«Вялікая размова»: пяць фактаў, якія зачапілі

«Вялікая размова» Аляксандра Рыгоравіча з шматлікімі прадстаўнікамі прэсы і экспертнай супольнасці была даволі цікавай. Цікавай не з таго, што мы даведаліся штосьці новае. Хутчэй, атмасферай і пэўнымі выказваннямі.

Фота Reuters

Нягледзячы на тое, што сам Лукашэнка сказаў, што даволі далёкі ад масавай культуры, і схіляецца больш да народнай, ён ведае асноўныя «мемы» маскульту. Пачаў ён са знакамітага выразу з фільма «Брат-2» — «Сіла ў праўдзе». Ну і пачаў казаць праўду-матку. Але, на дзіва, дыпламатычна.

Пераказваць багатагадзінную размову не мае сэнсу, але ёсць тое, што зачапіла.


Расія

Багата кампліментаў было выказана на адрас Расіі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова паўтараў, што рускія — нам браты, што яны нашыя хаўруснікі, што мы з іх ніводнай капейкі не возьмем за вайсковыя аб’екты, якія дагэтуль знаходзяцца ў нас, на беларускай тэрыторыі. Аднак…

Аднак, дзіўным чынам, ва ўсім таксама вінаватая Расія. «Інтэграцыйныя гульні» (гэта было першае пытанне да Лукашэнкі з боку расійскага журналіста — «Масква ёсць Масква, ад яе нікуды не падзенешся», неяк, падаецца, расчаравана сказаў Лукашэнка) спатыкаюцца аб расійскі супраціў. Тры дні ў Сочы з Пуціным абмяркоўвалі паглыбленую інтэграцыю. Аднак, па словах Лукашэнкі, менавіта Расія пакуль не вызначылася са складам свайго прадстаўніцтва ў тым самым камітэце, які павінен паглыбляць інтэграцыю.

Нагадаем, што такі камітэт было вырашана стварыць яшчэ ў снежні мінулага года. Зараз — сакавік.

Увогуле, Лукашэнка шмат абураўся наконт пазіцыі Расіі. І роўных умоваў гандлю няма, і Еўразійскі Эканамічны Саюз нікуды не рухаецца, і ўвогуле ЕАЭС ужо не выклікае ў Лукашэнкі энтузіязму…

Але што цікава: наконт таго, што «мы, беларусы, з братнюю Руссю», Аляксандр Рыгоравіч казаў, у асноўным, у прапагандысцкім ключы. Лозунгамі, штампамі ў стылі «нафта ў абмен на пацалункі». А вось прэтэнзіі выказваў канкрэтныя: аднолькавыя кошты на нафту з расійскімі рэгіёнамі, праблемы эмісійнага цэнтру ў «глыбокай інтэграцыі», праблемы з «харчовымі войнамі»…

Напрыклад, ён таксама заклікаў расійцаў перастаць папракаць Беларусь у нахлебніцтве: «Мы ў вас ніколі не былі нахлебнікамі і не будзем. Калі народ гэта чуе, і асабліва я (самалюбівы чалавек) — мне не хочацца ніякіх саюзаў». І зазначыў: Расія выдала крэдыт Беларусі на будаўніцтва АЭС пад 4,8%, тады як В’етнаму ці Арменіі — менш за 3%.

Узнікала ўражанне, што Аляксандр Рыгоравіч спрабуе ўлагодніць расійскае кіраўніцтва рыторыкай. Але прэтэнзіі ў яго — канкрэтныя, з лічбамі і фактурай.


«Рускі мір»

Пры гэтым Лукашэнка выдатна разумее, што такое «рускі мір». Ён назваў «мацернымі сайтамі» мікраскапічныя анлайн-рэсурсы «рускага міру». Ён распавёў, якім чынам фінансуюцца рэсурсы, якія нібыта павінны «ўтрымліваць Беларусь у сферы ўплыву Расіі», як яны ствараюцца. «10-15 чалавек ствараюць сайт у інтэрнэце, аднаму даюць грошы, другому меней, трэцяму нічога, і ён ідзе скардзіцца», — сказаў Лукашэнка. Такім чынам, мы разумеем: «рускі мір» у Беларусі знаходзіцца «пад каўпаком» сілавых структураў. І Лукашэнка пра гэта ведае.

А калі нават ён звяртае ўвагу на гэтае пытанне — значыць, адчувае небяспеку з боку гэтай часткі насельніцтва.

Праўда, ён адзначыў, што гэта ўсё робіць не «кіраўніцтва Расіі», а людзі, набліжаныя да гэтага кіраўніцтва і «асобныя расійскія дзеячы». І неаднаразова перасцярог ад такога стылю паводзінаў.

Тут, канешне, беларускі кіраўнік крышачку пакрывіў душою, бо наўрад ці «асобныя расійскія дзеячы» маглі б дзейнічаць без як мінімум патуральніцтва вышэйшага расійскага кіраўніцтва.

Але тое, што гэтая небяспека «на алоўку» — знак, безумоўна, пазітыўны.


Курапаты

Як ні дзіўна, але павярхоўна Лукашэнка азнаёмлены і з сітуацыяй у Курапатах. Ён ведае пра неаднаразовае разбурэнне Лавы Клінтана, ён ведае пра ўсталяваныя ўздоўж Заслаўскай шашы крыжы. Але ведае гэта, зразумела, са «свайго звону». І, паколькі Клінтан Лукашэнку «амаль сябра», то ён, Лукашэнка, даваў загады «неадкладна» аднаўляць Лаву Клінтана, пашкоджаную вандаламі. «Нягоднікаў хапае», — сказаў ён з нагоды гэтых інцыдэнтаў і заклікаў не абвінавачваць ва ўсім улады.

Незразумела, чаму ён абрынуўся на крыжы, усталяваныя з боку Заслаўскай шашы: «Вам царква давала дазвол крыжы ўсталёўваць?». Але гэта дадатковы аргумент, што і кіраўнік дзяржавы не абмінуў увагай тэму, якая ўзрушыла і працягвае ўзрушаць грамадства.

Кадр з трансляцыі


А вось наконт рэстарацыі «Поедем поедим» (ён нават узгадаў яе назву!) у Аляксандра Рыгоравіча цалкам скажонае ўяўленне. На яго думку, няма нічога жахлівага, што рэстарацыя пабудаваная за 50 метраў ад Нацыянальнага некропалю. Маўляў, людзі прыйдуць у Курапаты, паглядзяць на мемарыял, узгадаюць ахвяраў рэпрэсіяў, а потым у рэстарацыі прапусцяць чарку за спакой душаў загінулых.

Калі б так было, ніхто б і не рыпнуўся пратэставаць супраць рэстарацыі. Па-першае, грамадскасць яшчэ да запуску гэтага аб’екта прапаноўвала ператварыць яго ў мемарыяльна-пахавальны комплекс, а не ў «забаўляльны», у статусе якога «Поедем поедим» знаходзіцца зараз.

Па-другое, Лукашэнку ў сувязі з рэстарацыяй, падаецца, не патлумачылі, што «закон суровы, але гэта закон». Што маюцца сумневы менавіта ў законнасці пабудовы гэтага аб’екта на падставе шматлікіх фактаў: ад сумнеўнага сціскання ахоўнай мяжы мемарыялу да невыканання прадпісання пракуратуры што да будаўніцтва часткі комплексу ў ахоўнай зоне.

Відавочна, што пра «Поедем поедим» кіраўнік краіны чуў ад «зацікаўленых асобаў». То бок, ад людзей, набліжаных да гэтага бізнесу (што яшчэ раз пацвярджае слушнасць расследаванняў Івашына).


Акела прамахнуўся?

Неаднаразова ўвагу Лукашэнкі засяроджвалі на абяцанках, якія ён не выканаў. Па-першае, «Еўрарадыё», якое наўпрост звярталася за тым, каб яму выдалі FM-хвалю для вяшчання ў Беларусі на мінулай «Вялікай размове». Тады Лукашэнка нават падымаў Ананіч, але хвалі так і няма. У працяглую спрэчку Лукашэнка ўступіў з Яраславам Раманчуком, які казаў сярод іншага, што ініцыятывы гінуць у чыноўніцкай бюракратыі.

І тое, што яго даручэнні не выконваюцца — гэта мы на ўсю краіну пачулі.

Увогуле, даволі багата было людзей, якія пад час «Вялікай размовы» спрабавалі вырашыць свае праблемы. Гэта і кампазітары з доўгабудам музычнай вучэльні, і кіношнікі, і мастакі, ішмат хто яшчэ — наракалі, што вырашэнне праблемаў «было б добра», і ўсяляк зазывалі кіраўніка краіны наведаць іх розныя аб’екты, якім бы не пашкодзіў «штуршок».

Прычым, кіраўнік краіны сам задаў такі тон размовы, напачатку сустрэчы заявіўшы, што не хацеў бы ператварэння «размовы» у прэс-канферэнцыю, і прасіў агучваць «праблемы, з якімі вы прыйшлі ў гэтую залю». За што і атрымаў напоўніцу.

Зразумела ж, яму прыйшлося абяцаць, абяцаць і абяцаць. Нават наведаць музей недзе ў рэгіёне, каб пачуць пра тое, «што можна вырашыць нават без укладання грошай»...

Аляксандр Рыгоравіч, падаецца, стаў закладнікам аўтарытарнай сістэмы, ў якой толькі ён прымае рашэнні і толькі ад яго залежыць выкананне яго ж распараджэнняў. І, склалася ўражанне, што яму гэта трываць усё цяжэй і цяжэй.


Без яго

Чаму такое ўражанне склалася? Ды таму, што ён з вялікім энтузіязмам успрыняў ідэю Таварыства беларускай мовы пра беларускамоўны ўніверсітэт. Нават паставіў гэта на прыклад Яраславу Раманчуку: маўляў, людзі вырашылі — і зрабілі, не патрабуючы нічога ад дзяржавы.

Тая ж сітуацыя была з дзяўчынай з рэгіёну. Праблема там ў тым (журналістка нават кранальнае відэа пра гэта зняла), што школьнікі самі для сябе зрабілі трэнажорную залю, а яе закрылі мясцовыя кантралёры, бо яна не адпавядала нормам бяспекі. І зараз маладзёнам няма дзе трэніравацца, бо ездзіць да райцэнтру, дзе ёсць «трэнажорка», у іх няма грошай.

Менавіта гэтыя факцікі павінны былі насцярожыць Аляксандра Рыгоравіча. Гэта азначае, што людзі сапраўды не спадзяюцца на ўладу, а спрабуюць вырашаць свае праблемы самі (пра гэта, дарэчы, казаў Раманчук, прывёўшы нядаўняе апытанне SYMPA і «Будзьма беларусамі!», дзе 65% насельніцтва на ўладу ўжо не разлічваюць). А значыць, улада — і з ёю Лукашэнка, як яе практычна поўны валадар — катастрафічна губляе аўтарытэт.

Не ў прыклад гэта трэба было прыводзіць, а задумацца. Пра тое, што беларусы пражывуць і без яго. І не толькі «пражывуць» у будучым часе, але фактычна ўжо пачынаюць гэта рабіць.

На маю думку, калі без кіраўніка дзяржавы не могуць разабрацца з трэнажорнай залай — гэта ўжо фініш уладнай мадэлі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!