Вінцук Вячорка: неабходна адмовіцца ад апраўдання таталітарызму

Неабходна адмовіцца ад апраўдання таталітарызму, заявіў 11 траўня ў Мінску на круглым стале «Адукацыйна-выхаваўчы патэнцыял Курапатаў» вядомы беларускі грамадскі дзяяч і мовазнаўца  Вінцук Вячорка.


На ягонае меркаванне, выкладанне гісторыі патрабуе мовы вобразаў і прыкладаў, лакалізацыі і персаніфікацыі мінулага, для чаго мінулае Курапатаў вельмі прыдатнае, бо дазваляе вучням усвядоміць супольна перажытую трагедыю беларускай нацыі.

Разам з тым, паводле яго, у адным з асноўных падручнікаў па гісторыі Беларусі для X класа Яўгена Новіка гаворка пра масавыя палітычныя рэпрэсіі вядзецца такім чынам, што ў вучня застаецца ўражанне пра іх неабходнасць, якая абумоўлена рознымі ўнутранымі і вонкавымі прычынамі. Прычым у гэтым падручніку гаворыццца пра рэпрэсіўны характар нацысцкай Германіі і пра антыбеларускія высілкі ўраду Польшчы ў Заходняй Беларусі, аднак адносна гэтых рэжымаў не прапаноўваюцца нейкія апраўдальныя захады.

Больш за тое, гаворачы пра  сталінскія рэпрэсіі у Беларусі, спадар Новік не ўжывае эмацыйных эпітетаў, якімі напоўнены  аповяд пра сітуацыю ў Заходняй Беларусі. На думку ўкраінскіх гісторыкаў, такая пазіцыя ёсць ідэалагічным апраўданнем таталітарызму і тэрору, ад чаго неабходна адмовіцца, падкрэсліў Вінцук  Вячорка.

Апроч таго, ён лічыць неабходным перагледзець перыядызацыю айчыннага мінулага, як гэта зрабілі ўкраінскія калегі з сваёй гісторыяй XX стагоддзя, а таксама ўвесці раздзел пра масавыя расстрэлы ў Курапатах у курс “Мінсказнаўства”.

Выкладчыца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні (Літва) Ірына Раманава распавяла пра сумесную з сайтам represii.net падрыхтоўку перасоўнай выставы “1937 год. Як тэрор стаў вялікім”. У якасці матэрыялаў для гэтай выставы мяркуецца, сярод іншага, выкарыстаць архіўныя тэксты даносаў, паказаць паводзіны жонак рэпрэсаваных. Увогуле, як сведчыць мінулае, ва ўмовах таталітарызму нельга не апынуцца саўдзельнікам рэпрэсій, бо іх махавік, набіраючы абароты, уцягваў у злачынствы кожнага,  падкрэсліла даследчыца.  

Настаўнік геаграфіі з Мінску Аляксей Галіч падзяліўся сваім вопытам правядзення азнаямляльных экскурсій для школьнікаў у Курапатах. Ён лічыць неабходным прысутнасць на тэрыторыі нацыянальнага некропалю таго мінімуму інфармацыі, якая б магла патлумачыць трагічныя падзеі, што адбыліся ў Курапатах у 1930-1940-я гады.

Культуролаг Вацлаў Арэшка звярнуў увагу на кансалідаваную пазіцыю еўрапейскай супольнасці адносна правядзення люстрацыі пад час пераходу ад таталітарызму да дэмакратыі, без чаго немажлівае развітанне з мінулым.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч прапанавала грамадскімі высілкамі падрыхтаваць васьміхвілінны відэа-план-канспект уроку па трагедыі ў Курапатах, каб настаўнікі змаглі яго скарыстаць для выкладання тэмы масавых палітычных рэпрэсій эпохі сталінізму ў школьным курсе гісторыі Беларусі для X класа.

Апроч таго, на сустрэчы прагучалі прапановы аб неабходнасці падрыхтоўкі шэрагу публікацый па гісторыі Курапатаў ў “Настаўніцкай газеце”, каб навучыць выкладчыкаў працаваць з гэтай складанай тэмай , а таксама пра напісанне тэматычнай чытанкі для вучняў.  

Круглы стол быў ініцыяваны грамадскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” пры падтрымцы шэрагу структураў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку Таварыства беларускай школы, “Цэнтру “Супольнасьць”, ГА “Дыярыуш” і “Хрысціянскай злучнасьці “Курапаты”, грамадскага электроннага архіву “Вытокі”, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, БАЖ, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Асамблеі няўрадавых дэмакрытычных арганізацый Беларусі, прафсаюзу РЭП і праваабарончага цэнтру “Вясна”.   

Выказваем вялікую падзяку Міністэрству адукацыі, якое накіравала на круглы стол свайго прадстаўніка — супрацоўніка Нацыянальнага інстытуту адыкацыі і, тым самым, засведчыла разуменне неабходнасці грамадскага дыялогу па тэме Курапатаў для таго, каб айчынная гуманістыка набыла характар сапраўды нацыятворчай.

На канец траўня эксперты рыхтуюць чарговы круглы стол, на гэты раз па экалагічных праблемах Курапатаў.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!