«Выбірай сэрцам!»

У Сусветны дзень сэрца, 29 верасня, беларускія школьнікі даведаюцца аб прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў

У гарадах і вёсках Беларусі пройдзе адзіны ўрок па прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Ён адбудзецца 29 верасня — у Сусветны дзень сэрца.

Сусветны дзень сэрца — ініцыятыва, мэта якой — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем развіцця хвароб сістэмы кровазвароту і іх прафілактыцы. У гэтым годзе Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) сумесна з арганізацыямі аховы здароўя праводзіць рэспубліканскую кампанію па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў «Выбірай сэрцам!». Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь БТЧК выступае арганізатарам адзінага тэматычнага ўрока ў межах кампаніі.

Таццяна Святловіч, менеджар праекта БТЧК «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» адзначыла:

Хваробы сістэмы кровазвароту з'яўляюцца галоўнай прычынай інваліднасці насельніцтва ў Беларусі. Значны ўплыў на развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў аказваюць паводзіны і лад жыцця: курэнне, злоўжыванне алкаголем, нездаровае харчаванне і недастатковая фізічная актыўнасць. Калі змяніць свае паводзіны ў бок здаровага ладу жыцця і ліквідаваць пералічаныя фактары — рызыкі развіцця інфарктаў і інсультаў, паводле дадзеных СААЗ, можна знізіць амаль на 75%. З дапамогай тэматычнага ўрока ў школах мы хочам развіць у падлеткаў больш адказнае стаўленне да свайго здароўя, а таксама данесці інфармацыю пра важнасць здаровага ладу жыцця праз дзяцей бацькам.  

Адзіны ўрок адбудзецца адразу ў дванаццаці школах трох рэгіёнаў Беларусі: у Гродзенскай вобласці — у гарадах Ашмяны і Слонім, аграгарадках Гальшаны, Жыровічы, Навасёлкі і станцыя Ашмяны, у Віцебскай вобласці — у гарадах: Полацк і Сянно, гарадскім пасёлку Багушэўск, аграгарадках Зялёнка і Ходцы, а таксама ў Магілёўскай вобласці — у горадзе Горкі. 

Праграма ўрока вырашае некалькі задач. Па-першае, з дапамогай яркай інфаграфіка і элементаў гульні расказаць падлеткам пра хваробы сістэмы кровазвароту, іх сімптомы і рызыкі развіцця. Па-другое, паказаць школьнікам, што ўплывае на развіццё захворванняў сэрца, якія мерапрыемствы трэба прадпрымаць для іх прафілактыкі і як матываваць сябе і блізкіх прытрымлівацца здаровага ладу жыцця і своечасова звяртацца да лекараў.

Завершаць адзіны ўрок відэазвароты беларускіх медыйных персон: вядучага «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі Алеся Мухіна, галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футболе Ігара Крывушэнка, тэлевядучай Марыны Грыцук і салістаў музычнай групы Naviband.

Для даведкі:

Праект «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» БТЧК рэалізуе ў Беларусі з 2014 года пры фінансавай і экспертнай падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта — змяненне паводзін жыхароў мясцовых супольнасцяў у бок здаровага ладу жыцця з дапамогай стварэння і развіцця валанцёрскіх груп. На сёння створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама г. Горкі Магілёўскай вобласці. У склад ініцыятыўных груп ўваходзяць больш за 280 чалавек рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Гэта актыўныя людзі, захопленыя ЗОЖ і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя. Ініцыятыўныя групы навучаюць насельніцтва асновам прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, ажыццяўляюць індывідуальнае суправаджэнне тых, хто імкнецца змяніць свой лад жыцця ў бок здаровага, праводзяць рэгулярныя заняткі і майстар-класы па розных відах фізічнай актыўнасці.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: