«Вы сядзіце каля месца, дзе будзе несанкцыянаваная акцыя. Чакайце пратакол»

Пасля Маршу свабоды 16 жніўня, які сабраў каля дзвюх тысяч чалавек, у Слуцку пакуль адноснае зацішша. Дзякуючы папярэднім шматлікім затрыманням, сілавікам удалося на некаторы час загнаць асноўны пар зноў у рондаль. Дэманстратыўна жорсткі «хапун» удзельнікаў мірных акцый, пагроза новымі адміністрацыйнымі пакараннямі і Крымінальным кодэксам на некаторы час спрацавалі.


На дзень народзінаў АГЛ некалькі дзясяткаў случчан выйшлі «павіншаваць» былога прэзідэнта чырвона-белымі балонікамі і песняй пра муры. Нягледзячы на пагрозы «пратаколамі» з боку кіраўніка Слуцкага РАУС Аляксандра Голікава. А першай пагрозу быць затрыманай у гэты дзень пачула карэспандэнт «Новага Часу».

А 14-й гадзіне 30 жніўня я сядзела на лаўцы непадалёку ад Цэнтра творчасці і на тэлефоне адсочвала падзеі ў Мінску. Людзей у скверыку спачатку было няшмат — у асноўным, маладыя маці з дзецьмі. Раптам у двух метрах заўважыла радаснага начальніка Слуцкага РАУС, які прыцэльна мяне здымаў.
— Навошта вы мяне здымаеце?
— Для пратакола, заўтра складзём. Вы сядзіце ля таго месца, дзе павінна адбыцца несанкцыянаванае мерапрыемства.
— За што? І што, калі я тут сяджу? Можа, чакаю свайго сябра.
— Я выконваю закон.
— Пакажыце закон, што нельга сядзець на лаўцы. Да таго ж вы ведаеце, што я — журналіст і маю права пісаць пра мерапрыемствы, якія б яны ні былі.
— Ведаю, што журналіст. Я выконваю закон. Чакайце пратакол.

Праз 10 хвілін абаронца закона ўжо змагаўся з чатырма белымі і чырвонымі шарыкамі, якія прынеслі некалькі дзяўчынак. Дзяўчынкі імкнуліся не зважаць на начальніка міліцыі і ціхенька напявалі песню пра муры. А пасля таго, як галоўны міліцэйскі начальнік загадаў сваім падначаленым, што стаялі непадалёк, скласці пратакол на дзяўчат, нехаця пакінулі сквер.

Больш сталыя жанчыны спрабавалі давесці да міліцыянта аб ненармальнасці беларускіх законаў, якія не даюць людзям нават сабрацца ў скверы.

На мой запыт да начальніка міліцыі аб прычынах непрыязнасці да белых і чырвоных балонікаў той патлумачыў, што гэтыя колеры сведчаць пра прыналежнасць уладальнікаў шарыкаў да апазіцыі і, маўляў, такім чынам гэтыя людзі парушаюць грамадскі парадак у Слуцку.

Між іншым, дзяўчаты з балонікамі дадому не збеглі. Неўзабаве яны былі заўважаны ў шэсці па вуліцы Леніна з бел-чырвона-белымі сцягамі. Падчас руху калона паступова абрастала новымі ўдзельнікамі. Супрацоўнікаў міліцыі гэта не пакінула абыякавымі. Яны замітусіліся, нібыта восы, кінуліся адбіраць у дзяўчат сцягі. Тыя не аддалі, вырваліся з міліцэйскага палону і прадоўжылі сваё шэсце. Пасля заканчэння акцыі чацвёра дзяўчынак былі затрыманы і дастаўлены ў РАУС. Па апошняй інфармацыі, іх адпусцілі без складання пратаколу.

Случанка Клаўдзія Мікалаеўна выказалася пра сітуацыю ў Слуцку:

— Я выходжу кожны дзень пасля 9-га жніўня. Калі працавала бухгалтарам, дык думала, што заканадаўства існуе, каб заблытваць бухгалтараў дзеля штрафных санкцый. Цяпер бачу, што ўсё наша грамадства працуе на штрафы дзеля задавальнення інтарэсаў адной асобы. Адмыслова пашыла чырвоны шалік да белай сукенкі. Ужо 15 гадоў чакаю перамен.

Случчанам трэба перастаць баяцца. Калі нас многа, з намі нялёгка справіцца. І мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Толькі разам можам дабіцца, каб над намі не ўчынялі насілле, і каб мы сталі гаспадарамі свайго горада, — сказала пенсіянерка. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: