Вярхоўны суд ліквідаваў грамадскае абʼяднанне, якое змагалася супраць хатняга гвалту

Па пазову Міністэрства юстыцыі Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае абʼяднанне «Гендарныя перспектывы».


«Гэтае несправядлівае рашэнне не можа закрэсліць 11 гадоў цяжкай, не заўсёды ўдзячнай працы», — заявіла абʼяднанне ў Фэйсбуку, перадае Радыё Свабода.

«Нам не зразумець, як пасля столькіх гадоў цеснага супрацоўніцтва з дзяржавай, бясконцага ўдзелу ва ўсялякіх радах, працоўных групах, каардынацыйных механізмах, нарадах і іншым гэтая ж дзяржава ў адзін дзень палічыла нашую працу неэфектыўнай і нават злачыннай, забараніўшы яе працягваць.

Відавочна, што да патрэбаў вялізнай колькасці жанчын, якія зазнаюць хатні гвалт ці дыскрымінацыю паводле полу, і якіх мы абаранялі ўвесь гэты час у меру сваіх сіл, цяпер няма справы», — адзначыла МГА «Гендарныя перспектывы».

Арганізацыя «Гендарныя перспектывы» ў Беларусі займалася пытаннямі процідзеяння хатняму гвалту і гендарнай дыскрымінацыі, забяспечвала функцыянаванне гарачай лініі па пытаннях дапамогі ў сітуацыі гвалту. Аб'яднанне з’яўлялася чальцом Еўрапейскай сеткі па папярэджанні гандлю людзьмі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Ла Страда», агульнанацыянальнай сеткі НДА па папярэджанні хатняга гвалту і іншых міжнародных супольнасцяў.

У ліпені ў офісе арганізацыі прайшоў ператрус, сілавікі канфіскавалі частку дакументаў. Пасля гэтага спынілі дзейнасць «гарачыя лініі»: «Ла Страда» па бяспечным выездзе на працу за мяжу і супрацьдзеянні гандлі людзьмі, і лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: