«Вясна 2017»: гісторыя года ў карцінках

Вялікіх праваабарончых кніжак-справаздачаў ніхто не чытае. Тым больш — без карцінак. Так вырашылі ў праваабарончым цэнтры «Вясна» і выдалі фотаальбом на 176 старонак.


Увесь гэты фотаальбом адлюстроўвае падзеі 2017 года. Выданне атрымалася не вельмі «праваабарончым», але і не ў тым яго каштоўнасць. Гэта — гісторыя аднаго году краіны ў фотаздымках — збольшага, аўтарскіх. І зразумела, фотаздымкі тэматычныя. З каментарамі — але з мінімум каментароў.

У альбом увайшлі найбольш значныя падзеі, якімі апекваліся праваабаронцы ў мінулым годзе. Гэта і «маршы недармаедаў», і абарона Курапатаў, зразумела, мінулагодні Дзень Волі, «справа патрыётаў» і «справа прафсаюзаў». Усё гэта так ці інакш адлюстравана ў кнізе.

Як зазначыў пад час прэзентацыі выдання кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, мінулы год быў адным з самых цяжкіх для праваабарончага руху, асабліва ў параўнанні з 2016-м. Бо ў пазамінулым годзе праваабаронцы налічылі адзінкі адміністрацыйных арыштаў за масавыя мірныя сходы. А ў 2017-м іх было аж 250. І гэта толькі тыя, якія былі ўлічаныя «Вясной», а колькі іх засталося па-за ўвагай абаронцаў правоў чалавека!

Праваабаронцы таксама зафіксавалі 551 выпадак адміністрацыйных штрафаў, у выніку якога казна папоўнілася на шалёную суму ў 135 тысяч еўра (!). Прычым, як адзначыў кіраўнік «Вясны», гэта — без уліку штрафаў журналістаў, якіх у 2017-м таксама актыўна штрафавалі. А прысутны на прэзентацыі прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі зазначыў, што прыплюсаваць да гэтай сумы можна 35 тысяч еўра «журналісцкіх» штрафаў.


Да таго ж Алесь Бяляцкі падкрэсліў — амаль усе зафіксаваныя праваабаронцамі адміністрацыйныя спагнанні збольшага былі выпісаныя за ўдзел грамадзянаў у мірных, негвалтоўных акцыях пратэсту. Прынамсі, за выключэннем сумнага выпадку са Святаславам Барановічам, праваабаронцы не зафіксавалі ніводнага выпадку ўжывання фізічнай сілы з боку дэманстрантаў.

Да ўсіх адміністрацыйных справаў дадаліся яшчэ 40 чалавек, якія патрапілі пад крымінальны пераслед. Найперш, канешне, гэта 35 фігурантаў «справы патрыётаў». Гэта і прафсаюзныя дзеячы Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч: адзін адседзеў пэўны тэрмін у СІЗА, іншы — пад падпіскай аб нявыездзе. Гэта і справа Вячаслава Касінерава за хуліганства і прызнаны сёння палітвязнем Дзмітрый Паліенка…

Што самае прыкрае, па словах Алеся Бяляцкага — тое, што людзі адседзелі ў следчых ізалятарах потым былі дэ-факта прызнаныя невінаватымі, а ў іх ніхто нават прабачэння не папрасіў, не кажучы ўжо пра кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды. Між тым, нехта страціў працу, нехта зазнаў складанасці з навучаннем…

Толькі скончыўшы працу над фотаальбомам, Бяляцкі раптам прыгадаў, што досвед такога кшталту выданняў, насамрэч, ужэ быў. Азмова ідзе пра рарытэтную зараз кнігу «Мінская вясна — 1996». У ёй, яшчэ ў чорна-белых фотаздымках была сабраная хроніка пратэстаў вясны 1996 года.


І, на жаль, адзначыў Бяляцкі, за 21 год у краіне мала што змянілася.

І яшчэ адна фішка выдання — гэта супервокладка. Яна разгортваецца ў вялікі плакат, які адлюстроўвае яшчэ адну з’яву мінулай вясны — «сцяну Шчоткінай». Знакамітыя графіці, якія то ўзнікалі, то знікалі на мурах гарадоў. І х замалёўвалі камунальнікі, а на іх месцы з’яўляліся надпісы кшалту «Вы же сами всё понимаете…»

Па словах Алены Лапцёнак, у фотакнігу увайшлі больш за 400 фотаздымкаў. Большасць з іх — аўтарскія працы, таму што для выдання патрэбная адпаведная якасць фота. Але ў некаторых выпадках узятыя фота і з адкрытых крыніцаў, з інтэрнэта і сацсетак. Мова выдання — беларуская, для замежнікаў прадугледжана невялічкае «summery» на англійскай мове.

Увогуле, як адзначыў Алесь Бяляцкі, гэта кніга пра тое, чаго б лепш не было. Таму што яна ілюструе маштабы рэпрэсій у краіне. Таксама яна ілюструе і тое, што ўлада бачыць пагрозу ў грамадзянскай супольнасці, адсутнасць згоды паміж уладаю і грамадствам. І гэтае стаўленне ўладаў трэба калі не мяняць, то хаця б шукаць шляхі выхаду з такога стану рэчаў. Бо да краіны, у якой няма грамадскай згоды, не будзе даверу у астатняга свету.


Бяляцкі прывёў просты прыклад: пад час сустрэчы са шведскімі парламентарамі яму было сказана: «Вы ж разумееце, што ў краіну, дзе існуе смяротнае пакаранне, шведскія інвестары не прыйдуць?» То бок, бліжэйшым часам у нас у краіне не будзе «Ікеі».

Такім чынам, факт, пра які беларусы нават не задумваюцца, насамрэч наўпрост уплывае на іх, беларусаў, дабрабыт.

Зразумела, кнігга аддрукавана не ў Беларусі. І атрымаць яе можна толькі на імпрэзах і прэзентацыях праваабаронцаў. Між іншым — някепскі ход для таго, каб завабіць на свае мерапрыемствы і прыяднаць да праваабарончага руху людзей, якія проста пажадаюць мець у сябе гэтую цікавую і якасную кнігу.

А каму папяровы варыянт не вельмі важны — электронная версія кнігі будзе дасяжная на сайце spring96.org.

Гэты фотаальбом — больш гістарычнае чым праваабарончае выданне. Выданне, якое адлюстравала падзеі, спадзевы і атмасферу няпростага 2017 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!