Вярхоўны суд прызначыў дату пасяджэння па ліквідацыі ГА «БАЖ»

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь распачаў грамадзянскую справу па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Папярэдняе судовае пасяджэнне прызначана на 11.00 11 жніўня ў будынку Вярхоўнага суда (г. Мінск, вул. Арлоўская, 76, 1 пад'езд).

Судовае пасяджэнне мусіць быць адкрытым. Дакументы аб грамадскім пазове падпісаныя суддзёй Вярхоўнага суда Інэсай Уладзіміраўнай Лазавіковай.

Падстава для ліквідацыі палягае ў тым, што ГА «БАЖ» не выправіла парушэнні, выяўленыя Мінюстам падчас праверкі, распачатай у чэрвені 2021 года. Кіраўніцтва арганізацыі катэгарычна не згоднае з такімі высновамі.

Нагадаем, 9 чэрвеня Міністэрства юстыцыі пачало маштабную праверку дзейнасці ГА «БАЖ». Але «БАЖ» атрымала інфармацыю пра гэта толькі 21 чэрвеня з ліста, у якім ведамства прапаноўвала прадаставіць для праверкі тысячы дакументаў аб дзейнасці арганізацыі. У кароткія тэрміны «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падала ў Мінюст вялікі пералік запытаных дакументаў, за выключэннем матэрыялаў, канфіскаваных з офіса «БАЖ» яшчэ падчас вобшуку, праведзенага сілавікамі 16 лютага 2021 года.

14 ліпеня ў офісе «БАЖ» без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі правялі чарговы ператрус, пасля якога офіс быў апячатаны і доступ у яго заблакаваны да гэтага часу. Копіі пратаколаў ператрусу не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці невядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі.

15 ліпеня, на наступны дзень пасля ператрусаў і блакавання офіса асацыяцыя атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загада аб вынясенні пісьмовага папярэджання. Падставай для папярэджання Мінюст назваў тое, што рэгіянальныя аддзяленні «БАЖ» у Гомелі і Маладзечне нібыта ажыццяўляюць дзейнасць без юрыдычных адрасоў, хоць гэта не так. Непрадстаўленне ўсіх запытаных дакументаў і адсутнасць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіялаў Міністэрства юстыцыі палічыла парушэннем заканадаўства і Статута «БАЖ».

16 ліпеня «БАЖ» праінфармавала Міністэрства юстыцыі аб тым, што офіс арганізацыі апячатаны, і папрасіла даць час для выканання патрабаванняў Мінюста да атрымання доступу ў памяшканне.

Нягледзячы на гэта, 21 ліпеня Міністэрства юстыцыі паведаміла ў сацыяльных сетках аб тым, што ўжо накіраваны ў Вярхоўны суд Беларусі пазоў аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» — нібыта ў сувязі непрыняццем мер па ліквідацыі парушэнняў з боку «БАЖ» і паўторным (пасля вынесенага пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства.

30 ліпеня ГА «БАЖ» атрымала дакументы (ліст быў адпраўлены 28 ліпеня) з Вярхоўнага суда аб прызначэнні даты папярэдняга пасяджэння аб ліквідацыі аргнаізацыі на 11 жніўня.

***

ГА «БАЖ» дзейнічае з восені 1995 года, гэта добраахвотнае недзяржаўнае непартыйнае аб'яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» аб'ядноўвае больш за 1 300 работнікаў медыясферы, гэта ўплывовая, прызнаная міжнароднай супольнасцю арганізацыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: