Вячаслава Сіўчыка завочна асудзілі на 5 сутак арышту

Актывіста Вячаслава Сіўчыка асудзілі завочна ў Партызанскім судзе Мінску за ўдзел у акцыі 8 верасня.

Вячаслаў Сіўчык пасля выхаду з турмы на Акрэсціна. Архіўнае фота, 18 траўня 2017 года

Сам Сіўчык на суд не з’явіўся, паколькі лічыць, што судовая сістэма ў Беларусі выконвае загады ўлады на рэпрэсіі дзеячаў апазіцыі.

Супраць Вячаслава Сіўчыка сведчылі два амапаўцы, якія паведамілі суду, што ён удзельнічаў у мітынгу на Кастрычніцай плошчы і выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста».

Абаронца Вячаслава Сіўчыка даводзіла, што ён не прызнае сябе вінаватым, паколькі меў права на выказванне сваіх поглядаў паводле Канстытуцыі.

Гэта другі працэс па гэтай справе супраць Вячаслава Сіўчыка. Першы суд прысудзіў актывіста да штрафу, але пастанова была абскарджаная пракуратурай, а Мінскі гарадскі суд адправіў справу на новы разгляд. Гэтым разам Вячаслава Сіўчыка судзіў суддзя Дзмітры Супрун.

Менскі гарадскі суд раней скасаваў папярэднюю пастанову Партызанскага раённага суда аб штрафе актывісту Вячаславу Сіўчыку на 45 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі «За мірную Беларусь» 8 верасня.

 

Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Уладзімер Сіўчык (злева направа) на акцыі 8 верасня ў Мінску

Рашэнне прынятае пасля абскарджання пракуратуры 11 кастрычніка. Мінскі гарадскі суд пастанавіў перагледзець справу актывіста ў тым жа Партызанскім раённым судзе. Дзень разгляду яшчэ не прызначаны. Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што рашэнне прынятае ў межах рыхтавання ўладаў да акцыі апазіцыі, прызначанай на 21 кастрычніка.

 «Лічу, што гэта незаконнае рашэнне, бо былі парушаныя тэрміны абскарджвання пастановы Партызанскага суду. Я сам спрабаваў абскардзіць тую пастанову, але маю заяву не разгледзелі, а скаргу пракуратуры сабраліся разглядаць ужо праз два дні, як яна была пададзеная. Такой спешкі ніколі не было. Новы суд яшчэ не прызначаны, але не выключаю, што збяруцца ўжо на гэтым тыдні. Тое, што спяшаюцца да 21 кастрычніка ўсё зачысціць, відаць па ўчорашнім арышце Яўгена Афнагеля і Паўла Севярынца. Адбываецца ўсё паводле такога ж сцэнару. Не выключаю, што таксама адправяць на суткі, хоць гэта будзе абсалютна незаконна», — казаў раней Свабодзе Вячаслаў Сіўчык.

 За мітынг і шэсце супраць манеўраў «Захад–2017», які адбыўся ў Мінску 8 верасня, ужо асуджана каля 20 палітыкаў і актывістаў. У тым ліку адбывалі адміністрацыйныя арышты Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, цяпер у ізалятары на Акрэсціна знаходзяцца актывісты Павал Севярынец, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель. Шмат хто з актывістаў пакараны штрафамі. Актывісты мяркуюць, што рэпрэсіямі ўлады спрабуюць сарваць акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0», запланаваную на 21 кастрычніка ў Мінску.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: