Вяртане гістарычнай памяці. Ад дэгуманізацыі да забойства

Куды падзеліся псіхічна хворыя падчас Другой сусветнай вайны? І якім чынам адбывалася іх масавае забойства, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі? Пра гэта можна даведацца на выставе, што ўчора адкрылася ў мінскай галерэі «Ў».


На выставе “Ад дэгуманізацыі да забойства: лёсы псіхіятрычных хворых у Беларусі (1941–1944 гг.)” прадстаўлена гісторыя ідэй і практык, якія выкарыстоўвалі нацысты ў сваёй працы па знішчэнні хворых.

Мала хто ведае, што ў “Навінках” хворых сотнямі атручвалі газам у лазні, на месцы якой сёння будуецца выставачны цэнтр. Хворых маглі таксама вывозіць у Камароўскі лес і ўзрываць у спецыяльнай зямлянцы. Але як знікла без вестак большасць хворых, так і застанецца загадкай.

Выстава складаецца з чатырох раздзелаў. Адна з цэнтральных яе ідэй — паказаць механізм сацыяльнага выключэння псіхічна хворых. Гэтыя сацыяльныя групы ізалююцца, а калі адбываюцца палітычныя змены — ліквідуюцца.


Гісторык Аляксей Братачкін


Сама задума выставы нарадзілася падчас размовы гісторыка Аляксея Братачкіна з урачом-псіхіятрам Алегам Айзбергам. Аляксей Айзберг вывучае беларускую псіхіятрыю, пра якую, на жаль, кажуць мала. Таму прыйшла ідэя зрабіць праект. Аляксей Братачкін распавёў, што арганізатары хацелі паказаць экспазіцыю так, каб быў бачны гістарычны кантэкст, і ў той жа час выйсці на гістарычную памяць, бо гэтая тэма мала прадстаўлена ў Беларусі.

На якіх гістарычных дакументах асноўваецца выстава? У 2010 годзе быў першы з'езд нямецкай псіхіятрыі. На гэтым з'ездзе ўпершыню былі публічна прадстаўлены матэрыялы па нацысткай псіхалогіі. Мала хто ведае пра Нюрнбергскі працэс над урачамі. Пасля гэтага працэсу была выдадзеная кніга “Медыцына без чалавечнасці”, усе экземпляры якой былі выкупленыя, тым самым закрыўшы тэму забойства псіхічна хворых. Другая кніга, выдадзеная ў 1948 годзе пад назвай "Забойства псіхічна хворых у Германіі", таксама была поўнасцю выкупленая.



У канцы 1960-х гадоў пачаўся рух вяртання гістарычнай памяці. На пачатку 1990-х гадоў стала вядома, што па так названай нямецкай праграме знішчэння псіхічна хворых былі забітыя каля 70 тысяч чалавек.  І за стырном знішчэння пацыентаў стаялі псіхіятры.

Мала хто ведае, — каментуе Алег Айзберг, — што яшчэ да Гітлера быў падрыхтаваны  закон "Аб стэрылізацыі псіхічна хворых". Стэрылізацыя была рапаўсюджана і ў Скандынавіі, і  ў ЗША. Чаму гэтая тэма мала падымалася раней? Бо былі жывыя тыя людзі, якія забівалі, або былі жывыя іх вучні”.



Падчас акупацыі Беларусі нацыстамі, нашы псіхічныя хворыя таксама трапілі пад знішчэнне. Знішчалі хворых і ў лякарнях, і ў спецыяльных псіхіятрычных цэнтрах, і вышуквалі іх сярод звычайных людзей. “Тэма эўтаназіі і забойства псіхічна хворых заставалася ў забыцці, — распавядае гісторык-архівіст Васіль Матах. — Чаму? Мажліва таму, што няўважліва чыталі дакументы. Другая прычына такога забыцця — ідэалогія СССР, якая казала, што савецкі народ быў адзіны, у якім не было месца як беларусам, так і псіхічна хворым”.

Варта разумець, што медыцына ваеннага часу не адрознівала душэўна хворых і людзей з сіндромамі. Нацысты лічылі, напрыклад, чалавека з сіндромам Даўна таксама душэўна хворым.


Удзельнік каледжу Liberal Arts зачытваюць дакументы па забойству хворых

Удзельнік каледжу Liberal Arts зачытваюць дакументы па забойству хворых


Гісторык Вікторыя Латышава, якая публікавала на гэтую тэму не толькі навуковыя артыкулы, але і публіцыстычныя, адзначыла, што зараз грамадства гатовае весці дыялог на гэтую тэму: “Сёння мы кажам пра тое, што ў Беларусі былі знішчаныя амаль усе ўстановы псіхічна хворых. Зараз мы па-іншаму адкрываем праблему халакосту. Гэтыя людзі былі вінаватыя ў тым, што яны хварэлі на свае хваробы. Сёння вельмі важна візуалізаваць памяць пра гэтую з’яву, што была зроблена, напрыклад, у Магілёве”.



Арганізатарамі выставы выступіў Цэнтр публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжа  Liberal Arts у Беларусі пры падтрымцы фонда  “Памяць, адказнасць і будучыня” (ФРГ), фонда імя Генрыха Бёля (ФРГ).

Выстава будзе размешчана ў галерэі “Ў” да 20 снежня. Уваход на выставу і тэматычныя мерапрыемствы падчас выставы будзе вольным.


 Фота Уладзіслаў Рубанаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: