Вялікае Беларускае Нацыянальнае Паўстанне

«Незалежна ад таго, чым скончыцца ў Беларусі цяперашняе процістаянне народу з уладай і яе сілавымі структурамі, для мяне асабіста ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ўсё адбылося. Я ўбачыў тое, пра што марыў і што стараўся наблізіць сваёй працай апошнія 35 гадоў». Піша Сяргей Абламейка ў блогу на Радыё Свабода.

Цуд фармавання нацыі

Шмат хто ў Беларусі і за яе межамі ў гэтыя месяцы трывожна і з надзеяй сочыць за падзеямі ў нашай краіне. Усе мы то радуемся, то перажываем, то плачам па ахвярах і ад крыўды і бяссілля, то ад шчасця і гонару за свой народ.

Я не магу суняць хвалявання і трымцення ў грудзях кожны раз, калі працую над асвятленнем падзеяў на радзіме ці проста гляджу трансляцыі грандыёзных народных шэсцяў адтуль.

Але пры гэтым, глыбока ў душы, я шчаслівы. Бо бачу неверагодную карціну запозненага абуджэння і паўставання апошняй цэнтральна-усходнееўрапейскай нацыі. Гэта ўсё ж, дзякуй Богу, адбылося. Мы адбыліся, і я гэта ўбачыў.

Як гісторык паводле адукацыі, я сутаргава запісваю фразы і словы палітыкаў і простых людзей, якія пацвярджаюць неверагодны сацыялягічны і палітычны цуд, як адбываецца на нашых вачах — заканчэнне фармавання беларускай нацыі.

Цуд фармавання нацыі — гэта сінтэз этнічных, псіхалагічных і грамадзянскіх фактараў, счэпленых амаль сямейнай салідарнасцю і ўзаемападтрымкай. У адзін момант мільёны людзей раптам усведамляюць сваю крэўную роднасць, адзінства свайго гістарычнага лёсу і сваю асобнасць ад астатняга свету. Раптам узнікае разуменне, што існуе, з аднаго боку, «свет» і «яны», а з іншага — «мы», «беларусы».

Таксама ў людзей нараджаецца і абвастраецца пачуццё грамадскай і грамадзянскай адказнасці, абурэнне сацыяльнай і палітычнай несправядлівасцю. І тады новапаўсталая нацыя імкнецца авалодаць дзяржавай, якая пакуль што знаходзіцца ў руках яе ворагаў ці прыгнятальнікаў (у нашым выпадку, гэта гістарычны аксюмаран — плебейская арыстакратыя ў выглядзе прарасійскай уладнай вертыкалі).

Гэты працэс мы цяпер і назіраем. Людзі востра адчулі і зразумелі, што крыніца ўлады — яны самі, грамадзяне, што дзяржаўны апарат — гэта ўсяго толькі наёмныя мэнэджары, якія разам з сілавым блокам жывуць на грошы людзей. І грамадзяне раптам запатрабавалі ад дзяржаўнага апарату строгага выканання законаў і лаяльнасці.

Шчасце нацыянальнага адзінства

Вось некаторыя з запісаных мною фразаў-маркёраў:

На шэсці ў Мінску 16 жніўня 2020 году яго ўдзельніца кажа:

«Я ніколі не бачыла такі народ, якім я хачу ганарыцца. Сёння я яго бачу. Хопіць карміць армію чыноўнікаў і міліцыянтаў, якая нас забівае і зневажае. Жыве Беларусь!»

Удзельніца Маршу новай Беларусі 23 жніўня 2020 году:

«Прачынаецца нацыя беларуская, адраджаецца...»

Іншая ўдзельніца Маршу новай Беларусі:

«Мы не хочам нейкіх еўрапейскіх заробкаў. Мы хочам, каб нас паважалі і ставіліся да нас з павагай».

Інтэрв'ю Марыі Калеснікавай Свабодзе ў пачатку жніўня 2020 году:

«Гэта ўсё ідзе яшчэ з Савецкага Саюзу, і мала было часу, каб нацыя зразумела, што яна нацыя, што мы адзін народ, што мы можам уплываць на наша агульнае жыццё. Гэта працяглы працэс, і мне падаецца, што мы змаглі выказаць словамі тое, што адбылося цяпер у душы кожнага беларуса».

Зварот Святланы Ціханоўcкай да беларусаў 17 жніўня:

«...За прошедшие месяцы стало совершенно очевидным для всего мира, что беларусы — это люди, которые умеют самоорганизовываться, принимать правильные решения и способны постоять за себя и за своих близких. Но самое главное — что это осознали мы сами. Это то осознание, которого нам не хватало долгие годы. Беларусы сегодня проявляют чудеса героизма, солидарности и порядочности.... И в том числе мы сможем вернуть стране энергию тех беларусов, которые волею судеб оказались в других странах мира... Впервые за долгие годы мы смогли стать одним целым — беларусами, любящими свою страну».

Інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай Рускай службе Свабоды 27 жніўня пра беларусаў, якія пратэстуюць на вуліцах беларускіх гарадоў:

«Они понимают, что будет тяжелая борьба, но они счастливы, что почувствовали себя единым народом, почувствовали себя нацией... Сейчас каждый понимает, что от него зависит очень многое. Поворот в сознании людей. Творится история».

Зварот 230-ці выпускнікоў юрыдычнага факультэту БДУ да сваіх калегаў:

«Мы ўсе — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і нам разам жыць у гэтай краіне. Мы разам і ёсць Беларусь. Мы любім Беларусь!... Больш няма бакоў, няма нас ці вас, цяпер толькі мы разам. Мы — гэта беларусы. І ад кожнага з нас залежыць будучыня нашай краіны. Разам мы — народ Беларусі».

Вось чаму сёння людзі ў Беларусі нярэдка плачуць ад вострага пачуцця нацыянальнай знітаванасці. І вось чаму па ўсім Мінску — у гандлёвых цэнтрах, падземных пераходах, у метро, на мітынгах і проста на вуліцах — спяваюць сутнасна беларускія, знакавыя песні: «Магутны Божа», «Пагоня», «Купалінка», «Тры чарапахі» і іншыя.

Гэтая мяккая хваля беларускай сілы можа неўзабаве ахапіць і прадстаўнікоў ўладнай вертыкалі і сілавога блоку. Асабліва тых, хто не замешаны ў крымінальных злачынствах. Лёс астатніх — пакаянне, эміграцыя або суд. Але, у прынцыпе, усе маюць права раней ці пазней вярнуцца да сваіх.

Нацыянальныя гонар і годнасць

Як і належыць кожнай нованароджанай істоце, новай нацыі ўласцівыя элементы эгаізму і самалюбавання.

Адсюль у сацыяльных сетках столькі захаплення побытавай культурай беларусаў — і смецце яны на мітынгах за сабой прыбіраюць, і абутак здымаюць, першы чым залезці на лаўку, і нават уцякаюць ад АМАПу, агінаючы клумбы з кветкамі, каб іх не патаптаць.

Як гісторык, магу сказаць, што падставы пад гэтым сапраўды ёсць. Падарожнікі захапляліся чыстымі вуліцамі Мінску і ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, і ў пачатку ХХ-га, і ў 1918 годзе, як захапляюцца і ў наш час. Гэта частка традыцыйнай культуры беларускага народу і норма для паўночнай еўрапейскай нацыі, якая ў тысячагоддзях мае скандынаўскія, балцкія і славянскія карані.

Вось некалькі прыкладаў здаровай любові сучасных беларусаў да саміх сябе. У ліпені-жніўні на перадвыбарчых мітынгах Марыя Калеснікава не раз выгуквала:

«Беларусы, вы неверагодныя! Я вас люблю».

«Беларусы — вы найлепшыя!»

На шэсці ў Мінску 16 жніўня 2020 году жанчына-настаўніца з Гомеля казала:

«Паглядзіце, якія мы прыгожыя. І мы хочам такога самага прыгожага жыцця».

На адным з паслявыбарчых мітынгаў плакат у руках хлопца з надпісам:

«Беларусы ў 2020 — гэта найлепшае, што я бачыў у сваім жыцці».

Гомельскі журналіст Пётр Кузняцоў 17 жніўня ў сваім Фэйсбуку:

«Праз сорам, боль і часам адчай мы прыйшлі, нарэшце, да гонару. Да часу, калі ня можна, а трэба ганарыцца сабой, сваімі сябрамі, землякамі і нават ворагамі, калі гэтая варожасць — не палітычная. Цудоўная краіна, дзівосны народ, цудоўная нацыя! Жыве Беларусь!»

І абсалютна вяршынны прыклад з самага вялікага мітынгу Святланы Ціханоўскай ў Мінску з удзелам 70 тысяч чалавек, калі вядучы закрычаў у натоўп:

«Мы ганарымся самі сабой! Мы — беларусы!»

І ў адказ пачуліся дзясяткі тысяч захопленых «Та-ак».



Сімвалы і іх змест

За апошнія чатыры месяцы ў краіне адбыўся фактычны плебісцыт у пытанні вяртання гістарычнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцягу і гербу Пагоня, а галоўным сімвалічным дэвізам новай нацыі стаў ужо ўсенародна прызнаны вокліч «Жыве Беларусь». Прыкладаў гэтага тут нават не трэба прыводзіць — мы гэта бачым і чуем вакол сябе кожны дзень.

Усё гэта азначае перамогу беларускай Беларусі, за якую памерлі тысячы і тысячы яе найлепшых сыноў і дачок, пачынаючы ад Кастуся Каліноўскага. Але, у прынцыпе, пачатак гэтага шляху быў пакладзены ў 862 годзе, калі на гістарычную арэну выйшла Полацкая дзяржава.

Сімволіка вызначае змест і вектар развіцця краіны і народу. Цяпер ужо ясна, што раней ці пазней гэта будзе такая Беларусь, якой яе бачылі Каліноўскі, Багушэвіч, Іваноўскі, Луцкевічы, іншыя айцы БНР і БССР, пасляваенная культурная эліта, адраджэнцы 80-х — 90-х гадоў, дэпутаты незалежнасці і ўсе, хто працаваў і працуе на Беларусь ў ХХ і ХХІ стагоддзі.


Непазбежная перамога беларускай мовы

У сэрцах і душах беларусаў іх гнаная мова ўжо перамагла.

Пра гэта сведчаць апытанні грамадзкай думкі, калі большасць выказваецца супраць страты беларускай мовы.

Пра гэта сведчаць шматлікія прамыя эфіры Свабоды з вуліц вялікіх і малых беларускіх гарадоў, калі людзі выбачаюцца за тое, што будуць гаварыць па-руску. Гэта — вызнанне маральнага імператыву і маральная перамога, якая праз некалькі дзесяцігоддзяў стане фактычнай.

Вось адзін з самых характэрных прыкладаў. Мінчанка Ірына Бондзюк напісала ў сябе ў Фэйсбуку 22 ліпеня 2020 году:

«Извините, я по-русски. Мой папа белорус, военный. Мама русская. Я до 15 лет — по военным городкам, где белорусов не было. Как ребёнок военного, до 91-го белорусский язык не изучала. И до последнего года относилась ко всему спокойно... И ОГРОМНОЕ СПАСИБО учителям моего сына по истории — Суворову Родиону Олеговичу и по белорусскому языку и литературе — Федорович Светлане Павловне!!! Благодаря им мой сын обожает разговаривать на белорусском языке и очень гордится нашей историей. А я... Я, глядя на него, и — не поверите, — благодаря Бабарико, вдруг тоже поняла, что люблю Беларусь, что мы могли бы быть независимым народом с гордо поднятой головой. Это я всё к чему. Наверняка не одна я сейчас стала ходить везде в вышиванке и решила, что научусь говорить по-белорусски. Только сейчас у большинства начинает просыпаться национальное самосознание, ощущение объединения вокруг национальной идеи. Так что всё у нас впереди!!! Может быть я скоро смогу написать Вам на белорусском языке)».

Ад сярэдзіны жніўня Ірына Бондзюк вядзе свой ФБ ужо па-беларуску.

Нацыянальнае вызваленне і адасабленне

Беларусу не трэба ўступаць у Еўразвяз, каб адчуваць сябе еўрапейцам, беларус гэта і так ведае. Ён лічыць, што ў суседняй Польшчы не цывілізацыя, а «таксама цывілізацыя», як і ў Беларусі.

І мы сапраўды ведаем, што беларус — гэта еўрапеец, які жыве ў Еўропе. Ужо тысячу гадоў ён гэтак сама, як і людзі ў Нямеччыне, Францыі, Італіі або Гішпаніі, урабляе зямлю, гадуе свіней, сушыць кумпякі і кілбасы, будуе жыллё ў вёсках і гарадах і моліцца ў храмах. Гэта разумеюць і апошнія месяцы пра гэта гавораць палітыкі і простыя людзі.

Былы чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі ў пачатку жніўня ў інтэрв'ю Свабодзе:

«Сённяшняе абурэнне народу ніяк не выглядае празаходнім ці прарасійскім...»

Зварот да дэпутатаў Еўрапарламенту 25 жніўня 2020 году Святланы Ціханоўскай:

«Беларусь прачнулася. Мы больш не апазіцыя. Нас цяпер большасць... Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не геапалітычная рэвалюцыя. Гэта ні прарасійская, ні антырасійская рэвалюцыя. Гэтая рэвалюцыя не супраць Еўрапейскага Звязу і не праеўрапейская. Гэта дэмакратычная рэвалюцыя. Гэта імкненне нацыі вырашаць свае праблемы самой...

Я заклікаю ўсе краіны свету паважаць асноўнае права нацыі на самавызначэнне. Я заклікаю ўсе краіны свету паважаць сувэрэнітэт Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны свету паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.

Беларусь — частка Еўропы. Культурна, гістарычна і геаграфічна. Мы адданыя нормам міжнароднага права і хочам заняць годнае месца сярод іншых народаў Еўропы».

Пра гэта ж сведчыла і ўся глыбока нацыянальная рыторыка трыюмвірату ў складзе Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы падчас выбарчай кампаніі.



Містычны маніфест беларусаў

Але вяршынным сведчаннем працэсу нараджэння беларускай нацыі я лічу выступленне простага работніка-будаўніка з Гродна, супрацоўніка «Гроднажылбуду». Калі я гэта пачуў, у мяне заварушыліся валасы на галаве і з вачэй паліліся слёзы.

Я не думаў, што калі-небудзь такое пачую — як вуснамі простага чалавека мой народ містычна агучыць сваю спрадвечную мару — мару ляснога беларуса-хутараніна жыць на сваім кавалку зямлі без гаспадароў над ім — сціпла, сумленна і культурна.

Мару народу, які прыдумаў танец «Полька на табурэце», калі хлопец з дзяўчынай становяцца на табурэт і пачынаюць утрапёна танчыць, паступова павялічваючы тэмп і гледзячы адно аднаму ў вочы — гэта выяўленне вялікай унутранай энергіі вонкава стрыманага беларуса, які спрабуе рэалізавацца на невялікім лапіку адваяванай у лесу (ці ў пана) зямлі.

Мару народу, які стагоддзямі, у адрозненне ад паноўных класаў, трымаў строгі парадак і чысціню ў хатах, а з прыёму ежы зрабіў цэлы культурна-іерархічны рытуал.

І гэта маніфест нашага спрадвечнага сціплага і культурнага народу, які стагоддзямі цярпеў ад сваіх і чужых гаспадароў і марыў усяго толькі пра спакойную працу на сябе самога і сваіх дзяцей.

Рабочы «Гроднажылбуду» сказаў літаральна наступнае:

«Я гаржусь дзейсцвіцельна сваім беларускім народам. Мне не нада ні НАТА, ні Расія. Мы далжны быць адны — з нармальным чэсным рукаводзствам. Ва главе такой жа самы должан прэзыдэнт быць чэсны, как і мы».

Вось чаму тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — гэта Вялікае Беларускае Нацыянальнае Паўстанне. А ўлічваючы, што паўстанне — гэта апошні этап вызвалення беларусаў ад вонкавых уплываў і залежнасцяў, яго можна называць і нацыянальна-вызвольным.

Свет, у выпадку паразы паўстання, будзе вінаваты ў тым, што не аказаў беларусам дастатковай дапамогі, і стане бяднейшым.

І цяпер ужо зразумела — нічога не было дарэмна. Ніводная ахвяра, ніводная сляза, ніводны пакутны ўздых перад шыбеніцай, расстрэлам ці пад катаваннем, ніводная кніга, артыкул і нават слова, прамоўленае беларускімі палітыкамі, інтэлектуаламі і патрыётамі. Нічога не прапала і не памерла.

Жыве Беларусь!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: