Вядомы брытанскі эколаг выступіць у Мінску з вялікай лекцыяй пра змены клімату

Грамаская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрасіла доктара Роба Філда з Каралеўскага таварыства абароны птушак (RSPB, Вялікабрытанія) выступіць 7 лютага ў Мінску з адкрытай лекцыяй пра змены клімату.
Як і чаму змяняецца клімат? Чым гэта нам пагражае? Што кожны з нас можа зрабіць, каб запаволіць гэтыя змены?

Навукова-папулярная лекцыя «Разборкі з кліматам. Будзе горача?» адбудзецца 7 лютага ў Мінску ў гатэлі DoubleTree by Hilton (пр-т Пераможцаў, 9) з 19.00 да 21.00.

Уваход на лекцыю бясплатны, па рэгістрацыі.

Лекцыя будзе ісці па-англійску з сінхронным перакладам на рускую мову.

Пад пастамі ў сацсетках пра змены клімату людзі заўзята спрачаюцца пра тое, змяняецца клімат увогуле або не, а калі змяняецца, то чаму: выключна праз натуральныя працэсы ці праз дзейнасць чалавека? Хтосьці радуецца кліматычным зменам – маўляў, будзе цёпла, не будзем мерзнуць, а хтосьці баіцца, што наступствамі будуць катаклізмы і эпідэміі.

АПБ вырашыла вынесці пытанне ў афлайн і запрасіла дасведчанага эксперта з Вялікабрытаніі расказаць простымі словамі пра тое, што ведаюць на гэты конт сучасныя навукоўцы.

Доктар Роб Філд – старшы навуковы супрацоўнік у Каралеўскім таварыстве абароны птушак, да якога далучыўся ў 2000 годзе. Ён актыўна вывучае экасістэмныя магчымасці змякчэння наступстваў кліматычных зменаў праз паляпшэнне кіравання і захаванне дзікай прыроды, галоўным чынам у сельскагаспадарчых экасістэмах і тарфяніках Вялікабрытаніі, астатняй Еўропы і Афрыкі.

У прыватнасці, доктар Філд супрацоўнічае з беларускімі калегамі па змяншэнні негатыўных наступстваў кліматычных зменаў у рэгіёне Палесся, а таксама вывучае, як аднаўленне балот уплывае на папуляцыі птушак у Беларусі.

Што будзе на лекцыі?

Як утварыўся «парніковы эфект» і што мы ведаем пра хімію атмасферы?
Што такое кругазварот вугляроду і як на яго ўплывае выкапневае паліва (нафта, вугаль, газ)?
Як змены ў гэтым кругазвароце прыводзяць да пацяплення атмасферы?
Як гэта ўсё ўплывае на людзей і дзікую прыроду?
Ці магчыма і варта з гэтым змагацца?
Пра ўсё гэта раскажа на адкрытай лекцыі доктар Роб Філд, а напрыканцы ён адкажа на пытанні з залы.

«Я вельмі рады вярнуцца ў Беларусь, каб расказаць пра кліматычныя змены. Яны ўплываюць на нас усіх, аднолькава закранаюць і людзей, і дзікую прыроду. Беларусь – краіна з вялікім прыродным багаццем, а значыць, мае добрыя перадумовы для барацьбы як са зменамі клімату, так і з іншымі глабальнымі пагрозамі дзікай прыродзе. Я буду казаць не толькі пра тое, якія змены адбываюцца ў клімаце і як яны паўплываюць на нас і месцы, дзе мы жывем, але і пра тое, як праз ахову прыроды і разумнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў мы можам змякчыць негатыўныя наступствы гэтых зменаў» — адзначае доктар Філд.

Лекцыя адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: