Вiншаваннi Старшынi Рады БНР Iвонкi Сурвiллы да 96-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі звярнулася да суачыннікаў з віншаваннямі з нагоды 96-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ

Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з угодкамі
адной з найбольш гераічных падзей у нашай гісторыі – Слуцкім Збройным
Чынам!

Так доўга як памятаю, Беларусы ў вольным сьвеце адзначалі ўгодкі
Слуцкага Збройнага Чыну, як сваё вялікае Сьвята Памяці, памяці тых
дзесяці тысяч Случчакоў, якія дабраахвотна пайшлі бараніць сваю праўду
і сваю зямлю перад бальшавіцкай навалай. Гэта было першае войска
Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нягледзячы на адсутнасьць адэкватнай зброі, Случчакі на працягу цэлага
месяца – ад 27-га лістапада да 29-га сьнежня 1920 году – баранілі свой
край.

На жаль, ня ўсе змаганьні канчаюцца перамогай. У гэтым выпадку, здрада
так званых «саюзьнікаў» была асабліва балючай. Але паўтару тут словы
прафэсара Анатоля Грыцкевіча: «Гэта быў патрыятычны чын беларускага
сялянства і інтэлігенцыі ў барацьбе за незалежнасьць, з легальнай,
дэмакратычнай уладай».

Прашу ўсіх вас, дарагія суродзічы, аддаць даніну павагі нашым слуцкім героям!

Яны заслужылі на нашую памяць і на нашую ўдзячнасьць.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Лістапад 2016

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: