Віктара Бабарыку прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі

Абвінавачанне патрабавала 15 гадоў. Прыгавор вынес суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі. Пакаранне абскарджанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

Віктар Бабарыка перад агучваннем прысуду. Фота reuters

Агучаны прысуд Віктару Бабарыку. Былы кандадат ў прэзідэнты Беларусі атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі. Віны ён не прызнаў.

Паколькі Бабарыку судзілі адразу ў Вярхоўным судзе, то абскардзіць прысуд у апеляцыйным парадку ён не зможа.

Падтрымаць палітвязня прыйшло шмат людзей, Усіх у залу не пусцілі — праз нейкі час тым, хто застаўся на вуліцы, міліцыянты загадалі разыходзіцца.

Прыйшлі таксама еўрапейскія дыпламаты, прадстаўнік амбасады Велікабрытаніі і прадстаўніцтва ЕС.

Фота «Свабоды»

Дарэчы, астатніх фігурантаў «справы «Белгазпрамбанка» асудзілі на тэрміны ад 3 да 6 гадоў.

Каля будынка суда сёння былі заўважаны «бусікі» і аўтазакі.
Калі міліцыянт запатрабаваў, каб людзі разыйшліся, адна з жанчын адказала: «Гэта наша краіна».

Адвакат Аляксандр Пыльчанка ўпэўнены, што Віктар Бабарыка не будзе сядзець увесь тэрмін, а неўзабаве будзе вызвалены. Кажа, што ў Беларусі за забойства даюць ад 6 да 15 гадоў, а тут...

Калі адвакаты Віктара Бабарыкі выйшлі з залы суда, людзі сустрэлі іх апладысментамі.

Як паведамляецца, пазней каля будынка суду былі затрыманыя два чалавекі.

Акрамя тэрміну зняволення Віктару Бабарыку прысудзілі буйны штраф. І яшчэ там шматмільённая кампенсацыя нейкай таемнай шкоды. Падрабязнасці тут.

Суд па «справе «Белгазпрамбанка» пачаўся 17 лютага.

На пасяджэнні 6 красавіка Віктар Бабарыка заявіў пра сфабрыкаванасць справы і адмовіўся даваць паказанні. 21 чэрвеня на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. Бабарыку абвінавацілі ў легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Акрамя яго, абвінавачанні выставілі намеснікам старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, былому першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку, намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту, дырэктару ТАА «Актыўлізінг» Віктару Кабяку. Іх абвінавацілі ў дачы хабару паўторна або ў буйной суме. Яны прызналі віну і заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.

22 чэрвеня пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Гэта максімальны тэрмін, які маглі запытаць пры выстаўленых яму абвінавачаннях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацвярджэнне цалкам».

Акрамя таго, для Віктара Бабарыкі пракурор патрабаваў штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў. Адвакат Бабарыкі Наталля Мацкевіч заявіла, што следства было праведзена неаб’ектыўна і з парушэннем правоў абвінавачаных. На думку абароны, крымінальны пераслед Бабарыкі звязаны з тым, што ён заявіў аб сваім удзеле ў выбарах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: