Вы — нашы героі. З Новым годам!

Шаноўныя чытачы! Яшчэ адзін год мы былі разам. Якім ён быў для вас? Для нас, напэўна, вельмі дынамічным. Расслабляцца дакладна не было калі.

У тым ліку, дзякуючы і вам: бо шмат хто з чытачоў НЧ — нашы героі. Вы — тыя, хто выходзіць на акцыі пратэсту, падтрымлівае закратаваных, бароніць справядлівасць і закон, тыя, хто не схіляе галаву перад бязмежжам улады. Гэты год мы з вамі былі на адной хвалі. Мы ганарымся вамі! І за святочным сталом мы таксама ўзгадаем тых, хто атрымаў чарговы «падарунак» ад дзяржавы і сустракае новы год не разам з блізкімі, а за кратамі. Хай такі пачатак года не лепшая прыкмета, але ўнутраную свабоду нікому не адняць.

А мы — рады рабіць для вас «Новы Час». Пісаць на вострыя тэмы, без кампрамісаў і дагаварнякоў, пра тое, што хвалюе. Падтрымліваць тых, хто за кратамі. Не ігнараваць нязручныя погляды і праблемы. Аддаваць даніну павагі значным гістарычным падзеям, уключна з найноўшай гісторыяй, і адметным асобам краю — тым, што адышлі ў вечнасць, і тым, якія жывуць і дзейнічаюць тут і зараз.

Нас, супольнасці НЧ, усё болей у сацыяльных сетках. Мы рады быць з вамі ў фэйсбуку, тэлеграме, укантакце, твітары. Сёлета мы пачалі выхад да новай аўдыторыі і знайшлі «сваіх» у «аднакласніках» і яндэкс-дзэне. Калі вы там ёсць — далучайцеся!

У жорсткім свеце вельмі важна не згубіць чалавечнасць. Напрыканцы гэтага года на нашым сайце з'явілася новая рубрыка «Выратуй жыццё» — своеасаблівы клуб самотных «хвастоў». Штодня мы публікуем гісторыі беспрытульных котак і сабак з надзеяй знайсці ім дом. І ведаеце, гэта атрымліваецца! Хоць і пакрысе — з каля 70 жывёлак, пра якіх мы напісалі, выратавалі дванаццаць. Гэты тузін сведчыць, што нашы чытачы — добрыя і неабыякавыя людзі. Вось бы ў 2020-м гэты клуб самараспусціўся праз адсутнасць герояў! Але свет занадта недасканалы. Таму мы працягнем рабіць сваю справу.

Дарэчы, а вы ведалі, што ў Швецыі за тое, каб узяць котку з прытулку, трэба заплаціць 200 еўра? А беспрытульных сабак амаль увогуле няма. Так што карыстайцеся магчымасцю знайсці вернага сябра. Лёс вам за гэта абавязкова аддзячыць!

У новым годзе наш сайт чакаюць змены. Мы плануем зрабіць рэдызайн, бо апошні раз сайт глабальна абнаўляўся ажно ў 2016-м. Таксама мы змянім падыход да публікацый — болей будзе аўтарскіх матэрыялаў. «Новы Час» сёння — гэта вельмі класная каманда. Сталыя аўтары, новыя імёны, людзі, якія забяспечваюць працу сайта па-за кадрам. І мы хочам выкарыстаць тое, што маем, напоўніцу. Вынік ацэньваць вам. 

Дарэчы, у лістападзе частка рэдакцыі прайшла своеасаблівы курс маладога жаўнера. Як шабляй махаць і з лука страляць — мы ўжо ведаем і плануем пашырыць досвед на астатніх калег. Так што калі будзе трэба —бараніць краіну «Новы Час» зможа не толькі словам :)
І не толькі друкаваным словам мы звяртаемся да вас, нашы чытачы. У снежні мы запісалі «Калядную песню». Вы яе чулі? Скажу па сакрэту, нам спадабалася спяваць. Магчыма, рэпертуар будзе пашыраны.

А пакуль кажам разам:

Хопіць скардзіцца і плакаць,
Пераможам вурдалака!
Заклікаем шчыра вас,
Падтрымаць «Новы час!»

Заставайцеся з намі! І хай Новы год прынясе ў вашае жыццё надзею, шчасце, аптымізм!


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: