Восенню машына ДАІ з маячкамі збіла двух чалавек. Вінаватымі ў ДТЗ прызналі пешаходаў

Восенню мінулага года ў Мінску машына ДАІ з уключанымі мігалкамі, якая суправаджала спецтэхніку сілавікоў, збіла пешаходаў. Яны пераходзілі дарогу па зебры на зялёнае святло, міліцэйскі аўтамабіль не заўважылі. Як высветлілася, нядаўна пешаходаў прызналі вінаватымі ў ДТЗ і пакаралі.


ДТЗ адбылося 22 лістапада 2020 года: каля 16.10 на праспекце Жукава: машына ДАІ з уключанымі мігалкамі і сірэнай, якая суправаджала аўтазакі, збіла на «зебры» мужчыну і жанчыну — яны пераходзілі дарогу на зялёны сігнал святлафора. Пешаход-мужчына не пацярпеў, а жанчыну даставілі ў бальніцу, дзе аказалі меддапамогу і адпусцілі дадому, нагадвае TUT.BY.

Пасля здарэння прайшло тры месяцы, нядаўна ДАІ вынесла рашэнне па справе: вінаватыя ў ДТЗ збітыя мужчына і жанчына. Пешаходы і відавочцы распавялі сваю версію падзей.

У тую нядзелю ў Мінску праходзілі дэцэнтралізаваныя акцыі пратэсту і сілавікі ездзілі па сталіцы. На праспекце Жукава, у раёне ГЦ «Outleto», пратэстоўцаў не было, спецтэхніка проста праязджала гэты раён. На тратуары каля рэгуляванага пешаходнага перахода сабраліся людзі: чакалі зялёнага святла, каб перайсці праезную частку.

Першым пачаў пераходзіць дарогу малады хлопец, за ім — жанчына і мужчына.

— Я была з сястрой і яе знаёмым. Зялёнае святло загарэлася, я ступіла на дарогу і пайшла, а мае засталіся на тратуары: аказваецца, удалечыні яны заўважылі машыну з мігалкамі. Я тую машыну не бачыла — як ішла на зялёны, так і пайшла, галавой па баках не круціла. Было вельмі холадна, я ў капюшоне, і было адно жаданне — хутчэй перайсці дарогу, — успамінае мінчанка Алена.

Услед за ёй на дарогу выйшаў Сяргей. Праўда, ён перад пераходам паглядзеў па баках: злева ўдалечыні ён бачыў машыну з уключанай «люстрай», але гуку сірэны не было.

— Аўтамабіль з мігалкай быў на прыстойнай адлегласці, таму падумаў, што калі я пачну пераходзіць чатырохпалосную дарогу, то мы з той машынай ніяк не перасячэмся, — распавёў Сяргей. — Калі я ўжо быў на другой-трэцяй паласе, то пачуў «кракатанне» машыны ДАІ і паскорыўся, каб хутчэй дабегчы да астраўка пасярэдзіне праезнай часткі.

Калі аўтамабіль з мігалкамі пад'ехаў бліжэй, пешаходы паскорыліся. Хлопец, які першым выйшаў на дарогу, паспеў пакінуць праезную частку, а вось Алена і Сяргей — не.

Пасля наезду Сяргей падняўся сам, траўм у яго не было. У Алены ж балела нага, ўстаць ёй дапамаглі людзі і кіроўцы, якія выскачылі з іншых машын. Сярод іх быў аўтамабіліст Дзяніс.

— Сустрэчная паласа была пустая, там ехала толькі машына ДАІ з мігалкамі, але без сірэны, а за ёй — аўтазак. Думаю, аўтамабіль суправаджэння папросту мог размінуцца з пешаходамі — ён ехаў па трэцяй паласе, але, пад'язджаючы да людзей, рэзка вільнуў у іх бок.

Таксама, паводле слоў Дзяніса, пасля наезду машына спынілася недзе праз 100 метраў. Побач з ёй затармазіў аўтазак. Вадзіцелі гэтых машын перагаварылі аб чымсьці і паехалі далей.

Адзначым, што ў той дзень у сваім каментары ДАІ падкрэслівала, што экіпаж заставаўся на месцы ДТЗ да заканчэння неабходных мерапрыемстваў.

— На шчасце, у нашай паласе была свабодная хуткая. З яе выскачылі медыкі і кінуліся да Алены: забралі яе і павезлі ў бальніцу.

Пра ДТЗ Дзяніс паведаміў у «102», дачакаўся прыезду міліцыі і распавёў супрацоўнікам пра ўсё, што бачыў. Мужчына адзначыў, што замераў, якія звычайна робяць пасля ДТЗ інспектара ДАІ, у той раз не рабілі, толькі склалі схему.

У шпіталі ў Алены дыягнаставалі моцны удар нагі, яна правяла на бальнічным два тыдні. Але больш яе хвалявала іншае: незадоўга да ДТЗ ёй зрабілі аперацыю на нагах з-за варыкознага пашырэння вен. Жанчына хвалявалася, ці могуць быць нейкія наступствы праз траўму пасля аварыі ў яе выпадку.

Па факце ДТЗ ДАІ праводзіла праверку, у выніку Алене і Сяргею абвясцілі, што яны парушылі пункт 20 ПДР, за гэта прадугледжана адказнасць паводле ч.1, арт. 18.23 КаАП Беларусі (папярэджанне або штраф да 1-3 БВ).

Параграф 4 пункт 20 ПДР Беларусі:

«Пры набліжэнні транспартнага сродку з уключанымі маячкамі сіняга або сіняга і чырвонага колераў пешаходу забараняецца пераходзіць (перасякаць) праезную частку дарогі, а пешаход, які знаходзіцца на праезнай частцы дарогі, павінен пакінуць яе, выконваючы меры засцярогі».

Сяргей з парушэннем пагадзіўся, а вось Алена вінаватай сябе не лічыць: на яе думку, праверку ў аддзеле дазнання правялі неналежным чынам.

— Я некалькі разоў хадайнічала аб тым, каб мне паказалі відэазапіс наезду з рэгістратара, які быў у машыне ДАІ. Аднак мне ў гэтым адмовілі. Сведак ДТЗ таксама не выклікалі для дачы тлумачэнняў.

Святлана падавала скаргі і прасіла разабрацца ў справе пракуратуру, УУБ МУС Беларусі, але адтуль паведамлялі: праверка праведзеная правільна.

У выніку ДАІ вынесла пастановы ў дачыненні да пешаходаў: Сяргею далі штраф у адну БВ (29 рублёў), Святлане — папярэджанне.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: