай асабістай трагедыяй і для гэтай маці, і для гэтага сына. Таму ты не робіш абсалютна нічога. Бо калі тым самым таталіт трэцім “я” выключаны і ўнутраны Пеця, і ўнутраны Федзя, застаецца не рабіць нічога, акрамя таго, каб нічога не рабіць.

То дазвольце мне распавесці адну гісторыю. Аднойчы ў Інданезіі на востраве Ява ў мяне скралі заплечнік. І пры гэтым ледзь не застрэлілі. Чалавек, які зрабіў гэта, як высветлілася, быў беглым рэцыдывістам. Ён падвозіў мяне ад Джагджакарты да Барабудура, і калі я пайшоў глядзець пакой у гатэлі, з’ехаў з усімі маімі трантамі. Супрацоўнік гатэля адразу пасадзіў мяне на байк, і мы ганяліся за зламыснікам доўгі час, нават высветлілі, дзе ён жыве, заехаўшы на запраўку, дзе ён са мной спыняўся (супрацоўнікі яго пазналі, і высветлілася, што ён у росшуку за ўцёкі з турмы, дзе сядзеў за забойства; дома яго, зразумела, не аказалася). Калі зрабілася зразумела, што крымінальніка мы не знойдзем, мяне вярнулі ў гатэль. “Трэба клікаць паліцыю”, — прапанаваў я. “Навошта? У вас скралі пашпарт? Патрэбная даведка для беларускай амбасады?” — “Не”, — адказаў я. “Калі ласка, давайце абыдземся без іх!” — папрасіў тады гатэльер. Я паціснуў плячыма, падумаўшы, што такім чынам ён спрабуе захаваць сваю рэпутацыю і не трапіць у крымінальныя хронікі, і настаяў на выкліку. Як жа я памыляўся! 

Праз 40 хвілін прыехаў першы паліцэйскі. Узяў гарбаты. Пасадзіў насупраць. Папрасіў распавесці, як было. Я ўключыў свой талент апавядальніка і намаляваў усё вельмі красамоўна. Як мы са зламыснікам моўчкі ехалі 70 км ад Джагджакарты. Як кіроўца два разы заязджаў у джунглі і пра нешта думаў, мабыць, выбіраючы паміж узброеным рабаўніцтвам, забойствам і маўклівым крадзяжом, да якога схіліўся напрыканцы. Паліцэйскі слухаў уважліва, вельмі смяяўся, калі я жартаваў, нічога не занатоўваў. “Добра. Зараз я патэлефаную начальніку”, — сказаў ён. Праз яшчэ 40 хвілін прыехаў стомлены афіцэр з большай колькасцю зорак на пагонах. Я зноў пачаў свой аповед. Красамоўна. Месцамі з гумарком. Абодва смяяліся, пілі гарбату, часам прасілі паўтарыць асабліва каларытныя абставіны. І вось я ўжо паказваў, з якім выразам твару стаяў і глядзеў, як выкрадальнік з маім заплечнікам з’язджае за паварот. “Трэба званіць Джафару”, — сказалі яны хорам праз 40 хвілін, калі другі раўнд размовы скончыўся. Прыкладна а першай ночы прыехаў Джафар. Таўшчэзны. Важны. З ужо зусім велізарнымі пагонамі. “Расказвай”, — папрасілі яны, пакуль гатэльер паслужліва разліваў чацвёрты імбрык гарбаты. І зноў я, ужо ахрыплы, казаў, а яны смяяліся. “Дзе пратакол”? — “Хто дакладна з іх вядзе допыт?” — панічна думаў я. Калі апавяданне было скончанае, яны ледзь не апладзіравалі. “Ты вельмі добры расказчык, — пахваліў Джафар. — Ты можаш стаць нават пісьменнікам!” — дадаў ён. З ягоных вуснаў гэта гучала вельмі пачэсна, то я не стаў тлумачыцца наконт роду ўласных заняткаў.

“Скажыце, а як вы дакладна будзеце яго шукаць? — запытаўся я. — І які працэсуальны сэнс таго, што цяпер адбываецца?” Джафар гэтых пытанняў не зразумеў, і гатэльеру давялося нават іх перакладаць. Калі да мажнага паліцэйскага дайшло, што дакладна я спытаў, ён пачаў смяяцца, а за ім — і яго падначаленыя. “Ты што, думаеш, мы яго знойдзем? — запытаўся ён, выціраючы слёзы. — Ён жа ў вышуку, з турмы збег! Цяпер хаваецца ў джунглях. І будзе там хавацца найбліжэйшыя 5 гадоў. Бо ён цяпер не толькі забойца, а яшчэ і рабаўнік турыста!” — “Дык а ў чым сэнс нашай сустрэчы”? — запытаўся я. “Дык кажу ж табе! Ты вельмі добры расказчык! — працягваў смяяцца афіцэр. — Табе даведка патрэбная? Пашпарт скралі?” — “Не”, — адказаў я. “Ну тады бывай, — кіўнуў Джафар. — Падумай пра кар’еру пісьменніка”.

Пасля гэтага паліцэйскія з’ехалі, а я, застрэсаваны не толькі рабаваннем, але і патройным паўтарэннем сваёй “трагедыі”, скіраваўся спаць. З раніцы за 20 даляраў я купіў на мясцовым рынку і новы заплечнік, і ўсе транты, патрэбныя для працягу вандроўкі.

А гатэльер на развітанне патлумачыў, што калі ў Інданезіі здараецца бяда, гараджане спрабуюць вырашыць яе супольным грамадзянскім дзеяннем. Не звяртаючыся да структур, звязаных з дзяржаўным прымусам. Бо тыя адказваюць за зусім іншае (напрыклад, здольныя зрабіць з пацярпелага стэндап-коміка, нават калі ён думае, што дае паказанні).

Я назваў гэта “канцэпцыяй мінімальнага саўдзелу”. Магчыма, калі Беларусь застанецца такой жа таталіт моцнай і паўсюднай дзяржаўнай сістэмай, у нас у грамадстве выпрацуецца такі ж алгарытм рэагавання: і без Пеці, і без Федзі.

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: