Восьмае сакавіка без руж

У моладзевым цэнтры "Фіяльта" адбыўся прагляд фільма, прысвечанага барацьбе жанчын Еўропы за права "людзьмі звацца".

Восьмае сакавіка пераўтварылася ў свята спажывецтва і мілых віншаванняў. Аднак так было не заўсёды — доўгія годы гэты дзень быў сімвалам радыкальнай барацьбы жанчын за роўныя правы.

Моладзевыя актывісты вырашылі нагадаць аб сапраўдным сэнсе "жаночага свята", зладзіўшы ў адукацыйным цэнтры "Фіяльта" прагляд фільму "Суфражыстка", а пасля — ягонае абмеркаванне.

Перад пачаткам фільма прысутныя заслухалі невялікі ўводны спіч аб тым, хто такія суфражысткі, і якім быў прававы і побытавы стан жанчыны ў Вялікабрытаніі ў той час: гэта і забарона на валоданне ўласнасцю і адсутнасць выбарчага права, і цяжкая праца ледзь не забясплатна.


Гісторыя фільма — гэта гісторыя радыкалізацыі жаночага руху. Спачатку ён ішоў у легальных рамках мітынгу, збору подпісаў, і выдання бюлетэня "Галасы для жанчын". Аднак пасля адхілення праекта закона аб праве голаса для жанчын частка суфражыстак пайшла больш радыкальным шляхам: біццё шыбаў, падпалы і выбухі. Галоўная гераіня фільма трапіла ў турму, многія іншыя пазбавіліся жыцця на гэтым шляху. Эмілі Дэвідсан выбегла насустрач лошадзі караля Георга V. На яе хаўтуры прыйшлі тысячы людзей — увесь свет даведаўся аб гэтым інцыдэнце. У 1928 годзе суфражысткі, зрэшты, дабіліся роўнага з мужчынамі выбарчага права.


Больш за 20 маладзёнаў з захапленнем слухалі гэты жывы летапіс смерцяў дзеля свабоды. Абмеркаванне не пакінула абыякавым нікога: фільм спадабаўся ўсім, і шмат хто задаў сабе пытанне — ці далучыўся б ён\яна да суфражыстак, калі б жыў у гэты час?

А які б выбар зрабілі вы?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!