Вольга Абрамава: «Ступень масавага пратэсту будзе нарастаць»

Ёсць права народа на супраціў тыраніі. Гэта тое, што прапісана ў сістэме ўніверсальных правоў чалавека. Любы народ мае на гэта права, і мірны пратэст падаўляць так жорстка — гэта проста абсурдна, і гэта не адпавядае таму інстынкту самазахавання, які мусіў бы спрацаваць у сістэме ўжо сёння.

У Беларусі працягваецца навала судовых працэсаў над удзельнікамі мірных акцыяў пратэсту, якія парйшлі па краіне апошнімі днямі. 

Суддзі па сумнай завядзёнцы прыслухоўваюцца да паказанняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў і нават не звяртаюць увагі на словы тых, супраць каго вядуцца працэсы.

Што адбываецца ў нашай краіне? Чаму міліцыянты хлусяць у судах і не баяцца адказнасці за свае дзеянні? Пра гэта НЧ распавяла былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава.

— Як патлумачыць тое, што мы назіраем у Беларусі апошнім часам?

— Гэта адбылася склератызацыя калектыўнага галаўнога мозгу ўлады. Гэта няздольнасць улады адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца, і рабіць правільныя высновы. Лічыцца, што прасцей за ўсё запалохаць людзей, спадзявацца на тое, што ўсё рассмокчацца, у тым ліку і цяжарнасць грамадства масавай незадаволенасцю. Але цяжарнасць сама па сабе не рассмоктваецца, і яе зараз хочуць абарціраваць, але гэтага не атрымаецца.

Ступень незадаволенасці зараз вельмі ўзрасла. Тут улады не ўлічылі ментальнасць беларусаў. Калі жабрацтва пачало браць за горла, людзі пачалі абараняць узровень дабрабыту ўласнай сям’і, патрабуючы пераменаў ад дзяржавы. І яны гатовыя пайсці на многае. Я не скажу, што яны возьмуцца за вілы, але ступень масавага пратэсту буде нарастаць. І прэтарыянцамі, я маю на ўвазе беларускі АМАП, тут сітуацыю не выправіш. Гвалтам тут нічога не разграбеш. Аднак казаць, што для ўлады ўсё скончылася, занадта рана, бо падаецца, што гэтыя ўладныя людзі чыталі толькі Макіявелі. Там казалася, што калі выбіраць паміж любоўю да сябе, правіцеля, і страхам, то трэба абіраць страх, а ўвогуле лепш, калі ёсць і тое, і другое. Але калі альтэрнатывы няма, то трэба выбіраць страх.

І гэта сведчыць пра тое, што ўлада напалохана. Прычым напалохана так моцна, як дагэтуль не было ніколі.

— Адкуль столькі жорсткасці і злосці ў тых, хто, па сутнасці, павінен абараняць грамадзянаў, іх жыццё і інтарэсы?

— Гэта наступствы наймагутнай псіхалагічнай апрацоўкі. Любога чалавека пэўнай сістэмаю дзеянняў у дачыненні да яго, дрэсураю і псіхалагічнымі мерапрыемствамі можна давесці да стану звера. Бо на самай справе — і любы культуролаг вам гэта скажа — слой культуры ў чалавеку вельмі тонкі: прыкладна 10 працэнтаў параўнальна з біялагічным слоем. І гэтыя 10% адрозніваюць нас ад звера. Прыбіраецца ён спецмерапрыемствамі даволі эфектыўна.

Сістэма прамыўкі мазгоў адпрацавана вельмі даўно. Я не скажу, што яна фармуе сацыяпатаў, але яна фармуе людзей, якія цалкам упэўнены ў правамернасці таго, што яны робяць. У іх няма сумневаў, няма таго, што Гітлер называў “хімерай у выглядзе сумлення”. Гэтага няма, гэтыя фільтры проста прыбраныя. Прыбраныя штучна, спецапрацоўкаю. Але я б параіла ўключыць калектыўны інстынкт самазахавання такому слою працаўнікоў і падумаць пра тое, што адказваць, у прынцыпе, давядзецца перш за ўсё ім. І гэты час не за гарамі. І тое, што яны будуць спасылацца на загад, не спрацуе, бо існуе паняцце “злачыннага загаду”.

Ёсць права народа на супраціў тыраніі. Гэта тое, што прапісана ў сістэме ўніверсальных правоў чалавека. Любы народ мае на гэта права, і мірны пратэст падаўляць так жорстка — гэта проста абсурдна, і гэта не адпавядае таму інстынкту самазахавання, які мусіў бы спрацаваць у сістэме ўжо сёння. Дарэчы, я назірала, што ў некаторых каментатараў гэты інстынкт ужо пачынае спрацоўваць — у тэлекаментатараў афіцыйных падзеяў у Беларусі. Хоць у нюансах, але людзі задумаліся, што будзе пасля таго, як адбудзецца змена ўлады.

Зараз карцінка складваецца вельмі нярадасная. Наколькі было б лепш, каб улада не спрабавала падманваць свой народ, пераконваць яго, што мерапрыемствы 25 сакавіка былі звернуты самімі заяўнікамі, а не таму, што Мінгарвыканкам парушыў усе магчымыя тэрміны пры прадастаўленні дазвола і ўсю працэдуру. Улады імкнуцца зваліць віну на нейкіх міфічных распальнікаў грамадзянскай вайны. Можна было б проста дазволіць гэтае мерапрыемства, і не патрэбна было б выкарыстоўваць сілу. І, натуральна, трэба адкрыта і шчыра адмяніць, а не адкладаць, дэкрэт № 3.    

І вось што зараз улада павінна рабіць у адносінах з Захадам, як яна можа разлічваць на крэдыт МВФ? Як яна можа разлічваць на эфектыўныя знешнепалітычныя кантакты? Дапусцім, зараз абвесцяць мараторый на смяротнае пакаранне — гэта апошняе, чым засталося пагандляваць. Але гэта не выратуе сітуацыю, бо ва ўмовах, вельмі спрыяльных для Беларусі са знешнепалітычнага пункту гледжяння на заходнім накірунку, выкарыстоўваць дэманстратыўны гвалт, які не меў аніякіх падставаў, у рэальным жыцці было неабачліва і небяспечна для самой улады.

  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: