Вязня, за якога заступіліся міжнародныя праваабаронцы, тэрмінова перавялі ў іншую калонію

Эміль Астраўко, за якога заступілася Amnesty International, тэрмінова пераведзены ў дарослую калонію, паведамляе mspring.online. Цяпер ні ў UNICEF, ні ў магілёўскай ГНК, ні ў спэцдакладчыка ААН пытанняў да выхаваўчай калоніі №2 не будзе?



Эміль Астраўко пераехаў літаральна праз дарогу. У Бабруйску пенітэцыярныя ўстановы знаходзяцца побач: хлопца перавялі з выхаваўчай калоніі для непаўналетніх №2 у дарослую папраўчую калонію з такім жа нумарам – ВК 2.

Замест экзаменаў – на «зону»

Нагадаем, на момант затрымання адзінаццацікласнікаў Эмілю Астраўко было ўсяго 17 гадоў. У мінулым годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па «антынаркатычнаму» ч.4 артыкулу 328 КК РБ – хлопца абвінавацілі ў тым, што ён быў членам арганізаванай злачыннай групоўкі, якая вырабляе і прадае наркотыкі. Само абвінавачванне, улічваючы ўзрост школьніка, выглядала падазрона. Справа таксама мела шмат супярэчлівых сведчанняў. Пры яе пераглядзе судом вышэйшай інстанцыі злачынства ўжо было перакваліфікавана на частку 3 артыкула 328 (здзейснена ў складзе групы), а тэрмін быў зменшаны да 8 гадоў.

Напачатку чэрвеня маці хлопца Юлія Астраўко ў якасці актывісткі руху “Маці 328” падала ў суд грамадзянскі пазоў да Міністэрства ўнутраных спраў. Да іскавых патрабаванняў далучыліся таксама прадстаўнікі сем’яў Саўчанкавых і Шаркоўскіх, чые непаўналетнія дзеці таксама асуджаныя па артыкуле 328.

Кожная з жанчын запатрабавала ад МУС кампенсацыі шкоды ў 100 тысяч рублёў, бо ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона «Аб органах унутраных спраў» праваахоўнікі павінны займацца прафілактыкай і папярэджаннем правапарушэнняў, забяспечваць бяспеку грамадзян. Але менавіта гэтым міліцыянты і не займаліся, чым прычынілі сем’ям, на іх думку, шкоду.

Калонія спалохалася судовага пазову?

Прадказальна суд у задавальненні гэтага стратэгічнага пазову адмовіў. Але Юлія Астраўко не мае намеру здавацца і заявіла, што падобны пазоў будзе пададзены і супраць бабруйскай выхаваўчай калоніі для непаўналетніх №2. Пасля гэтага хлопца, які стаў у калоніі паўналетнім, на працягу трох дзён тэрмінова перавялі ў дарослую калонію, хоць ні ён, ні яго бацькі пра гэта не хадайнічалі.

Нагадаем, міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выкарыстала кейсы Эміля Астраўко і Васіля Саўчанкава, як прыклад непрапарцыйнага пакарання для непаўналетніх у Беларусі. Актывісты гэтай арганізацыі з розных краін слалі лісты начальніку бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 з патрабаваннем выконваць правы падлеткаў у зняволенні.

У планах праваабаронцаў быў запуск вялікай кампаніі ў падтрымку і іншых малалетніх беларусаў, якія апынуліся ў калоніях, аднак яе старт некалькі разоў адкладаўся з-за вялікай колькасці падобных спраў. На сёння Amnesty International разглядае ўжо 32 кейса непаўналетніх, асуджаных на велізарныя тэрміны. У бліжэйшыя тыдні гэтая праваабарончая арганізацыя апублікуе афіцыйны брыф.

У дарослых калоніях адбываць тэрмін лягчэй

Падобна на тое, пераводам Эміля Астраўко ў дарослую калонію кіраўніцтва дзіцячай ВК-2 адбілася ад «галаўнога болю» у выглядзе акцый Amnesty International, візітаў UNICEF і магчымага наведвання грамадскай назіральнай камісіяй. А бацькі хлопца атрымалі «бонус» у выглядзе рэальнага палягчэння ўмоў утрымання іх сына – лічыцца, што ў дарослай калоніі зняволеным адбываць тэрмін лягчэй, чым у дзіцячай.

Напрыклад, норма здабычы гумы з бракаваных пакрышак у ПК-2 ніжэй у пяць разоў, чым у калоніі для малалетніх. У дарослых асуджаных больш вольнага часу, ім рэгулярна прыходзяць лісты, а ў выпадку хваробы іх не накіроўваюць у прамзону.

Міжнародная супольнасць усё часцей звяртае ўвагу на праблему парушэння Беларуссю Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. У Жэневе 2 ліпеня ў рамках 41-й сесіі Савета ААН па правах чалавека з дакладам выступіла спецдакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марын. Яна асобна адзначыла праблемы беларускага заканадаўства датычна правоў дзяцей.

У краіне адсутнічае спецыяльная судовая сістэма для непаўналетніх (ювенальная юстыцыя). У якасці прыкладаў былі прыведзеныя кейсы, калі непаўналетніх, затрыманых з невялікай колькасцю наркотыкаў, прысуджалі да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. Таксама спецдакладчык наракала на неналежныя ўмовы ўтрымання непаўналетніх у месцах пазбаўлення волі. Бабруйская ВК-2 тут стаіць першым нумарам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!