Віктар Хурсік: У мінскай кніжнай выставы няма душы

У Мінску адкрылася ХХІ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Чаму з кожным годам у ёй удзельнічае ўсё менш і менш прыватных выдаўцоў? Чым адрозніваюцца мінскія кніжныя кірмашы ад аналагічных за мяжой? Якой літаратуры бракуе на менскіх кніжных кірмашах?



Віктар Хурсік


Госць «Вольнай студыі»  Радые Свабода — прыватны выдавец Віктар Хурсік.

— Віктар, наколькі я памятаю, ваша выдавецтва раней удзельнічала ў кніжных выставах-кірмашах. Сёлета — не. Чаму?

— Сапраўды, гэта так. Ну, па-першае, гэтым разам арганізатары не даслалі запрашэння, як у мінулыя гады. Відаць, шмат удзельнічае буйных выдавецтваў, і ўжо такая драбяза, як я, не ўяўляе цікавасці для арганізатараў. Там жа такі размах. Учора Беларускае тэлебачанне ў інфармацыі пра кірмаш выказалася: «Минск стал центром книгоиздания мира». Але я лічу, што кірмаш не зрабіў ні кроку наперад, хутчэй, зрабіў крок назад. Напярэдадні кірмашу Міністэрства інфармацыі праводзіла конкурс «Мастацтва кнігі». Але гэта для мастакоў і паліграфістаў. А чаму няма конкурсу на лепшы раман ці кнігу вершаў?

— Выходзіць, змест кнігі нікога не цікавіць...

— Абсалютна. Таму ў выставы-кірмаша адсутнічае душа. Адсутнічае змест, які закладваецца ў падобныя кірмашы ў іншых краінах. Скажам, на кірмаш у Лондане ці Нью-Ёрку з’язджаюцца творцы. Яны там прадаюць сваё імя, свае творы, і ў гэтым зацікаўленыя выдаўцы. Чаго абсалютна няма на кірмашы ў Мінску. Па-другое, я не ўдзельнічаю з-за коштаў. Там за 1 м2 трэба заплаціць 240 еўра. А што такое 1 м2? Гэта памер нашага гарадскога клазету. На адным метры можна сесці, але працаваць на такой плошчы выдаўцу немагчыма. Хочаш плошчу большую — плаці да 600 еўра. А ці прадасі ты літаратуры на такую суму? У нашых рэаліях — не. Дык дзеля чаго ўдзельнічаць у такім кірмашы?

— Намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч у інтэрв’ю БТ сказала, што з айчынным кнігавыданнем у нас усё выдатна, што «ў параўнанні з мінулымі гадамі мы не страцілі сваіх пазіцый». Вы падзяляеце аптымізм чыноўніцы?

— Я ўвогуле паважаю жанчынаў, асабліва аптымістычных, але ў дадзеным выпадку я далёкі ад аптымізму. Скажам, падчас Варшаўскага кніжнага кірмашу выдаецца адмысловы статыстычны зборнік. Кожны наведвальнік можа паглядзець, што выдадзена за год у Польшчы. На мінскім кірмашы такой завядзёнкі няма. І мы проста не ведаем, колькі якіх кніг выйшла, колькі з іх па-беларуску, у каго з замежных выдавецтваў Беларусь набыла правы на выданне твораў, і які з гэтага атрымаўся гешэфт. Камерцыйны бок справы з’яўляецца для мінскага кірмашу страшнай таямніцай. Увогуле, наколькі мне падаецца, туды запрашаюцца дзяржаўныя выдавецтвы, таму дзяржаўныя грошы з адной кішэні перакачваюцца ў другую, не забываецца пры гэтым і камерцыйная фірма-арганізатар.

— Здаецца, прыканцы мінулага года вы бралі ўдзел у кніжным кірмашы ў Варшаве. Калі параўнаць — што найперш кідаецца ў вочы?

— Па-першае, на выставе ў Варшаве прадстаўленыя найперш польскамоўныя кнігі. Там усе шыльды на польскай мове. А ў нас, я дзіўлюся, шыльды ў метро на беларускай лацінцы, а выстава аздобленая па-руску. Для кагосьці гэта можа здацца дробяззю, але насамрэч гэта ж прапаганда мовы на кніжным кірмашы. Па-другое, у Варшаве галоўны на кірмашы — пісьменнік. Але ўсё адбываецца без лішняга ляманту. Пісьменнік прыходзіць, сядае за стол і проста падпісвае свае кнігі. Там няма воклічаў: увага, да нас прыйшоў Мікалай Іванавіч Чаргінец, сёння адбудзецца яго аўтограф-сэсія. У Варшаве ўсё адбываецца сціпла, ад душы, набываюцца кнігі, прадаюцца правы, як і належыць на падобных імпрэзах. А ў нас? Сёлета нават ганаровых гасцей няма. Пэўна, самыя ганаровыя — Азербайджан і Венесуэла. Азербайджанцы дзве кніжкі выставілі, адна з іх — Аліева. А на стэндзе Венесуэлы — вялікія лозунгі ў абарону ідэяў Леніна і барацьбы з капіталізмам. Вось такая кніжная выстава...

— Неяк госцем на мінскім кніжным кірмашы быў украінскі паэт Іван Драч. І я памятаю, ён, выступаючы, запытаўся ў арганізатараў: «А дзе мае беларускія сябры — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін?». Як вы лічыце, наколькі адсутнасць на кірмашы «нядобранадзейных» з гледзішча беларускай улады пісьменнікаў б’е па яго прэстыжы?

— Вядома ж, б’е. Увогуле, кніжныя кірмашы-выставы — гэта выставы для творцаў, выставы твораў. На такія кірмашы збіраюцца творчыя людзі. Яны прапагандуць сябе і свае творы. Скажам, на апошнім лонданскім кніжным кірмашы найбольшым поспехам карысталіся «Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзімера Караткевіча. Былі б жывыя гэтыя творцы, яны мелі б сусветны поспех і ўліліся б у кола сусветных творцаў. І гэта нармальна, прымальна, так жыве ўвесь кніжны свет. У нас жа ізноў — падзел пісьменнікаў на розныя саюзы. Я ні разу на гэтых кірмашах не бачыў нашых народных пісьменнікаў — Гілевіча і Барадуліна. Чытачам і пакупнікам было б цікава пабачыць жывых творцаў, хай сабе і з розных саюзаў.

— У вашым выдавецтве, у вашым жа перакладзе з польскай нядаўна выйшла кніга пад назвай «Маскоўская ўлада на Літве: 1863–1869». Аўтарскае прысвячэнне на кнізе: «Памяці суайчыннікаў, бязвінных ахвяраў расійскага царызму, спаленых, закатаваных, забітых, сасланых у Сыбір». Не ўяўляю сабе, каб яна прэзентавалася на кірмашы... На вокладцы няма імя аўтара. Хто ён?

— Фэрдынанд Чапліцкі (1828–1886) — вайсковец, удзельнік паўстання 1863 году, быў рэпрэсаваны. Кніга выходзіла нелегальна, таму і імя аўтара хавалася. Вядома ж, з такой кнігай Чапліцкаму на нашай выставе месца не было б. Уявіце, прыходзіць ён туды і кажа: «Што тут робяць гэтыя акупанты?». Напэўна, на яго тут жа наваліліся б, скруцілі і завезлі ў пастарунак... У кнізе расказваецца падрабязна пра механізм рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі ў часы задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Я доўга шукаў такі твор, і вельмі ўсцешаны, што ён пабачыў свет. У кнізе ёсць такі эпізод. У гонар імянінаў генерала Мураўёва мясцовае начальства ў Бельску арганізоўвала баль. Пад прымусам, пад вайсковым канвоем былі звезеныя няшчасныя беларускі, полькі, якія сядзелі па вязніцах — адбывалі пакаранне. І Мураўёву далажылі — баль адбыўся... У нас нешта падобнае адбываецца з кніжным кірмашом... Але калі гаварыць больш пра змест кнігі, то мы і сёння ня ведаем, наколькі жорстка расейская ўлада распраўлялася з паўстанцамі і тымі, хто спрыяў паўстанню. Я б звярнуў увагу на памеры кантрыбуцый, якія расейскі ўрад наклаў на ўсе губерні, у тым ліку Магілёўскую, Менскую ды іншыя, якія ўваходзяць у склад сучаснай Беларусі. Мы павінны былі штогод, да скону, пералічваць Расеі суму, роўную па кошце сямі з паловай тонам золата!

— У школьных падручніках генерал-губернатар Мураўёў, якому былі нададзеныя неабмежаваныя паўнамоцтвы, названы «таленавітым адміністратарам». А якім ён паўстае на старонках кнігі Чапліцкага?

— Мураўёў паўстае тым, кім яго называлі ў народзе, — катам і вешальнікам. Расійскія гісторыкі пра яго пішуць: школы адчыняў... Ніякім асветнікам ён не быў. У кнізе апісваецца адзін цікавы факт. На карчме павесілі шыльду «Школа». Правяральшчыкі здалёк паглядзелі ды паехалі далей. Вось так «адкрывала» ў Беларусі школы расейская адміністрацыя. Гвалтам пераводзілі людзей з уніяцтва ў праваслаўную веру. Палілі разам з жыхарамі вёскі. Недалёка ад таго месца, дзе я нарадзіўся, спалілі, напрыклад, вёску Суцін, цяпер яна ў Пухавіцкім раёне. Расейцы заўсёды здзіўляюцца, калі ім кажаш пра жорсткасць падчас задушэння паўстання. Але куды падзець факты? Скажам, у Сямятычах, у сядзібе пана Фэнша жыўцом былі спаленыя 26 параненых інсургентаў. Калі яны спрабавалі выскачыць праз вокны, траплялі на штыкі...

— Адно з самых частаўжывальных словаў у кнізе Чапліцкага — «неблагонадёжный». Міжволі прыгадваеш, як сённяшняя ўлада ў Беларусі напладзіла сабе нядобранадзейных — пісьменнікаў, гісторыкаў, мастакоў...

— Паралелі сапраўды напрошваюцца самі. Напрыклад, у 1867 годзе на курорце ў Друскеніках не ўся публіка ўстала і з недастатковым энтузіязмам пляскала ў ладкі, калі выконваўся гімн «Боже, царя храни». За што сёй-той атрымаў вялікія штрафы. У вёсцы Побікры ксёндз занадта гучна адпраўляў малітву за цара, што было расцэнена як насмешка. Падзел на «чэсных» і «нячэсных» у нас існуе, і з’явіўся ён пад пэўным уплывам з боку той самай імперыі. І пакуль ён будзе мець месца, мы ніколі не атрымаем кніжную выставу-кірмаш нацыянальнага зместу, з душой. Заўсёды будзе панаваць расейская мова, а беларуская будзе выглядаць «неблагонадёжной» — як прыкмета ўсё тых жа інсургентаў 1863 году.

Міхась Скобла, www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Сябрук
  • 2014-02-07 21:45:48
Харошы матэрыял