Вольга Кавалькова: Ідзе гульня ў адны вароты

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Вольга Кавалькова распавяла пра тое, што 22 красавіка арганізатары Дня Волі ў Мінску будуць звяртацца ў суд.



Заяўнікі акцыі 25 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы — Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў і Мікалай Казлоў — атрымалі з УУС Цэнтральнага раёна пратаколы аб здзяйсненні імі адміністрацыйнага парушэння па арт. 23.34 ч.2 (Парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства), што цягне за сабой штраф ад 20 да 40 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. Маўляў, на працягу 10 дзён заяўнікі не аплацілі паслугі міліцыі.

Вольга Кавалькова распавяла «Радыё Рацыя»:

— Сітуацыя, безумоўна, дзіўная. Мы звярнуліся ў міліцыю з прэтэнзіяй па той дамове, якая была заключана, а зараз даведваемся, што на нас склалі пратаколы за тое, што, маўляў, да гэтага часу не аплацілі паслугі міліцыі. Калі мы хадзілі ў ГУУС Мінгарывканкама, то думалі, што вядзем перамовы, а аказалася, што тут гульня ў адны вароты. Маўляў, атрымаем свае грошы ў любым выпадку.

— Але ж спрэчка павінна вырашацца ў судовым парадку…

— Безумоўна. Пасля таго, як мы аднеслі прэтэнзію, нам паведамілі, што адказ знаходзіцца на подпісе ў кіраўніцтва. А зараз, улічваючы, што ўжо склалі пратаколы, мяркую, што наогул ніякай рэакцыі на наш зварот не будзе.

— Вашы далейшыя дзеянні?

— 22 красавіка будзем падаваць скаргу ў суд. Але, думаю, што ў хуткім часе і міліцыя перадасць адміністрацыйныя справы на нас у суд.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: