Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ганна Бахціна прызнана Мінюстам «недастаткова кваліфікаванай»

Вядомы ў Беларусі адвакат Ганна Бахціна — абаронца аднаго з фігурантаў рэзананснай справы "Белага легіёну" Міраслава Лазоўскага — прызнаная "недастаткова кваліфікаванай". Такое рашэнне прынята кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі падчас нечарговай атэстацыі адвакатаў.


Як паведаміла Ганна Бахціна БелаПАН, на падставе гэтага рашэння ёй пагражае выключэнне з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. "Камісія прыйшла да высновы, што я "не адпавядаю пасадзе адваката і не магу займацца адвакацкай дзейнасцю з-за недастатковай прафесійнай кваліфікацыі". Прытым што ў мяне 13 гадоў пракурорскага стажу і 25 гадоў — адвакацкага", — дадала яна.

Фармальнай падставай для такога рашэння, паводле слоў Бахціной, стала тое, што яна складала дамовы па формах, узоры якіх крыху адрозніваліся ад рэкамендаваных, а не прызнаных абавязковымі Мінюстам. Акрамя таго, гаворка ідзе нават пра граматычныя памылкі ў дакументах, паведаміла Бахціна. "Вядома, я гэта так не пакіну, але на гэта патрэбны час", — заявіла яна.

Рашэнне камісіі Мінюста адвакат лічыць палітычна матываванай "замовай пэўных ведамстваў", звязанай з тым, што яна абараняла блогера Эдуарда Пальчыса і фігуранта справы "Белага легіёну" Міраслава Лазоўскага.

Ганна Бахціна і Вікторыя Пальчыс, жонка Эдуарда Пальчыса

Адвакат паведаміла, што не згодна з рашэннем камісіі і не стала яго падпісваць. "Фактычна гэта пазбаўленне ліцэнзіі, гэта сапраўды зневажальна. Рашэнне будзе перададзена ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў, і мяне звольняць як асобу, якая не адпавядае прафесійнай кваліфікацыі", — мяркуе Бахціна.

Паводле інфармацыі грамадскай актывісткі Ніны Шыдлоўскай, па выніках нечарговай атэстацыі такія рашэнні могуць быць прыняты і ў дачыненні да іншых адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы "Белага легіёну".

Як паведамлялася раней, 6 верасня беларускія праваабаронцы накіравалі спецдакладчыку ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Моніцы Пінта зварот, у якім прасілі ўмяшацца ў сітуацыю з націскам на адвакатаў у Беларусі. Яны выказвалі занепакоенасць запланаванай на 12 верасня нечарговай атэстацыяй адвакатаў, якая праводзіцца па выніках праверак Міністэрства юстыцыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, атэстацыя закране 25 адвакатаў: 23 — у Мінску і двух — у Магілёве. Акрамя таго, каля 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая праводзіцца раз у пяць гадоў. З іх восем чалавек будуць праходзіць пераатэстацыю ў кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі, а не ў тэрытарыяльных калегіях адвакатаў.

Аўтары звароту таксама адзначалі, што ў Беларусі склалася практыка, калі праверкі ў дачыненні да адвакатаў часта звязаныя з хвалямі рэпрэсій у краіне. Так было ў 2011 годзе, пасля выбараў прэзідэнта, калі Мінюст пазбавіў ліцэнзій шэраг адвакатаў, якія абаранялі экс-кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў мінскай акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў (у ліку такіх адвакатаў была і Ганна Бахціна, але тады ёй удалося даказаць сваю правату і праз некаторы час вярнуць ліцэнзію. — БелаПАН.).

Праваабаронцы праінфармавалі спецдакладчыка пра тое, што беларускае заканадаўства аб адвакатуры замацоўвае права Мінюста прама ўмешвацца ў дзейнасць адвакатаў. Яны прасілі спецдакладчыка ААН у тэрміновым парадку заклікаць улады Беларусі ўстрымацца ад умяшання ў дзейнасць адвакацкіх калегій і ад націску ў дачыненні да асобных адвакатаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН


Каментаваць