VKL3D: Крэўскі і Гальшанскі замкі можна ўбачыць у акулярах віртуальнай рэальнасці

З 29 жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі пачала працу выстава «Апыніцеся ў сэрцы гісторыі», якая дае мажлівасць наведнікам убачыць усё былое хараство двух амаль цалкам разбураных замкаў — Крэўскага і Гальшанскага.
Выстава адбываецца ў межах культурна-асветніцкага праекта VKL3D, які распачаў энтузіаст-дызайнер Ахрэм Белабровік каля 5 гадоў таму. Менавіта дзякуючы яго імпэту і адбылася 3D-рэканструкцыя згаданых замкаў.

Ужо на самым пачатку прэзентацыі Ахрэм папрасіў журналістаў, каб тыя не здымалі яго. Аўтар аднаго з, безумоўна, самых цікавых праектаў гэтага года, а мо і цэлага дзесяцігоддзя, не хоча публічнасці. Усю ўвагу прысутных ён скіраваў на сваё дзецішча. «Я — гэта мой праект, ён вышэйшы за нейкія мае амбіцыі і славалюбства. А ўсё, што тычыцца мяне, — там, там частка маёй душы, частка майго сэрца, якое я аддаю свайму народу з павагай да продкаў, з любоўю да сучаснікаў і з верай у нашчадкаў», — прамовіў журналістам Ахрэм.

Першым быў «адноўлены» Крэўскі замак, дзе задушылі вялікага літоўскага князя Кейстута, а ў 1385 годзе падпісалі знакамітую Крэўскую унію, якая паклала пачатак збліжэнню Польскай кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Як вядома, замак моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. Ад яго, на жаль, сапраўды засталіся адны руіны.

Паглядзець 360-градусную панараму гэтага замка можна было і раней на сайце vkl3d.com, які ў дадзены момант знаходзіцца на рэканструкцыі. Справа ў тым, што тэхналогія Flash, пры дапамозе якой былі зробленыя першыя крокі ў справе 3D-рэканструкцыі, адышла ў нябыт.


Другім замкам, за «аднаўленне» якога ўзяўся Ахрэм, стаў знакаміты Гальшанскі замак — колішняя рэзідэнцыя роду Сапегаў. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, з дапамогай якіх рабілася ягоная 3D-рэканструкцыя, выгляд гэтага замка атрымаўся яшчэ больш відовішчным. «Рэальна захоплівае дух», — чулася ў зале падчас дэманстрацыі.

Але адна справа — глядзець гэтыя замкі на ютубе, і зусім іншая — разглядаць іх праз акуляры віртуальнай рэальнасці! Кампанія Samsung, даўно вядомая сваёй беларусацэнтрычнай пазіцыяй, падтрымала гэты ўнікальны праект, і цяпер дзякуючы тэхналогіі віртуальнай рэальнасці Samsung Gear VR кожны наведнік гістарычнага музея можа ўбачыць адноўленыя ў 3D замкі.


Варта адзначыць таксама, што замкі рэканструяваліся не на пустым месцы — аўтару актыўна дапамагалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Таму гэтую выставу можна смела назваць навукова-папулярнай.

Некамерцыйны праект VKL3D — гэта ўдалы прыклад таго, калі прыватная ініцыятыва супадае з інтарэсамі бізнесу і дзяржавы. Не палянуйцеся, завітайце ў гістарычны музей, каб на ўласныя вочы ўбачыць веліч нашай мінуўшчыны.

Сачыць за навінамі, а таксама далучыцца да каманды праекта можна ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і Facebook.


Паводле budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!