«Вы ж самі ўсё разумееце!» Як беларускія ўлады рыюць сабе магілу

У нашай краіне ёсць знакаміты выраз, якім апраўдваюцца ўсялякія паскудствы і брыдота: «Вы ж самі ўсё разумееце!» Але, падаецца, ва ўмовах, калі беларуская ўлада робіцца ўсё больш таксічнай для свету, гэты выраз пачынае ўжывацца да яе.
svoboda.org

svoboda.org

Адна з топавых навін мінулага тыдня — Міжнародны саюз біятланістаў вырашыў не праводзіць у 2022 годзе этап Кубка свету IBU па біятлоне ў Мінску. Прэстыжныя біятлонныя спаборніцтвы павінны былі адбыцца ў Раўбічах, аднак у IBU перагледзелі графік стартаў сезона 2021/2022.

«Рашэнне аб пераносе мерапрыемства было прынятае Выканаўчым камітэтам у святле бягучай сітуацыі ў Беларусі і для таго, каб арганізацыйныя камітэты, нацыянальныя федэрацыі і іх каманды змаглі скласці свае планы», — гаварылася ў паведамленні.

І гэта даволі істотны ўдар па амбіцыях айчыннага пакуль што кіраўніка. Раней у яго забралі чэмпіянат свету па хакеі — зусім любімую цацку. Цяпер — лыжы, другую цацку па любасці. Раней жа ён так змагаўся на «Мінскай лыжні» і так хваляваўся за Домрачаву, ажно, нібыта, парады ёй даваў, як выйграць. А цяпер — усё. «У святле бягучай сітуацыі ў Беларусі» якраз і перакладаецца як «вы ж самі ўсё разумееце».



Прыкладна тое ж адбылося і ў сферы культуры, але тут ужо афіцыйныя беларускія тэлеканалы, як кажуць, «самі сабе вушы адмарозілі». БТ вырашыла «пакараць» міжнародны конкурс «Еўрабачанне» за тое, што туды не дапусцілі «Галасы Змесца» з прапагандысцкімі песенькамі. Тэлевізійшчыкі ў адказ на нядопуск іх удзельнікаў адмовіліся трансляваць увесь конкурс.

Але краіна, якая не транслюе «Еўрабачанне», згодна з правіламі конкурсу, пазбаўляецца права трапіць на яго ў наступным годзе. Тэлевяшчанне конкурсу — адна з умоў допуску артыстаў на «Еўрабачанне». Такім чынам — «вы самі ўсё разумееце»: нашых артыстаў там не будзе і ў 2022-м годзе.

Больш за тое, гэткі дэмарш з боку БТ — яшчэ адзін з аргументаў на карысць выключэння нашых прапагандыстаў са складу Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Не кажучы ўжо пра згубленыя грошы — права на трансляцыю конкурсу і вылучэнне туды канкурсантаў абышлося БТшнікам прыкладна ў 100 тысяч еўра ўнёску.

Праўда, у нас тут свае канцэрты, ды такія, што любое рэаліці-шоу пазайздросціць. Напрыклад, у Магілёве на пачатку суда над Севярынцам і кампаніяй затрымалі журналіста Аляксандра Буракова. Яму далі 20 сутак арышту, а ў судзе ён заявіў пра катаванні.

Буракову, пэўна, таксама казалі: «Вы ж самі ўсё разумееце». Але справа ў тым, што ён супрацоўнічае з найбуйнейшым еўрапейскім СМІ — «Deutsche Welle». Кіраўніцтва DW па прысудзе заклікала беларускія ўлады «неадкладна скасаваць прысуд» і выказала «рашучы пратэст супраць парушэння гарантаваных Канстытуцыяй правоў СМІ ў Беларусі».

Журналістыка ў Еўропе — гэта не журналістыка ў Беларусі. Можна меркаваць, што карэспандэнты DW будуць запытвацца ў сваіх урадаўцаў і дэпутатаў: «А што вы зрабілі для таго, каб адпусцілі Буракова?» І тыя вымушаныя будуць прасоўваць праекты дапамогі беларускім недзяржаўным СМІ і журналістам, беларускаму грамадству, пашыраць санкцыі адносна ўлады… А калі нашы чыноўнікі ў чарговы раз заенчаць: «Што ж вы робіце, а?» — ім адкажуць: «Буракова памятаеце? Ну, тады самі ўсё разумееце». Бо там, у Германіі, ад пазіцыі СМІ шмат залежыць: хто стане канцлерам ці дэпутатам Бундэстага, а хто ім не стане.

Вось, напрыклад, не паспелі ўлады пасадзіць таго ж Буракова, а «Прафсаюз адукацыі і навукі Германіі» (GEW) у сваім афіцыйным лісце да кіраўніцтва БДУ, Міністэрства адукацыі і Адміністрацыі прэзідэнта папярэдзіў, што можа разарваць партнёрскія адносіны з БДУ і іншымі ВНУ Беларусі. Канешне, найперш прафсаюзныя дзеячы звярнулі ўвагу на перашкоды дзейнасці «Свабоднаму прафсаюзу БДУ», пераслед і незаконныя звальненні чальцоў прафсаюза ў БДУ.

А цяпер пытанне: як арышт Буракова звязаны з лістом нямецкага прафсаюза? Можа, ніяк? Думаю, што пра палітычныя звальненні супрацоўнікаў БДУ, перашкоды ў рэгістрацыі «Свабоднага прафсаюза студэнтаў» ды пра нашу «студэнцкую справу» ў GEW даведаліся не ў малой ступені дзякуючы «Deutsche Welle». І, напэўна, які-небудзь журналіст усё ж пацікавіўся ў функцыянераў нямецкага прафсаюза: «А што вы робіце ў гэтай сітуацыі?»

Зараз у БДУ ёсць праграмы супрацоўніцтва з 19 універсітэтамі Германіі. Ва ўсіх гэтых універсітэтах ёсць структуры прафсаюза GEW. Пакуль гэты прафсаюз заклікаў «паважаць асноўныя правы студэнтаў, выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў БДУ», а таксама паабяцаў «і надалей уважліва сачыць за сітуацыяй у БДУ і іншых вышэйшых навучальных установах Беларусі». А калі з нашымі навукоўцамі разарвуць міжнародныя абмены, рэктару БДУ будзе сказана: «Мы папярэджвалі, а таму… Вы ж самі ўсё разумееце!»

Самае цікавае — што тычыцца гэтая агульная сітуацыя «таксічнасці» не толькі гуманітарнай сферы, але і эканомікі. Паводле звестак тэлеграм-канала «Эканоміка па-беларуску», які, у сваю чаргу, спасылаецца на ўплывовае цэнавае агенцтва «Argus Media», еўрапейскія банкі адмаўляюць у фінансаванні здзелак па рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў. Акрамя таго, некаторыя трэйдары чакаюць, што Еўрапейскі саюз неўзабаве можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі, аналагічныя санкцыям ЗША, што зробіць немагчымым фінансаванне такіх здзелак і ў еўра.

У адной з гандлёвых кампаній звярнулі ўвагу на пункт у санкцыях, які абвяшчае, што любая фізічная або юрыдычная асоба, якая «аказвае фінансавую, матэрыяльную або тэхналагічную падтрымку» кампаніям, што знаходзяцца пад санкцыямі, можа быць падвергнутая рызыцы ўвядзення санкцый у дачыненні да сябе. «Такім чынам, нават адна транзакцыя можа быць патлумачаная як парушэнне пастановы ўлад ЗША», — гаворыцца ў паведамленні.

І гэта вельмі сур’ёзная сітуацыя, бо сучасны свет не з’яўляецца светам дэфіцыту, як у мінулым стагоддзі. Цяпер важна не стварыць прадукцыю, а ўмець яе прадаць. Таму санкцыі менавіта на куплю прадукцыі нашых прадпрыемстваў могуць стаць найбольш балючымі для кіраўніцтва краіны. А да гэтага ўсё ідзе, і часу застаецца ўсё меней. Напоўніцу амерыканскія санкцыі запрацуюць з 3 чэрвеня, то-бок праз два тыдні.

А калі ЕС сапраўды ўвядзе санкцыі, аналагічныя санкцыям ЗША? Вы ж самі ўсё разумееце, праўда?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: