Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца будуць судзіць за прадпрымальніцкую акцыю 28 лютага

Сустаршыні БХД Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі атрымалі смс з суда Цэнтральнага раёну Менску — з "прадпісаннем" з'явіцца ў суд 24 сакавіка. Падстава - адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя 28 лютага "за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы паводле часткі 3 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях".



“Гэта, напэўна, такі еўрастандарт правасуддзя па-лукашэнкаўскупракаментаваў здарэнне прэсавай службе БХД Павел Севярынец. — Пратакол складзены завочна, у суд выклікаюць смс-кай, бачна жаданне суддзяў нават не глядзець у вочы людзям, якіх яны абвінавачваюць і караюць. Відаць, падчас "дыялогу з Еўропай" прыняты такі узор — каб без шуму і пылу. Да чаго гэта прыводзіць - паказаў апошні суд над Уладзімірам Мацкевічам, якога нават на мітынгу не было. У выраку не сумняюся — 50 базавых будзе”.



“Права на мірны пратэст — неад’емнае права любога грамадзяніна Беларусі і свету, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Тое, што робяць улады Беларусі, — гэта грубае парушэнне законаў Беларусі, бо прадпрымаюцца разнастайныя спробы падаўлення грамадзянскай актыўнасці і мірнага пратэсту. Сёння гэта робіцца праз суды і штрафы, пасля атрымання крэдытаў ад Еўропы можа вярнуцца практыка арыштаў і пасадак. Усё гэта сведчыць пра злачынны характар уладаў Беларусі. І па духу, і па сутнасці гэты рэжым несумяшчальны з дэмакратычнымі каштоўнасцямі”, — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.



Выклік у суд менавіта на 24 сакавіка Віталь Рымашэўскі звязаў з арганізацыяй акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка, расцаніўшы дзеянні ўладаў як ціск на арганізатараў акцыі, да ліку якіх належыць і ён. “У сённяшніх умовах рэжым хоча прыдушыць усіх па-асобку: асобна прадпрымальнікаў, асобна працоўных, асобна пенсіянераў, асобна палітычных актывістаў. Падзяляй і пануй — гэта той прынцып, які падзяляе любы аўтарытарны рэжым. Таму 25 сакавіка мусіць стаць днём яднання беларускай нацыі. На Дні Волі мусяць быць і прадпрымальнікі, і працоўныя, і пенсіянеры – мы адзін народ. І сёння мы мусім яднацца дзеля абароны адзін аднаго, нашага права на годнае жыццё, яднацца дзеля будучыні нашых сем’яў і будучыні Беларусі”, — заявіў палітык.

Нагадаем, 28 лютага Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец узялі удзел у акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Павел Севярынец выступіў на акцыі з заклікам адстаўкі Лукашэнкі. З ініцыятывы БХД быў створаны Камітэт выратавання прадпрымальніцтва, наступная сустрэча якога запланаваная на 21 сакавіка (14.00, Чарнышэўскага, 3а, уваход вольны).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: