Вінаватыя толькі ў тым, што там нарадзіліся

Наталля — прыгожая маладая жанчына. Яна, як і тысячы жанчын у нашай краіне, мае мужа і дзетак. Здавалася б, жыві ды радуйся. Але, на бяду, Наталля нарадзілася ў вёсцы пад Брагінам, якую ад Чарнобыльскай АЭС аддзялялі толькі 15 кіламетраў…

Наталля. Фота Арцёма Лявы

Я плакала, бо бабуля там засталася…

Ёй было ўсяго пяць гадоў, калі здарылася аварыя на ЧАЭС. Пасля яна даведалася, што іх сям’я, як і астатнія аднавяскоўцы, пасля аварыі спакойна жыла ў вёсцы амаль тыдзень — нікому не сказалі, што іх тэрыторыя моцна забруджаная радыяцыяй. Высяляць сям’ю прыехалі толькі 2 мая: «Я памятаю, як нас з маці і братам пасадзілі ў аўтобус, толькі бабуля мая не паехала. А я плакала, бо бабуля засталася ТАМ».

Спачатку сям’ю вывезлі ў Мозыр, пасля — у Наваполацк. Але неўзабаве маці Наталлі прыехала ў Буда-Кашалёўскі раён, бо сюды перавезлі дзядулю. Тут сям’і далі дом, Наталля стала хадзіць у школу, а пасля заканчэння паступіла ў Педагагічны ўніверсітэт у Мінск на завочнае аддзяленне.

З працай у раёне было складана. Таму ўладкавацца ёй дапамаглі. І дзяўчына паехала туды, адкуль у свой час яе эвакуявалі, — на Брагіншчыну.

Прапрацавала яна ў вясковай школе толькі адзін год. На адным з чарговых абследаванняў у дзяўчыны знайшлі пухліну. Дактары тады ёй сказалі: «У свой час вы выехалі з гэтага пекла, а зараз вы вярнуліся туды наноў... З’язджайце адтуль».

У Гомелі ў той час пабудавалі радыелагічны цэнтр, дзе Наталля і стала на ўлік. У хуткім часе ёй прыйшоў ліст на пункцыю. Пухліна была дабраякасная, таму аперацыю рабіць не давялося. А ў 2004 годзе ў Наталлі нарадзілася дачка. І жанчына зажыла самым звычайным жыццём — расціла дзіцё і працавала сацыяльным работнікам.

Жыццё з ракам

У 2012 годзе Наталля зацяжарала зноў. Падчас цяжарнасці ў яе знайшлі ўжо дзве пухліны.

«Раней у часы цяжарнасцяў я ездзіла на пункцыі, але пухліны былі незлаякасныя, — узгадвае Наталля. — У 2015 годзе я зацяжарала ў трэці раз. Як заўжды, паехала на абследаванне. Там мне сказалі, што ў мяне — рак».

Шматгадовыя пункцыі і жыццё ў чаканні «а раптам?» дапамаглі Наталлі выпрацаваць своеасаблівую рэакцыю: «Калі высветлілася, што гэта рак шчытападобнай залозы, я ведала: мяне чакае аперацыя. Ведала, што трэба будзе лекавацца. Я была засмучаная, але мяне стрымлівала тое, што я была цяжарная. Страшна мне не было. Бадай, страх заключаўся толькі ў тым, што я магла страціць голас, бо спявала на сцэне».

Наталлі зрабілі кесарава. І праз некалькі месяцаў яна паехала на аперацыю. Напамін пра той дзень застаўся ў выглядзе шнару — танюсенькай нітачкі на шыі. Пасля аперацыі Наталля прайшла курс радыетэрапіі. Але рак застаўся.

Трэба працягваць жыць

Наталля, як і многія, хто перажыў аперацыю на шчытападобнай залозе, жыве на ціраксіне. Маючы інваліднасць, працаваць і завіхацца шмат яна не можа — стомленасць і аслабленасць арганізму дае пра сябе ведаць. Валасы ў жанчыны выпадаюць ужо ў другі раз, таму яна прыкрывае галаву хусткай нават тады, калі знаходзіцца дома. «Муж здзірае з мяне гэтую хустку, а я не магу яе зняць».

У родную вёску ў Брагінскім раёне Наталля змагла прыехаць толькі праз трыццаць гадоў пасля таго, як у спешцы яе адтуль эвакуявалі: «Там усё настолькі зарасло, што праходзілі мы там, як па джунглях. Але муж, хоць ён і з Буда-Кашалёва, знайшоў маю хату. Я пабачыла яе — і заплакала».

Хутка Наталлі зноўку трэба ехаць на радыетэрапію. І невядома, колькі яшчэ курсаў радыетэрапіі яе чакаюць. «Але трэба працягваць жыць», — усміхнулася Наталля. Тым больш, дома яе чакае любімая сям’і і любімае хобі: пасля аперацыі спяваць Наталля стала яшчэ лепш. Пра гэта ёй кажуць слухачы.


Мяне зацюкалі: «Ты — інвалід»

Яшчэ адна гісторыя хваробы і жыцця — гэта гісторыя Леаніда. Яна хутчэй не тыповая для ракавых хворых.

Гэты малады мужчыны не падобны на таго, хто перанёс рак. Пра сваю хваробу ён казаць не хоча, але не таму, што балюча, а таму, што не лічыць сябе хворым. Менавіта змена думак забрала ў яго боль, які рабіў з яго інваліда на працягу гадоў.

У Леаніда выявілі рак шчытападобнай залозы, калі яму было дванаццаць гадоў. Месяцы да і пасля аперацыі — адна суцэльная лякарня: «Я доўга ляжаў у Мінску перад і пасля аперацыі. Пасля два месяцы праходзіў прамянёвую тэрапію. Пасля былі тры месяцы ў санаторыі. Я памятаю толькі лякарню і лекаванне. Гэта — назаўжды ў памяці».

Пасля Леанід, як і тыя, хто перажыў выдаленне шчытападобнай залозы, стаў прымаць ціраксін і атрымаў інвалід­насць.

Леанад. Фота Арцёма Лявы

«Мяне з юнацтва зацюкалі: «Ты — інвалід», — прызнаецца малады мужчына. — І я ім быў. Ад прэпарату, які я прымаў, у мяне былі пабочныя эфекты: я не мог нават проста прайсціся па вуліцы — хутка стамляўся. У мяне сталі балець сэрца і страўнік. Дайшло да таго, што мне, маладому яшчэ чалавеку, бегаць нельга, у футбол гуляць — нельга, есці нармальна — таксама нельга. А ў мяне была мара — лёгкая атлетыка».

Займацца лёгкай атлетыкай інваліду, які стамляецца ад любой нагрузкі, не так проста. Але Леанід прыняў рашэнне: перастаў прымаць ціраксін — прэпарат, які замяняў яму шчытападобную залозу. Замест гэтага папросту пачаў займацца спортам. Неўзабаве ён ужо быў, як сам пажартаваў, «прыгожым, накачаным хлопцам».

З цягам часу Леанід стаў лёгка прабягаць дыстанцыю ў дванаццаць кіламетраў: «За столькі кіламетраў знаходзіцца вёска, дзе жыве мая маці. Я проста браў заплечнік — і бег да яе».

У Буда-Кашалёўскім раёне Леанід стаў спартсменам — пераможцам спаборніцтваў, пры тым па розных відах спорту.

Калі будзеш думаць, што інвалід, дык і будзеш інвалідам

Адмовіцца ад ціраксіну — гэта, бадай, апошняя кропля доўгага працэсу па змене светапогляду, які пачынаецца з кантролю ўласных думак: «Я лічу, што ўсё ідзе ад нашых думак. Калі будзеш думаць, што ты інвалід, — дык і будзеш інвалідам».

Каб змяніць свае думкі, Леаніду спатрэбіўся не адзін год. Канешне, пераадолець наступствы адмаўлення ад лекаў было няпроста: «Калі я перастаў прымаць гармоны, то так, я стаў раздражняльным. Я мог зрывацца на іншых».

Але Леанід паставіў сабе мэту: навучыцца сябе кантраляваць. І ў яго гэта стала атрымлівацца. «Я навучыўся кіраваць сваімі пачуццямі і эмоцыямі. Канечне, я магу сарвацца і зараз, раз на год бывае. Толькі цяпер, калі мне нешта не падабаецца, я гэтае нешта магу пасунуць на другі план. І тады сэнс многіх рэчаў ты пачынаеш бачыць па-іншаму».

Сёння сэрца, ад болю якога хлопец пачкамі глытаў пігулкі, яго не турбуе. Дыету ён таксама закінуў. Кажа, што есць тое, што хоча, і тое, што патрабуе арганізм. Напрыклад, кожны дзень — грачаную кашу. І вельмі любіць грэцкія арэхі, якія вырошчвае на сваім агародзе. «У мінулым годзе я назбіраў два мяхі грэцкіх арэхаў!» — пахваліўся мужчына.

Леанід. Фота Арцёма Лявы

«Прымаць прэпараты яны мяне не прымусяць»

Ад інваліднасці Леанід адмовіўся, бо адчувае сябе здаровым. На медычныя абследаванні Леанід не ходзіць. Яго аналізы не задавальняюць дактароў, але пераздаваць іх мужчына не хоча: «А што яны могуць мне сказаць? Толькі «ў вас усё добра» ці «ў вас усё кепска». Ні ад аднаго, ні ад другога варыянту нічога не зменіцца».

Леанід не адчувае сябе хворым. Ён — шчаслівы муж і бацька двух дзяцей. Ён любіць сваю працу, а ў вольны час займаецца гаспадаркай і вырошчвае гародніну і садавіну.

Былая педыятарка Валянціна Смольнікава, каардынатарка Фонду «Дапаможам дзецям Чарнобыля», якая прайшла шлях Леаніда разам з ім, дагэтуль ім захапляецца: «Лёня проста не захацеў прызнаваць сваю інваліднасць. Я не ведаю, як гэта адбылося. Магчыма, у яго былі нейкія рэзервы. І, канешне, гэты цуд адбыўся дзякуючы яго асобе. Лёня — той чалавек, які не любіць хадзіць у шэрагу».

«Усе кажуць, што Чарнобыль — гэта кепска, — разважае Леанід. — Так, гэта кепска. Але я сябе пакутнікам не адчуваю. У мяне жыццё атрымалася. Чалавек створаны дзеля таго, каб ставіць мэты і дасягаць іх. А нечага недасягальнага папросту не існуе».

Колькі гадоў яму адмерана, Леанід, канечне ж, не ведае. Але той час, што застаўся, ён не хоча правесці, гледзячы ў вакно чарговай лякарні.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: