Вілейчука асудзілі на тры месяцы арышту за надпіс «Жыве Беларусь» у пад'ездзе

У судзе Вілейскага раёна 29 снежня абвешчаны прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Сысуну, якога абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 341 КК РБ (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Дом на вуліцы Гарадзішчанская ў Вілейцы, дзе былі зробленыя надпісы.

Дом на вуліцы Гарадзішчанская ў Вілейцы, дзе былі зробленыя надпісы.


Справу разглядала суддзя Таццяна Борыс, бок абвінавачвання прадстаўляла пракурор Вераніка Занковіч.

З матэрыялаў справы вядома, піша Вясна, што Андрэй Сысун, дзейнічаючы па папярэдняй змове ў складзе групы, позна вечарам 14 верасня ажыццявіў псаванне маёмасці, якая знаходзіцца на балансе Вілейскага ЖКХ — жылога дома па вуліцы Гарадзішчанская-9, дзвярэй пад’езда, тратуарнай пліткі на пешаходнай дарожцы, а таксама лесвіцы ў пад’ездзе і электрычных шчыткоў. Андрэй Сысун напісаў “Жыве Беларусь!”, “Лука, сыходзь!” і “3%”. Матэрыяльная шкода была ацэненая на суму 167 рублёў, а самі надпісы неўзабаве былі зафарбаваныя.

Андрэй Сысун віну пад час суда прызнаў цалкам.

На першым пасяджэнні 28 снежня Сысун, які працуе аператарам на прадпрыемстве “Кронаспан”, адмовіўся ад паслуг прапанаванага яму дзяржаўнага адваката.

Пад час допыту сведкаў высветлілася, што кампанія з трох чалавек збіралася разам бавіць час у кавярні, але перад гэтым Сысун дастаў з заплечніка балончыкі з чорнай і шэрай фарбай і прапанаваў нанесці надпісы на дзвярах пад’езда і сцяне жылога дома. Кампанія пагадзілася.

Такія надпісы таксама рабілі і іншыя. Так, Сведка Загорац патлумачыла суду, што некаторыя надпісы рабіў іншы чалавек, іх агульны знаёмы Уладзімір. Яна прызналася таксама, што дзеля цікавасці сама зрабіла адзін з надпісаў “Гэта наш горад”.

Сведка Крысціна Атрошчык, да якой зайшла ў той вечар кампанія, сведчыла ў судзе, што бачыла з вакна ў руках Андрэя балончык з фарбай, а пазней – надпісы ў пад’ездзе. Яна таксама заявіла, што ўся кампанія была нападпітку. Тады яна выклікала міліцыю. Пры гэтым, адзін з кампаніі – Уладзімір Атрошчык – яе былы муж.

Дарэчы, эпізод з нанясеннем надпісаў Уладзімірам, які праходзіў на працэсе як сведка, вылучаны ў асобную вытворчасць.

Сведка Сульжыцкая, якая ў той вечар знаходзілася ў гасцях у Крысціны Атрошчык чула, як каля пад’езда кампанія крычала “Саша, ухадзі!” і “Жыве Беларусь!”.

Пракурор Вераніка Занковіч запрасіла для абвінавачанага Сысуна 3 месяцы арышту.

Андрэй Сысун адмовіўся ад выступу ў спрэчках і ад апошняга слова.

Суддзя Таццяна Борыс абвесціла прысуд: тры месяцы арышту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: