«Вы яшчэ не ведаеце, што такое катаванні»

Пасля 30 гадзін утрымання на Акрэсціна ІТ-кансультанта Глеба Рубанава прывезлі ў суд і ўручылі позву на 16 траўня.
Фота Мікалая Дзядка

Фота Мікалая Дзядка

Як распавёў Глеб Рубанаў, увесь гэты час у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ён правёў без ежы і сну.

У 4.30 ранку 7 траўня на хатні тэлефон Глеба пазваніў чалавек, які прадставіўся дзяжурным Савецкага РУУС і папрасіў выйсці ў двор, каб праверыць, ці не пашкоджаны яго аўтамабіль, — нібыта затрымалі чалавека, які граміў машыны. Высветлілася, што з машынай усё ў парадку, а самога Глеба старшы ўчастковы Варанішча вельмі жадае бачыць у Савецкім РУУСе.

Мяне выманілі з хаты і прыгразілі затрыманнем, таму я паехаў добраахвотна. Я адмовіўся ад дачы паказанняў у РУУСе, і заявіў, што прашу выдаць позву ў суд і не затрымліваць мяне праз неабходнасць даглядаць за маці-інвалідам (што, дарэчы, выключае магчымасць адміністрацыйнага арышту). Але мяне затрымалі.

Фота Мікалая Дзядка

Фота Мікалая Дзядка

Цягам некалькіх гадзінаў знаходжання ў РУУСе Глеб спрабаваў падаць скаргу на імя начальніка ўстановы з нагоды беспадстаўнага затрымання. Але на гэта афіцэры Русецкі і Шэін упарта адказвалі, што падаць скаргу можна толькі пазней ("у судзе" ці проста "неўзабаве").  

Потым па дарозе з РУУС у ЦІП мяне завезлі ў камітэт судэкспертызы на Някрасава і паспрабавалі паставіць на відэаўлік, каб занесці ў базу сістэмы аўтаматычнага распазнання твараў. Я стаў запытваць, на якой падставе, і праз нейкі час спрэчак вырашылі, што «калі чалавек не хоча, тады не трэба».

Пасля Глеба Рубанава павезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Там ён адмовіўся падпісваць паперу аб тым, што пагаджаецца аплочваць паслугі ізалятара. Але многія людзі ставяць подпісы, і калі выходзяць на волю, то аказваюцца без грошай. 

Паколькі прывезлі затрыманых туды ў абед, то сказалі, што на харчаванне ўсіх прывезеных з ім паставяць толькі на наступны дзень, такім чынам пакінуўшы ўсіх без ежы агулам больш чым на 24 гадзіны. Перадачу ад жонкі для яго таксама не прынялі. З гэтай нагоды Глеб напісаў скаргу, што, дарэчы, у ЦІП зрабіць не так проста. Каб падаць скаргу, вязень павінен пагрукацца ў вакенца камеры і папрасіць у дзяжурнага аркуш паперы і асадку. І калі такая магчымасць будзе, то пісьмовыя прылады прадаставяць. Праз чатыры гадзіны просьбаў Глеб дамогся таго, каб яму прынеслі паперу. Асадку ўдалося атрымаць толькі пасля сустрэчы з адвакатам.

Фота Мікалая Дзядка

Фота Мікалая Дзядка

Нейкім цудам пасля гэтага ў камеры з’явілася «няўлічаная» ежа, аднак Глеб абвесціў галадоўку.

Падчас знаходжання ў зняволенні мужчына таксама напісаў скаргу на тое, што па яго матрасе поўзалі насякомыя.

Трэцяя скарга тычылася таго, што ў камеры знаходзіліся… цытаты Гітлера без выходных дадзеных. Некалі гэта былі кніжкі, але насельнікі камеры выкарыстоўвалі іх у якасці туалетнай паперы.

Паколькі да ночы з населеным насякомымі матрасам так нічога і не зрабілі, спаць на ім Глеб не змог.

 Я праінфармаваў пра гэта дзяжурнага і напісаў новую скаргу. На што дзяжурны адказаў «добра». А я адказаў яму, што гэта дрэнна, паколькі такое жорсткае абыходжанне мяжуе з катаваннямі. На што ў адказ я чую «гэта вы яшчэ не ведаеце, што такое катаванні» — і вечка камеры зачыняецца.

Фота Мікалая Дзядка

Фота Мікалая Дзядка

Гэтую скаргу да раніцы прымаць адмовіліся, Глебу ўдалося яе падаць толькі перад самым вывазам у суд Савецкага раёна Мінска.

Самае цікавае, што па прыездзе ў суд Глебу Рубанаву ўручылі позву з’явіцца на судовае пасяджэнне на 10 раніцы 16 траўня. Навошта было выцягваць чалавека ўначы з кватэры і 30 гадзін трымаць у зняволенні без усялякіх падстаў, паспрабуе высветліць адвакат на будучым пасяджэнні.

Фота Мікалая Дзядка

Фота Мікалая Дзядка

Я лічу сваё затрыманне абсалютна беспадстаўным, таму што я працую дома, ні ад каго не хаваюся, і ніякіх позваў у суд мне не прыходзіла, — кажа Глеб Рубанаў. — Я не магу сказаць, што гэта было паляванне асабіста на мяне. Проста наша сістэма так працуе з-за лухты, якая прыснілася ГУБАЗіКу. Мне вельмі шкада людзей, якія, працуючы ў гэтай сістэме, парушаюць правы нашых грамадзянаў, і зычу ім знайсці нармальную працу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!