Вячаслаў Барок: Мы не можам прыпадобніцца да жывёлы і перайсці на іх узровень

З Госцем Рацыі, ксяндзом і блогерам Вячаславам Барком пра падзеі ў Беларусі, адказнасць за ўчынкі і прабачэнне размаўляе карэспандэнт «Радыё Рацыя» Стась Дадэрка.

РР: Як пачалася ваша блогерская гісторыя? Я памятаю, што вы яшчэ пасля Плошчы 2010 года апублікавалі такі досыць рэзанансны пост у падтрымку ўсіх, хто яшчэ тады зведаў гвалт. Гэта былі вельмі натхняльныя словы. І я так разумею, што вы пачыналі менавіта з тэкставага блогерства?

Вячаслаў Барок: Я пачаў з “Фэйсбука”і сапраўды даўно, там у “Фэйсбуку” я дзяліўся сваімі думкамі. Пасля паступова пачаў размяшчаць там слова Божае, казанні, разважанні на святы і нядзелі. І паволі пры дапамозе сяброў, якія мяне мабілізавалі і сказалі, што трэба пераходзіць на новы ўзровень, трэба рабіць ютуб-канал і больш эфектна распаўсюджваць той кантэнт, які ты робіш, паўтары гады таму, маючы не толькі “Фэйсбук”, але і “Інстаграм”, я таксама перайшоў на ютуб-канал. І тады з’явіліся першыя відэа на гэтым канале.

РР: З таго, што я паспеў пабачыць, мяне зацікавіла пра лозунг. Напрыклад, беларускіх анархістаў, хоць яны таксама выступаюць супраць рэжыму, крыху бянтэжыць лозунг “Жыве Беларусь!” Таму што гэта звязана з дзяржаўнасцю, якую яны адмаўляюць, з межамі. А вось хрысціянскага святара, каталіка не павінен бянтэжыць лозунг “Не забудзем, не прабачым!”? Прынамсі яго другая частка, “не забудзем” – гэта зразумела.

Вячаслаў Барок: На гэтую тэму я прысвячаў некалькі відэа на сваім ютуб-канале. І гэтыя словы – важныя, сапраўды, калі неўласціва іх прымаць, то яны могуць быць вельмі небяспечнымі. Чаму? Таму што трэба разумець, што там, дзе няма прабачэння, няма таксама будучыні. Калі чалавек не здольны прабачыць, то будучыні ў яго таксама няма аніякай. І я не кажу, што добра гэта ці кепска, гэта проста канстатацыя факту. Калі няма прабачэння, няма будучыні – жыцця спакойнага, шчаслівага, радаснага. Цяпер мы ў Беларусі перажываем велізарны грамадска-палітычны крызіс, і сапраўды ёсць вельмі шмат несправядлівасці, крыўды, болю. Гэта ўсё абсалютна так, але гэта не значыць, што ў нашых сэрцах, у сэрцах таго, каго пакрыўдзілі несправядліва, павінна ўзбудзіцца нянавісць і жаданне помсты. Гэтага не можа быць. Але калі Касцёл кажа пра прабачэнне і Бог кажа пра прабачэнне, нельга таксама думаць пра тое, што, прабачаючы, не трэба дамагацца справядлівасці ў свеце. І вось калі мы дасягаем спачатку справядлівасці, калі для ўсіх злачынцаў дзяржаўнага ўзроўню, як у нас у Беларусі, мы даможамся справядлівага суда, калі будзе трыбунал, але справядлівы, магчыма для кагосьці міжнароднага ўзроўню, але зло будзе асуджана згодна з заканадаўствам Беларусі, міжнародным. І калі будзе зло пакарана і будзе дадзеная магчымасць кожнаму злачынцу адказаць перад правасуддзем зямным, мы ўбачым, наколькі лягчэй будзе таксама прабачыць. Прабачыць – гэта не значыць запомніць боль, немагчыма запомніць зло, крыўды і вось усё тое, што сёння адбываецца. Я ўпэўнены, што ў будучым у Беларусі ўтворыцца, можа, нават некалькі, музеяў, якія будуць вельмі далікатна гэтую памяць культываваць пра ўсё тое, што адбываецца сёння. І гэта вельмі важна. Забыцца немагчыма. Калі забудземся на гэта, гэты жах паўторыцца. Гэта трэба памятаць. Але памятаць – гэта не значыць, што трэба памятаць да некалькіх пакаленняў, каб камусьці помсціць, каб кагосьці караць. Не. Справядлівы суд – так. І гэты справядлівы суд і асуджэнне злачынцаў гарманічна ўпісваецца ў канцэпцыю хрысціянскага прабачэння. Прабачэнне павінна быць.

РР: Часам мастацтвазнаўцы кажуць, што мастака трэба судзіць па яго законах. Ці можна перанесці вось гэтую формулу на цяперашні лукашэнкаўскі рэжым і судзіць яго менавіта па ягоных законах і не адмяняць смяротнае пакаранне да беларускага Нюрнбергу ўмоўнага?

Вячаслаў Барок: З мастакамі згодзен, з імі давайце так. Але, прабачце, тут мы кажам не пра мастакоў, мы кажам пра той род чалавека, які забыўся на тое, што яны – людзі. Яны проста забыліся пра сваю чалавечнасць, яны згубілі людскі твар. Калі бачыш гэтую агрэсію, як яны катуюць людзей, збіваюць на Акрэсціна, на плошчах, то гэта не ёсць мастакі, яны паводзілі сябе, як жывёлы. А мы не можам прыпадобніцца да жывёлы і перайсці на іх узровень. Такім чынам судзіць, як яны сёння ставяцца да мірных жыхароў краіны, – не, я супраць гэтага. Проста павінен быць справядлівы суд, і я буду маліцца, каб тыя, хто будуць асуджаныя, жылі як мага даўжэй, і, будучы за кратамі, думалі пра ўсё тое, што яны ўчынілі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: