«Вятры не з таго боку»: збыліся мары нацыяналістаў?

Калі праблемы назапасіліся, іх варта вырашыць і спаць спакойна. Інакш кожны прайдзісвет з Захаду ці Усходу, без розніцы, прыйдзе і будзе ціснуць на балючыя кропкі. Няважна з якім прозвішчам ці грамадзянствам, ключавое слова — «кожны». Ён можа нават моўчкі стаяць з мікрафонам: людзі самі ўсё скажуць. Алесь Кіркевіч на budzma.by разважае пра сённяшнюю патрыятычную рыторыку беларускіх уладаў.ь



Даўным-даўно на адным андэграўдным схадняку коратка стрыжаных прыхільнікаў святла, дабра і «беларускай Беларусі» дзяўчына ў скуранцы пад гітару спявала: «Лукашэнка — наш новы Вітаўт!». Песня здавалася ці то сцёбам, ці то дзівацтвам. Заспявала і заспявала. Забыліся.

Насамрэч жа неаднаразова даводзілася чуць ад нацыяналістаў, маўляў, дзейны прэзідэнт зусім нядрэнны. Шкада толькі, што прарасійскі. Каб такі самы, толькі ў вышыванцы ці прынамсі з Пагоняй на фуражцы, дык быў бы наш Піначэт, за якога і ў агонь, і ў ваду. Моцны, харызматычны і далей па спісе...

Паўла Шарамета, светлая памяць, дарэчы, заўжды непакоіў той факт, што калі б, маўляў, кіраўнік краіны загаварыў па-беларуску, усе «свядомыя» і «адраджэнцы» імгненна апынуліся б у ягоным лагеры.

«Перад Расіяй на калені не станем!»

Ну вось, падаецца, «сбылись мечты народные».

На нарадзе са старшынёй КДБ прэзідэнт кажа пра «вятры не з таго боку», якія разгойдваюць човен, нервуюць, шкодзяць. «Не з таго» — значыць не з Захаду. Не адтуль, адкуль чакалі. «Родныя браты праблем падкідваюць у СМІ», — кажа прэзідэнт. «Родныя» — гэта, ясна, не пра палякаў ці амерыканцаў.

Дэпутат Ігар Марзалюк абураецца, як гэта свядомыя «топяць» за расійскамоўнага папуліста, маючы на ўвазе Ціханоўскага. Пра Бабарыку — у гэтым жа ключы: «Бой чыіх курантаў гэты «эфектыўны менеджар» лічыць сваім родным?» Ну і далей пра адказнасць перад краінай і прывіды грамадзянскай вайны.

Антырасійскі флёр, няхай пакуль у лёгкай форме, прасочваецца і ў эфірах БТ. У сюжэце пра блогера дыктар кпіць з таго, што яго падтрымлівае Статкевіч. Той самы Статкевіч, які зусім нядаўна прамаўляў на мітынгах супраць інтэграцыі з РФ. А тут «топіць» за чалавека, які пяць гадоў у Маскве грошы зарабляў.

Дажыліся да таго, што ўкраінскія нацыяналісты хваляць Лукашэнку! Вось ён лідар: кажа, што «перад Расіяй на калені не станем», сваю ракетную праграму запускае. І гэта ў традыцыйна прарасійскай Беларусі! Далей па тэксце — крытыка ў бок сваёй «бубачкі», нерашучага і лагоднага Зяленскага.

«Родная не свая зямля»

Давайце шчыра: кожны нацыяналіст у душы — патрыёт-дзяржаўнік, якому хочацца трошкі парадаў, вялізных сцягоў па-над дзяржаўнымі будынкамі і свайго, няхай маленькага, але Піначэта (у крайнім выпадку — Булак-Балаховіча). Свая зямля, свая моц, свая ўлада. Словы «незалежнасць», «цэласнасць краіны», «непарушнасць межаў» — чырвоныя лініі, якія нельга пераходзіць.

Але патрыётам-дзяржаўнікам у нас традыцыйна цяжка. Як можна лічыць сваёй краіну, якая рэгулярна выкідае гісторыю на сметнік? Краіну, у якой забітая адукацыя на роднай мове? Краіну, якая раз на пару гадоў гатовая развітацца з суверэнітэтам за нафту і газ, гандлюючыся адно пра цану таго суверэнітэту? Трэба ўсё гэта неяк тлумачыць самому сабе, а часам і іншым: «родная не свая зямля», як пісаў класік...

Выглядае, што дзяржава зараз будзе актыўна апеляваць да патрыятычных пачуццяў. Да высокіх матэрый. Да непарушнасці межыў і суверэнітэту. «Захаваць краіну любой цаной!..» Але пытанне нават не ў цане, а ў тым, што маецца на ўвазе пад «краінай». Калі дзяржаўныя ідэолагі вядуць адлік незалежнасці ад 1994 года, то, магчыма, і скончыцца яна павінная з канцом кіравання дзейнага лідара? Далей хоць трава не расці?..

Патрыятызм — не суботнікі БРСМ, не часопіс «Юный спасатель»

Усе мы любім гісторыю Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Некаторыя яе нават ведаюць... і ўсё адно любяць. Тады, як мы памятаем, краіна ішла да свайго скону паэтапна. Эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя супярэчнасці доўга назапашваліся, не вырашаліся, каб пасля ўвесь праект схлопнуўся — падзелы канца XVIII ст. паставілі кропку. Не мехам бульбы ўсё гэта звалілася: эліты краіны доўга рыхтавалі глебу для такога фінішу. І апеляцыі да высокіх матэрый і шляхецкай годнасці не ўратавалі.

Вяртаючыся да сённяшняга дня: калі ўсё дрэнна на кожным кроку, калі ўлада дапускае памылку за памылкай і нават не спрабуе іх выпраўляць, апеляцыі да патрыятызму не дапамогуць. І не таму, што патрыёты не схочуць (можа, і схочуць), а таму, што для паспалітага люду «патрыятызм» ужо ператварыўся ў нешта паміж суботнікамі БРСМ і грашыма для класнай кіраўніцы, каб тая выпісала часопіс «Юный спасатель».

Патрыятызм, незалежнасць, непарушнасць межаў — гэта святыні. Гэта не абгаворваецца. Але ж рэч не толькі ў форме, але і ў сутнасці. Не толькі і не столькі ў памежных слупах, вышыванцы ці мове, колькі ў грамадзянскай згодзе. Калі праблемы назапасіліся, іх варта вырашыць і спаць спакойна. Інакш кожны прайдзісвет з Захаду ці Усходу, без розніцы, прыйдзе і будзе ціснуць на балючыя кропкі. Няважна з якім прозвішчам ці грамадзянствам, ключавое слова — «кожны». Ён можа нават моўчкі стаяць з мікрафонам: людзі самі ўсё скажуць.

І апошняе. Ніводзін патрыёт у здаровым розуме не хоча вайны. Не хоча распальваць вогнішча ў сваім доме. Не хоча крыві на бруку і «нябесных сотняў»: занадта шмат будзе знаёмых прозвішчаў у тых спісах... Але і дзяржава мусіць разумець, што дубінкі з браневікамі не вырашаць. Гэта ўсяго толькі ранішняя доза алкаголю, якая дапаможа яшчэ нейкі час знаходзіцца ў дурмане, забыцца на праблемы. Цяжкае пахмелле ўсё адно будзе.

budzma.by


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: