Вязынка запрашае адзначыць 20-годдзе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

Грамадскай арганізацыі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» споўнілася 20 год яшчэ летась, але святкуюць толькі цяпер. Істотны накірунак працы арганізацыі – этнаграфічныя экспедыцыі. Пра выезд у Смаргонскі раён распавяла кіраўніца экспедыцыі Ірына Паўловіч.
Фота Дзіяны Філіпчык

Фота Дзіяны Філіпчык


Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ) сваё існаванне адлічвае таксама ад экспедыцыі, у Лепельскі раён у жніўні 1998 года. З таго часу арганізацыя правяла больш за 30 буйных і безліч кароткіх экспедыцыйных выездаў. Кароткія паездкі звычайна прымяркоўваюцца да мясцовых каляндарных святаў. У буйных экспедыцыях даследчыкі-аматары комплексна вывучаюць матэрыяльную і духоўную традыцыйную культуру раёна.

Смаргонская экспедыцыя прайшла ў ліпені 2018 года. Рэгіён цікавы шматканфесійнасцю: сярод пераважна каталіцкага насельніцтва жывуць праваслаўныя. Па ўспамінах старэйшых жыхароў, у некаторых вёсках вялікай розніцы між імі не адчувалася: хадзілі адно да аднаго ў госці, жаніліся. У той жа час, літаральна ў суседняй вёсцы, яшчэ пасля Другой сусветнай вайны маглі прытрымлівацца забароны на міжканфесійныя шлюбы і ўсяляк адасабляцца. За савецкімі часамі ў Смаргонскім раёне касцёлы практычна не зачыняліся. Мала дзе вернікам так пашанцавала. Пад Смаргонню амаль усе католікі лічаць сябе палякамі ў адрозненні, напрыклад, ад Ляхавіцкага і Пружанскага раёнаў, дзе католікі называюць сябе беларусамі. Солы, Крэва і Жодзішкі былі мястэчкамі, там жылі габрэі і татары. З імі таксама былі мяшаныя шлюбы ў хрысціян. Узгадваюць пра татарскія музычныя капэлы.

Фота Аляксандры Паплыка

Фота Аляксандры Паплыка


Цікава складаліся адносіны між сялянамі і шляхтай. Напрыклад, у вёсках Крыўск і Загор’е жылі праваслаўныя сяляне, а побач былі каталіцкія шляхецкія ваколіцы. Сяляне і шляхта кантактавалі між сабой, дзеці гулялі разам, але вечарыны былі асобныя, хаця шляхта запрашала вясковых музыкаў. Імёны і прозвішчы сялянаў і шляхты адрозніваліся, усе адразу пазнавалі, дзе чые. Жаніцца між сабой сталі толькі пасля ўтварэння калгасаў, дзе ўсе былі роўныя.

У Смаргонскім раёне добра памятаюць вясельныя і хрэсьбінныя песні. У традыцыйных строях у ХХ стагоддзі ўжо не жаніліся, адзенне куплялі ў горадзе. Аднак ход цырымоніі захоўваўся цалкам традыцыйны: гулялі тры дні, здымалі маладой вянок і зашывалі яго ў падушку ці пускалі на ваду, пераапраналіся ў цыганоў. На вясельных здымках можна пабачыць адмысловыя вясельныя брамкі, аплеценныя зелянінай. Іх робяць дасюль. За савецкім часам маладыя ездзілі вянчацца ў Вільню, каб пазбегнуць магчымай пагалоскі пасля цырымоніі ў мясцовым касцёле, бо ўладамі гэта не віталася.

Вясельная брама ў в. Шутавічы, фота Кацярыны Аракчэевай

Вясельная брама ў в. Шутавічы, фота Кацярыны Аракчэевай

У Вільню таксама вазілі хрысціць дзяцей. На хрэсьбіны бабку каталі і “тапілі”, месцамі нават па-сапраўднаму, ці проста вазілі да вады. Падчас застолля праз стол перадавалі скручанную з анучак ляльку і дзіця, часам іх нават блыталі.

Міфалагізацыя Вільні праяўляецца і ў расповедах аб падземных хадах, якія нібыта вялі туды з Крэва.

З каляндарных святаў у Смаргонскім раёне добра памятаюць Юр’я (23 красавіка / 6 мая). Да яго прымяркоўваліся “запаскі” (першы выган жывёлы ў поле). Пры гэтым кароў пераганялі праз свянцонае яйка, ці ім качалі па скуры жывёл. Ушаноўвалі ў гэты дзень пастухоў. На Вялікдзень спявалі касцёльнае “Wiasioły nam dziś dzień nastał”. Запісана таксама шмат валачобных песень. Дасюль і на праваслаўны, і на каталіцкі Вялікдзень па вёсках ходзяць дзеці, “малыя жачкі”. Яны дэкламуюць вершыкі, за што атрымліваюць пачастункі. Сярод католікаў часта ўзгадвалі асвячэнне хлеба ў Дзень святой Агаты (5 лютага). Бохан захоўвалі цэлы год, верылі, што ён дапамагае патушыць пажар. Такі традыцыйны вогнетушыльнік. Падчас жніва ніву пасыпалі соллю, прыкопвалі яйка, рабілі снапок-“гаспадар”. Яшчэ памятаюць бясчынствы, што моладзь рабіла на Каляды. Узгадваюць і калядныя абыходы: з каляднікамі хадзілі музыкі, аднак, выконвалі яны не традыцыйныя калядкі, а касцёльныя песні. Распавядалі таксама як у вёсцы Арляняты на мяжы з Ашмянскім і Валожынскім раёнамі пасля шэсця Трох каралёў 6 студзеня ў католікаў хадзілі “Гырады” (Ірады): пераапраналіся ў розных персанажаў, у тым ліку ў чарцей.

Вельмі шмат тэкстылю, зробленнага ў тэхніках васьмінітовага і перабіранага ткацтва. Да таго ж, усё гэта акуратна захоўваецца, застаецца сямейнымі каштоўнасцямі. Частак традыцыйнага строю не знайшлі ні ў жыхароў, ні ў клубных установах: яго перасталі насіць вельмі рана, рэгіён вельмі ўрбанізаваны. Пабачылі толькі адзін андарак і куплёныя хусты-абхінанкі, якія выкарыстоўваюць дасюль. Швачкі найбольш узгадвалі пра мужчынскае адзенне, што ім замаўлялі: галіфэ, шапкі. Як хатняя спроба зрабіць нешта моднае – блузкі з вышыўкамі, мярэжкамі, зашчэпамі. Затое посцілак і ручнікоў у клубных установах адфатаграфавалі даволі. Да тога ж, усе экспанаты клубных пакояў-музеяў добра апісаныя, да іх прышытыя цэтлікі з інфармацыяй.
Пад Крэвам узгадвалі пра ганчарства, аднак жывога ганчара ніводнага не знайшлося. У некаторых вёсках дасюль жыве па некалькі гарманістаў. Прыгадваюць масткоў-самавучак, якія размалёўвалі дываны і шафы.

Посцілка працы Казакевіч Яўгеніі Міхайлаўны, в. Сівіца, фота Аляксандры Паплыка

Посцілка працы Казакевіч Яўгеніі Міхайлаўны, в. Сівіца, фота Аляксандры Паплыка

в. Краснаазёрнае, фота Аляўціны Копаць


в. Рудалі, фота Кацярыны Аракчэевай

в. Рудалі, фота Кацярыны Аракчэевай


У вёсцы Лісічына распавядалі пра папараць “Чортава барада”, якая дапамагае ад хвароб унутраных ворганаў. Лічыцца, што католікі значна менш за праваслаўных вераць у забабоны, але ў Смаргонскім раёне гэта не пацвердзілася: людзі ўсіх канфесій расказвалі і пра чараўніцтва, і пра вядзьмарства, і пра чарцей з вадзянікамі…

Акрамя экспедыцый СЭТ арганізуе лекцыі, гурткі і летнікі па традыцыйных спевах і рамёствах, выданне фальклорных матэрыялаў. У супрацоўніцтве з Музеем Янкі Купалы штогод праводзіць у Вязынцы святы Гукання вясны і Багач. Сёлета ахвочых паўдзельнічаць у Гуканні вясны чакаюць у Вязынцы 24 сакавіка. Пачатак свята а 13.00.

У праграме – веснавыя песні на гары і карагоды разам з усімі ўдзельнікамі свята, гульні для моладзі і дзяцей, традыцыйныя танцы і кірмаш рамёстваў, выстава, прысвечаная дзейнасці СЭТ, фотазона, майстар-класы. Будзе дзейнічаць традыцыйная кухня.

У свяце прымуць удзел спеўныя гурты "Горынь", "Dainava", "Guda", "Гаманіна", "Варган", "Рутвіца", "Калыханка", "Явар", "Мярэжа", спявачкі з этнаграфічнага клуба "Кола" і аўтэнтычныя выканаўцы з в. Раеўшчына Маладзечанскага раёна (гурт "Крынічанька"), капэла "На Таку", капэла "Колісьнія", а таксама музыкі Вольга Фёдарава (цымбалы), Антаніна Емяльянчык (скрыпка), Яна Храмцова (бубен), Кастусь Путронак (гармонік), Мікола Кашкан (гармонік), Наста Шпілеўская (акардэон) і ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.


Уваход на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, – па музейным квітку.

Фота з архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!