Вы верыце Мінздароўю? За тры месяцы ад кавіду вылечылі на 8000 чалавек больш, чым захварэла

Лекар-інфекцыяніст Мікіта Салавей прааналізаваў афіцыйныя паведамленні Мінздароўя па захворванні на COVID-19. Вынікі былі нечаканымі.


У сваіх разліках медык узяў статыстыку за апошнія тры месяцы — з 9 студзеня па 12 красавіка, перадае «Еўрарадыё» са спасылкай на старонку Салаўя ў Facebook:

«1. Выкажам здагадку, што ў нас усе зарэгістраваныя выпадкі COVID-19 у краіне — гэта асобы, якія запатрабавалі шпіталізацыі (натуральна, гэта на самой справе не так — 60-80% цалкам могуць лячыцца амбулаторна).

2. Відавочна, што верагоднасць знаходжання 1 пацыента з COVID-19 ў стацыянары на працягу 3 месяцаў набліжаецца да нуля (у адзінкавых выпадках сустракаюцца і такія пацыенты, але іх вельмі-вельмі мала сярод агульнай колькасці хворых), таму прааналізуем зводкі з палёў за тры мінулыя месяцы.

3. Цяпер складаем па штодзённых зводках афіцыйнага Telegram-канала Міністэрства аховы здароўя колькасць зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 з 9 студзеня па 12 красавіка 2021 года. І ў нас атрымліваецца 128 280 пацыентаў. Выкажам здагадку, што мы іх усіх па нейкай прычыне ўсё ж шпіталізавалі.

4. Цяпер складаем па тых жа штодзённых зводках афіцыйнага Telegram-канала Міністэрства аховы здароўя колькасць выпісаных са стацыянараў пацыентаў з COVID-19 за той жа перыяд — з 9 студзеня па 12 красавіка 2021 года. І ў нас атрымліваецца... 136 124 пацыенты. Гэта значыць на 7844 пацыенты больш, чым колькасць зарэгістраваных пацыентаў з COVID-19 ў цэлым па краіне за названы перыяд.

За 3 месяцы ўдалося выпісаць на 7844 пацыенты з COVID-19 больш (!!!), чым колькасць зарэгістраваных выпадкаў інфекцыі за той жа перыяд. Пры гэтым стацыянары наогул павінны імкліва пусцець і вяртацца да працы ў штатным рэжыме».

Некаторыя каментатары звяртаюць увагу, што па стане на 9 студзеня ў лякарнях ужо была пэўная колькасць хворых, якіх выпісвалі ў разгляданы перыяд. Іншыя кажуць, што колькасць выпісаных можа пераважаць, калі эпідэмія ідзе на спад.

Мікіта Салавей чатыры гады быў галоўным пазаштатным інфекцыяністам Мінска. Але пасля ўваходжання ў Каардынацыйную раду пазбавіўся гэтай пасады.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: