Вішні, гуркі, сыр. Расклад экалагічных фестываляў на ўсё лета!

Зялёны партал зрабіў агляд летніх экалагічных фестываляў, што праводзяцца ў буйных гарадах, раённых цэнтрах і зусім маленькіх вёсках – на любы густ! Шукайце зручныя даты, каб наведаць свята малака, кветак, мёду, чарніц ці клубніц!


Па падліках этнографа Таццяны Кухаронак, у Беларусі штогод праходзіць каля 150 фестываляў, чвэрць з іх мае экалагічны накірунак. Выступаючы на адным з семінараў па імплементацыі Нагойскага пратакола ў Беларусі, даследчыца казала пра вялікую ролю экалагічных фестываляў у захаванні біялагічнай разнастайнасці і ў тым ліку традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі.

У традыцыйнай гаспадарцы беларусаў істотную ролю адыгрывалі збор лясных ягад, пладоў, грыбоў, кармавых, лекавых, дэкаратыўных траў, карняплодаў, падсечка дрэў і нарыхтоўка раслінных сокаў, збіранне мёду. Кожны з гэтых заняткаў патрабаваў ведання мясцовай экалогіі, харчовых і лекавых якасцей раслін, аптымальных тэрмінаў іх збору, спосабаў апрацоўкі, кансервацыі і ўжывання.

Арганізатары экалагічных фестываляў часта імкнуцца выявіць, аднавіць і актуальзаваць гэтыя традыцыйныя веды. Гэта асабліва актуальна для лакальных фестываляў, арыентаваных на мясцовую супольнасць.

У Мінску пройдуць ужо добра вядомыя тым, хто “ў экалагічнай тэме” VIVA РОВАР (18 мая) і VULITSA EZHA (8 – 9 чэрвеня). Арганізатары экафестывалю “Пастарнак” сёлета робяць ORASI VEGAN GASTRO FESTIVAL з італьянскім каларытам (2 чэрвеня).

25-26 мая гарадскі пікнік VULITSA EZHA пройдзе ў Гродна. Больш-менш вядомыя шырокай публіцы Вішнёвы фестываль у Глыбокім і Свята агурка ў Шклове (дакладных дат пакуль няма, звычайна праходзяць суадносна ў ліпені і жніўні), “Спораўскія сенакосы” ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна і "Гамоняць пушчы беларускія..." ў Свіслачы (жнівень). Аднак, гэта далёка не ўсе цікавя экафэсты, якія варта наведаць.

Нешматлікія фестывалі развіваюць гістарычныя брэнды: Смаргонскія абаранкі (25 мая), Ганненскі кірмаш у Зэльве (24-25 жніўня), любчанскі сыр (8 чэрвеня). Адначасова ідзе працэс стварэння новых брэндаў. Напрыклад, у аграгарадку Шылавічы Ваўкавыскага раёна 23 чэрвеня пройдзе свята “Блінныя традыцыі”, па выніках якога плануецца выдаць зборнік мясцовых блінных рэцэптаў.

Пра адметнасць сваіх бліноў заяўляе таксама аграгарадок Ханевічы Свіслацкага раёна, які 13 ліпеня запрашае на свята “Ханявіцкія бліночкі”. Для стварэння брэндаў выкарыстоўваюць нават рэаліі савецкага часу: у 1980-я гады цяплічная гаспадарка аграгарадка Кракоўка была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі. Сёлета Кракоўка запрашае на свята “Кветкавая феерыя” (29 чэрвеня).

Аднак, у большасці выпадкаў шматлікія святы кветак проста запрашаюць палюбавацца на падворкі мясцовых жыхароў, паўдзельнічаць у майстар-класах па фларыстыцы і наведаць тэматычныя выставы. Гэта можна будзе зрабіць у Палецкішках Воранаўскага раёна (26 мая), Гнезне Ваўкавыскага раёна (28 ліпеня), Жалудку Шчычынскага раёна (11 жніўня), Аюцэвічах Карэліцкага раёна (17 жніўня), Мілевічах Мастоўскага раёна (25 жніўня).

Некаторыя фестывалі ладзяць мясцовыя прадпрыемствы для дэманстрацыі сваёй прадукцыі. СВК “Жухавічы” ў аднайменным аграгарадку – адзіны ў Карэліцкім раёне, які спецыялізуецца на вырошчванні яблычнай культуры. 18 жніўня ён запрашае на Яблычны фэст.

24 жніўня адбудзецца свята “Бульба-МЭБ”, арганізаванае аднайменным прадпрыемствам у аграгарадку Малая Бераставіца Бераставіцкага раёна. 26 жніўня пройдзе свята малака ў аграгарадку Сурынка Слонімскага раёна, дзе будзе магчымасць прадэгуставаць малочную прадукцыю ААТ “Слонімскі прадукцыйны цэх Шчучынскага масласырзавода”.

Святы малака пройдуць таксама ў Крывічах Зэльвенскага раёна (26 мая), Луцкаўлянах Гродзенскага (23 чэрвеня), Дубна Мастоўскага (24 жніўня), Сурынка Шклоўскага (26 жніўня), а свята сыру – у Жыпранах Ашмянскага раёна (25 жніўня). Адбудуцца таксама фестывалі і святы, прысвечанныя клубніцам (Бародзічы Зэльвенскага раёна, 15 чэрвеня), чарніцам (Больцішкі Воранаўскага раёна, 14 ліпеня), яйкам (Цяглевічы Зэльвенскага раёна, 20 ліпеня), вяндліне (Капцёўка Гродзенскага раёна, 3 жніўня), памідорам (Іўе, 17 жніўня), соку (Квасоўка Гродзенскага раёна, 25 жніўня), і традыцыйнай кухні ўвогуле (Лунна Мастоўскага раёна, 20 ліпеня; Лелюкі Іўеўскага раёна, 3 жніўня; Моталь Іванаўскага раёна 10-11 жніўня; Наваградак 24 жніўня). Звычайна ў праграме – дэгустацыя прадукцыі мясцовых вытворцаў і хатніх страў, майстар-класы па іх вырабе.

Зёлкам, прыдатным для запарвання гарбаты і лекавання, будуць прысвечаны фэсты ў Мажэйкаве Лідскага раёна (21 ліпеня) і ў Рупейках Ваўкавыскага раёна (28 ліпеня). Удзельнікаў чакаюць майстар-класы па зборы раслін, лекцыі і дэгустацыі. У чэвені пройдуць шматлікія спаборніцтвы касцоў. Святы льну і льнаводства пройдуць у Ціневічах Карэліцкага раёна (27 ліпеня) і ў горадзе Карма Гомельскай вобласці (3 жніўня). Астравец 24 жніўня запрашае на Дзень дуба. Дуб намалявана на гербе горада. Тры дубы ў Астраўцы прызнаны помнікамі прыроды, а ўзрост двух дрэў, якія растуць недалёка ад вёсак Тракенікі і Страча Астравецкага раёна, перавышае 500 гадоў.

Шматлікія фэсты з экалагічным складнікам прывязаны да дат традыцыйнага календара. 29 чэрвеня католікі, а 12 ліпеня праваслаўныя адзначаюць Дзень святых Пятра і Паўла. Па біблейным паданні, Пётр быў рыбаком. Прафесійнае свята рыбакоў было замацавана за другой нядзеляй ліпеня Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР у 1965 г. Яно афіцыйна адзначаецца ў Расіі і ва Украіне, неафіцыйна – у іншых краінах былога СССР.

Большасць “святаў рыбака” ў Беларусі прыпадае прыкладна на гэты перыяд, але не ўсе: 9 чэрвеня – у Вярэйках Ваўкавыскага раёна, 22 чэрвеня – у Шчорсах Наваградскага раёна, 7 ліпеня –у Кемелішках Астравецкага раёна, 13 ліпеня – у Азёрах Гродзенскага і Асінаўшчызна Смаргонскага раёна, 14 ліпеня – у Пескаўцах Лідскага раёна, 18 жніўня – у Драпаве Слонімскага раёна. Звычайна праходзяць спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і дэгустацыі рыбных страў.

Да шматлікіх свят традыцыйнага календара дапасоўваліся абрады ушанавання крыніц, але ў іх звычайна на першы план выходзяць рэлігійны і культурніцкі складнік, а не экалагічны. Выключэнне – хіба святкаванне Дня святых Пятра і Паўла ў аграгарадку Гожа Гродзенскага раёна. Паблізу Гожы – цэлая сістэма крыніц. У жыхароў існуе даўняя традыцыя – чысціць студні і крыніцы напярэдадні 29 чэрвеня. Калі работы завершаны, жыхары збіраюцца на свята.

14, 19 і 29 жніўня праваслаўныя святкуюць Спас. На ўсе тры святы было прынята асвячаць у царкве прадукты новага ўраджаю. Прыкладна на гэтыя даты (часцей на бліжэйшыя выходныя) ў сучаснай Беларусі прыпадаюць шматлікія святы яблыкаў, мёду, хлеба, арэхаў.

Больш звестак пра экалагічныя фестывалі глядзіце на greenbelarus.info



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: