Вярнуўся ў Беларусь, каб дапамагаць. Валанцёр Ілля Міронаў – пра тое, навошта яму ўсё гэта трэба

Гамяльчук Ілля Міронаў да падзей жніўня 2020 года жыў і працаваў у Польшчы. Аднак кінуў працу і добрыя матэрыяльныя ўмовы, калі ўбачыў кадры затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага ў Гародні. «Я проста не знаходзіў сабе месца, калі здарылася гэтая несправядлівасць», — гаворыць Ілля. Ён вярнуўся ў Беларусь, дзе заспеў незвычайны грамадскі ўздым. За ўдзел у масавых акцыях пратэсту яго судзілі некалькі разоў. Аднак ён усё роўна верыць у перамогу народа. Цяпер Ілля прысвяціў свой час валанцёрству, дапамозе людзям, якія патрапілі пад каток рэпрэсіўнай машыны.
Ілля Міронаў

Ілля Міронаў

У свой час герой артыкула займаўся ў Гомелі арганізацыяй рок-канцэртаў, быў прадпрымальнікам і грамадскім актывістам. Першы досвед грамадскай актыўнасці ён атрымаў яшчэ ў далёкім 2011 годзе, калі ўдзельнічаў у акцыях так званай “Маўклівай рэвалюцыі”. Ад падзей сённяшняга дня тыя акцыі адрозніваліся маштабамі (на піку акцый у 2011 годзе ў Гомелі не збіралася больш за некалькі сотняў чалавек) і ўзроставай характарыстыкай пратэстоўцаў (дзесяць гадоў таму на мітынгі ў асноўным выходзіла моладзь). У 2020 годзе пратэст ахапіў практычна ўсе ўзроставыя групы і прафесійныя супольнасці.


 «Гэта было ўжо ў далёкім 2011 годзе. Я восенню правёў акцыю салідарнасці па зборы прадуктаў і рэчаў на фантане ля цырка. Дапамога адрасавалася людзям, якіх пераследвалі тады за палітыку. Я размясціў інфармацыю “Укантакце” пра тое, што збіраю рэчы. І да мяне праз некалькі гадзін літаральна прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Мы паразмаўлялі, але ўсё роўна, нягледзячы на іх папярэджанні, я правёў акцыю. Відаць, ад таго часу я і з’яўляюся валанцёрам. Я не мяняюся. Нельга сказаць, што я менавіта цяпер уцягнуўся ў гэтую дзейнасць. Розніца ў тым, што ў апошнія месяцы я пазнаёміўся з сотнямі, калі не тысячамі грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. І гэта найлепшыя людзі, знаёмствам з якімі я ганаруся. Гэта людзі са сваёй грамадзянскай пазіцыяй, якія не пабаяліся выйсці на пратэст», — гаворыць Ілля.

Ілля Міронаў, згадваючы падзеі жніўня-верасня ў Гомелі, не можа стрымаць эмоцыі:

«Я проста без слёз не магу ўзгадваць, як выглядалі вуліцы Гомеля ў жніўні-верасні. Пасля ўсяго таго, што адбылося, калі з 9 па 12 жніўня толькі ў адным Гомелі затрымалі блізу 1 тысячы чалавек, пасля гэтага людзі ўсё роўна выйшлі, не пабаяліся, што іх затрымаюць ці паб’юць. Гэта была магутная хваля, душэўны парыў... Я такіх пачуццяў ніколі ў жыцці не перажываў. Атмасфера была касмічнай, асабліва калі выпусцілі затрыманых. Я быў у той час пад гомельскім СІЗА, калі пачалі выпускаць палітычных. Мы адчувалі свята, хоць і са слязьмі! Зразумела, усе ўсведамлялі, што гэтым пытанне не вырашыцца, але было сапраўднае свята. Менавіта ў жніўні нам далі спакойна хадзіць па вуліцах Гомеля...»

Жнівень 2020 года ў Беларусі быў вельмі спякотным. І ў тыя дні на цэнтральных вуліцах Гомеля па маршруце калоны іможна было сустрэць людзей з пячэннем і вадой, якія прапаноўвалі дэманстрантам аднаразовыя кубачкі. Уласна кажучы, з гэтага і пачынаўся “Гомельскі валанцёрскі дзвіж” -- не арганізацыя, а менавіта супольнасць неабыякавых грамадзянаў.

Але свята вулічнай дэмакратыі працягвалася нядоўга. Ужо ў верасні сілавыя структуры ачомаліся ад шока. І на адным з нядзельных маршаў пратэсту ў Гомелі зноў з’явіліся хлопцы ў чорнай форме АМАП. “З першых дзён верасня пайшлі зноў затрыманні. Страху не было, але з’явіліся прадчуванні небяспекі...”, -- прыгадвае Ілля падзеі верасня.

 Сваю валанцёрскую дзейнасць у той перыяд ён апісвае так:

«Я тады вечарамі знаходзіўся каля Цэнтральнага РАУС, дзе фіксаваў інфармацыю пра затрыманых людзей. Тады нам, валанцёрам, давялося стаць прамежкавым звяном паміж затрыманымі і іх сваякамі. Мы маніторылі сітуацыю ля міліцэйскіх аддзяленняў, спрабавалі атрымліваць спісы затрыманых, каб інфармаваць іх родных. Пазней давялося хадзіць па судах...»

 З 21 жніўня ў дачыненні да Іллі Міронава складалі 5 пратаколаў паводле “народнага артыкула” 23.34 КоАП, у выніку чаго ён правёў за кратамі ў сукупнасці больш за 30 сутак.

Ілля Міронаў:

«Я перакананы, што мяне пакаралі менавіта за валанцёрскую дзейнасць і грамадзянскую пазіцыю, таму што мяне не затрымлівалі на пікетах альбо на маршах. Пратаколы былі складзеныя за фотаздымкі, размешчаныя на ФБ альбо «Укантакце». Напрыклад, аднойчы мяне адправілі на суткі за тое, што я сфатаграфаваўся з плакатам з надпісам «Сваіх не кідаем» (гэта наш валанцёрскі лозунг), з якім я стаяў ля Навабеліцкага РАУС у чаканні гамяльчанкі Таццяны Бачурнай».

У верасні затрыманняў грамадзянаў стала настолькі шмат, што гомельскія валанцёры арганізавалі збор сродкаў на набыццё прадуктаў для рэпрэсаваных і іх сем’яў. Ілля прапанаваў сваю банкаўскую картку для таго, каб неабыякавыя людзі маглі пералічваць на яе сродкі. Пасля размяшчэння інфармацыі пра збор ахвяраванняў, сума якіх за кароткі час перавысіла 1 тысячу рублёў, Іллі патэлефанавалі з фінансавай міліцыі і прапанавалі сустрэцца.

«Хоць я мог туды не ісці без позвы, але пайшоў, бо нічога супрацьзаконнага не рабіў. У Беларусі кожны грамадзянін можа абвяшчаць збор сродкаў на дабрачыннасць, калі сума ахвяраванняў не перавышае 7 тысяч рублёў у год. Падчас сустрэчы з супрацоўнікамі я сказаў, што грошы збіраю на дабрачыннасць, на дапамогу людзям, якія ў сувязі са сваёй грамадзянскай пазіцыяй трапляюць пад рэпрэсіі. Але я адразу падкрэсліў, што сродкі збіраюцца выключна на прадукты, штрафы мы ніякія не аплачваем. Яны мяне пратрымалі гадзінку, параспытвалі пра тое, чаму я дапамагаю тым людзям. Я сказаў, што яны прытрымліваюцца такой жа пазіцыі, як і я, бо выступаюць супраць гвалту», — распавядае Ілля.

 Актывіста адпусцілі дадому, заявіўшы, што не маюць ніякіх прэтэнзій.

«Пазней, падчас арышту ў лістападзе, да мяне прыязджаў нехта з начальнікаў мясцовага УБЭП і праводзіў размову наконт валанцёрскай дзейнасці. Не ведаю, ці гэта былі пагрозы, але ён мне даводзіў, што мы, валанцёры, прадуктовымі перадачамі падтрымліваем пратэсты. Я адказаў, што гэта глупства, бо мы падтрымліваем не пратэстоўцаў, а тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Размова атрымалася сумбурнай, той начальнік сышоў...»

Адным з найбольш важных напрамкаў дзейнасці гомельскіх валанцёраў у дадзены момант з’яўляецца інфармацыйная падтрымка палітвязняў. Ілля Міронаў за некалькі апошніх месяцаў уласнаручна напісаў больш за 300 лістоў беларусам, якіх змясцілі за краты за іх грамадзянскую пазіцыю. Сярод людзей, з якімі перапісваецца Ілля, — блогер Сяргей Ціханоўскі, праваабаронца Леанід Судаленка, Яўген Рэзнічэнка і іншыя героі гэтага палітычнага сезону. «Мы пішам лісты, мы размяшчаем у СМІ інфармацыю пра тое, куды можна напісаць. Таксама перадаем паштоўкі... », — распавядае пра сваю перапіску Ілля.  

Ілля цытуе ліст ад палітвязня Леаніда Судаленкі, які ў дадзены момант знаходзіцца ў СІЗА №3 Гомеля:

«На гэтай паштоўцы я бачу цябе — мужнага і ўпэўненага, якім ты ёсць насамрэч. Не апускай рукі, працягвай рабіць добрыя справы. Ваш валанцёрскі дзвіж — гэта суперідэя. Сёння ў дапамозе маюць патрэбу тысячы беларусаў. Перакананы, што мы яшчэ папрацуем разам...»


Паводле «Штодзень»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: