Ветэран вайны 27 гадоў даказваў, што ваяваў

Івану Андрэевічу Казаку спатрэбілася 27 гадоў, каб даказаць, што ён удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, а не тылавы работнік. За гэтыя гады жыхар в. Хатынічы недаатрымаў ад дзяржавы 162 мільёны рублёў.



Як паведамляе газета “Ганцавіцкі час”, у савецкае войска мужчына патрапіў у чэрвені 1944 года. Малады хлапец, каб трапіць на фронт, прыпісаў сабе ўзрост. Казак ваяваў у Польшчы, Аўстрыі і Нямеччыне, скончыў службу ў Мінску. Пазней высветлілася, што Іван Казак знаходзіўся ў спісах загінулых на вайне, і работнікі мясцовага сельсавету выкраслілі яго са спісаў мёртвых ды занеслі ў спіс "працаўнікоў тылу".

У 1986 годзе, праз 42 гады працы ў калгасе, франтавіку прыйшоў час выходзіць на пенсію, і тут аказалася, што яму налічылі простую працоўную пенсію. Менавіта з таго часу ветэран і ягоныя сваякі спрабавалі выправіць памылку, аднак ні вайсковыя ўзнагароды, ні дакументы так і не дапамаглі аднавіць справядлівасць. Ветэран знайшоў нават сям’ю свайго франтавога камандзіра, але таго ўжо не аказалася ў жывых.

У 2000-м годзе Таццяна Іванаўна накіравала ліст у рэзідэнцыю прэзідэнта, адкуль прыйшоў адказ з патрабаваннем да мясцовых улад "разабрацца на месцы”. З таго часу разбіральніцтвы “ішлі” да гэтага года.

Толькі 15 ліпеня 2013 года франтавіку выдалі пасведчанне “Удзельніка Вялікай Айчыннай вайны” і налічылі 500 тысяч рублёў дадатковай пенсіі.

Родныя ветэрана лічаць, што іхняга бацьку дзяржава ашукала і за мінулыя гады не даплаціла як мінімум 162 мільёнаў рублёў пенсіі.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Клявец віны сваёй службы ў гэтым не бачыць. Увогуле, спачатку яна адмаўлялася размаўляць з журналістам, з’едліва заўважаючы: “На якой падставе я павінна даваць вам інфармацыю?!” Аднак пасля змяніла гнеў на міласць і адказала (дарэчы, ні разу так і не назваўшы ветэрана па імені і імені па бацьку):

— У яго не было статуса, мы і не плацілі. Не было падстаў. Мне ніхто не прыносіў пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Ніякага пераразліку за апошнія тры гады я рабіць не буду. І ніякі суд цяпер не дапаможа яму зрабіць пераразлік. Не ведаю, хто ўвёў у вушы яго сваякам такую інфармацыю.

Тым не менш родныя ветэрана зараз збіраюць адпаведныя дакументы, каб падрыхтаваць позву ў суд.

www.gazetaby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: