«Вясна» судзіцца з Генпракуратурай з-за блакіроўкі сайта

Заўтра адбудзецца судовае пасяджэнне па скарзе на ўнясенне Генпракуратурай сайта ПЦ «Вясна» ў спіс абмежаванага доступу.



Скарга намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» на рашэнне Генпракуратуры аб унясенні сайта spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў будзе разгледжаная ў судзе Цэнтральнага раёна Менска 18 лютага. Пачатак судовага пасяджэння - у 11-30.
 
 
Нагадаем, што Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ на свой зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі, датаваны 10 снежня 2013 года, які тычыўся ўнясення сайта www.spring96.org у спіс абмежаванага доступу. У прыватнасці, у адказе паведамляецца, што дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, за арганізацыю дзейнасці, альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасць.
 
 
Далей Генеральная пракуратура паведамляла, што, «у сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе www.spring96.org размяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеянні, забароненыя заканадаўствам, Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 г. вынесеная пастанова аб уключэнні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнэт-рэсурсу у спіс абмежаванага доступу, якая накіраваная ў РУП «БелДІЭ» для выканання».
 
 
Валянцін Стэфановіч лічыць, што згодна з арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, і таму просіць суд прызнаць пастанову Генеральнай пракуратуры аб унясенні інтэрнэт-рэсурсу spring96.org у спіс абмежаванага доступу неправамернай і абавязаць Генпракуратуру адмяніць дапушчаныя парушэнні.
 
 
Раней Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Аператыўна-аналітычны цэнтр, які зацвярджаў пастанову аб абмежаванні доступу інтэрнэт-карыстальнікаў да асобных сайтаў, і ў РУП «БелДІЭ», якое непасрэдна фармуе спісы абмежаванага доступу. Але даведацца, хто стаў ініцыятарам унясення сайта spring96.org у гэты самы «чорны спіс», у гэтых установах не ўдалося.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: