Віталь Амяльковіч абскардзіў адмову назваць вуліцу ў гонар Слуцкіх паўстацаў

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч абскардзіў адмову слуцкіх уладаў перайменаваць вуліцу Камсамольскую ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

У пачатку лістапада актывісты, у тым ліку старшыня Мінскай абласной арганізацыі Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч, перадалі ў райвыканкам 550 подпісы пад калектыўным зваротам аб перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Аднак, слуцкія ўлады праігнаравалі подпісы: абвесцілі пра праведзены сход грамадзянаў і адмовілі ў падрымцы ініцыятывы.

«Слуцкі раённы выканаўчы камітэт нават не праінфармаваў і не папярэдзіў ініцыятараў звароту пра час і месца быццам бы маючага адбыцца схода грамадзян па пытанню перайменавання вуліцы», — сказана ў скарзе Віталя Амяльковіча ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт.

Па ягоных словах, пра сход 24 лістапада «папярэдне не паведамлялася ні на сайце Слуцкага раённага выканаўчага камітэта ў рубрыцы „Грамадскія абмеркаванні“, ні на сайце і ў папяровай версіі газеты „Слуцкі край“ (заснавальнікам якой з’яўляецца ў тым ліку і Слуцкі раённы выканаўчы камітэт)». «Няма гэтай інфармацыі там і на момант напісання скаргі», — дадаў старшыня Мінскай абласной філіі Руху.

Такім чынам, Амяльковіч сумянецца, «што сход меў месца, а калі і быў, то быў праведзены неналежным чынам»: «цішком у нейкі невядомы час і ў нейкім невядомым месцы правядзення, без нават фармальнага запрашэння ініцыятараў перайменавання вуліцы».

«Больш за тое, увогуле незразумела, якім чынам інфармаваліся пра сход тыя грамадзяне, якія пражываюць па вуліцы Камсамольскай, колькі з іх прыстунічала на сходзе і ці могуць яны аб’ектыўна адлюстроўваць меркаванне большасці жыхароў гэтай вуліцы», — дадаў актывіст Руху «За Свабоду».

Віталь Амяльковіч патрабуе «адмяніць вынікі цішком арганізаванага фіктыўнага схода» і «належным чынам арганізаваць правядзенне новага схода грамадзян, якія пражываюць па вуліцы Камсамольскай, з абавязковым інфармаваннем пра сход праз СМІ і з запрашэннем на яго ўсіх зацікаўленых асобаў».

«Я цалкам незадаволены адказам Слуцкага райвыканкаму і нават абураны ім, бо, відавочна, сход, калі ён раптам і меў месца, адбываўся цішком без запрашэння зацікаўленых асобаў. Невядома ўвогуле, хто на ім прысутнічаў, дзе і калі ён адбываўся. Таму змаганне за вуліцы працягваецца, будзем патрабаваць правядзення новага схода», — пракаментаваў скаргу сайту Pyx.by Віталь Амяльковіч.

Кіраўнік мінскай абласной арганізацыі Руху «За Свабоду» дадаў, што, «не гледзячы на станоўчую ці адмоўную рэакцыю Мінаблавыканкаму на скаргу», яны маюць і «далейшыя планы па канкрэтнай дзейнасці, як працягваць адстойваць меркаванне 550 падпісаўшых прапанову грамадзян».

Вольга Быкоўская, pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: