«Выхад з тупіку для Беларусі мусіць шукаць і прапаноўваць думаючая меншасць»

У праўды — насуперак уяўленням простых людзей — не адзін, а некалькі бакоў: без сённяшняга пагаршэння жыцця для бацькоў не можа стацца добрае заўтра для дзяцей і ўнукаў. Не можа быць і Беларусі.


Без грамадзянскай супольнасці не бывае трывалых суверэнітэту і незалежнасці. На момант з’яўлення на палітычнай мапе свету Рэспублікі Беларусь большасць беларусаў не была гатовая да самастойнага жыцця і не даспела да дзяржаўнасці. І калі масе насельніцтва не надта была патрэбная незалежнасць, не дзіва, што яна дагэтуль не стварыла і грамадзянскай супольнасці.

Просты чалавек

Свядомасці простага чалавека ўласціва выбіраць для сябе ролю ахвяры, што назірае збоку. Пазіцыя большасці шараговых беларусаў амаль да апошняга часу спраўджвала гэтую тэзу найяскравейшым чынам.

Бадай, пра гэта самым і якраз меркаваным чынам некалі спытаў мяне адзін вязень на турэмным падворку: «Кто дал тебе право так говорить о простом мужике? А ты сам кто такой?! Знаешь ли ты, как трудно ему живётся и сколько приходится работать, чтобы вырастить детей?!»

У адрозненне ад парламенцкіх дыскусій, у спрэчках вязні хутчэй не шукаюць ісціну, а даводзяць уласную «стромасць». І каб не марнаваць час, на высунутыя пытанні я адказаў сустрэчным: «Так, простаму мужыку жывецца цяжка. І каб крыху палегчала, каб выгадаваць дзяцей, простыя мужыкі ўжо дваццаць гадоў як паставілі на чале гэткага самага простага мужыка. Выгадавалі і дзяцей. Вывучылі. І сказалі ім: “Едзь, дачушка, у Польшчу, валі, сынок, у Расію — у Беларусі вам чакаць няма чаго”. Дык як склалася так, што ў краіне, пабудаванай простымі мужыкамі, для іх дзяцей няма годнай будучыні?..»

Адказам было маўчанне, а іншага я і не чакаў. Простага тлумачэння, што ж адбываецца з Беларуссю, не існуе. Пошукі варта пачынаць, прыгледзеўшыся да менталітэту большасці.

Нават беларусы-месцічы ў асноўным — выхадцы з вёскі ў першым-другім, добра, калі ў трэцім пакаленні. Апошнія праз сваякоў таксама даволі знітаваныя з вёскай. Ва ўсіх нас больш ці менш «вясковая» душа. Не варта як пагарджаць ёй, гэтак жа і ідэалізаваць яе, але трэба ведаць, што з сябе ўяўляе.

Польская даследніца сучаснай беларускай вёскі Ганна Эльнінг напісала: «Беларускія калгаснікі на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў уяўляюць з сябе — таксама, як і іх дзяды-прадзеды, — просты і працавіты тутэйшы хрысціянскі народ». У гэтым няма благога, але далей чытаем, што «сярод першасных каштоўнасцяў, якія вызначаюць як былых мужыкоў, так і сённяшніх калгаснікаў і посткалгаснікаў, няма ні нацыі, ні айчыны, ні дзяржавы, ні мовы. На першым плане знаходзяцца праца, зямля і Бог».

Усё, што мы ведаем аб праблемах з суверэнітэтам краіны і нацыянальнымі каштоўнасцямі, аб дзяржаўнай сацыяльнай рыторыцы апошніх 25 гадоў толькі спраўджвае зробленыя ёй высновы.

Сучасная Беларусь не можа быць іншай, калі беларусы ў масе паўстаюць простымі людзьмі з «фаталістычнай гісторыяй пра долю пакрыўджанага народа», якая, паводле Ганны Эльнінг, «факусуецца вакол жыцця і выжывання». Гэта «негераічная гісторыя людзей, якія не змагаліся са зброяй у руках у імя агульных для ўсёй супольнасці каштоўнасцей, як у гераічных нацыянальных міфах, а пакутавалі, як нявінныя ахвяры ў сцэнарыях, рэалізаваных знешнімі сіламі і ідэалогіямі».

Таму і пільнуецца звычайны беларус што ў вёсцы, што ў горадзе немудрагелістых правілаў: «я ведаю, што ад мяне нічога не залежыць» і «я — чалавек маленькі, ні на што не ўплываю», «палітыкай я не цікаўлюся» і «тамака “наверсе” разумнейшыя, і лепш ведаюць, што і як рабіць». А на ўсе заклікі перагледзець гэты няпісаны кодэкс гучыць: «мы такія таму, што нашае жыццё такое». І не хутка (а магчыма, і ніколі) просты чалавек не прыме думкі, што яго жыццё «гэткае» таму, што «гэткі» ён сам.

Але кожны чалавек незалежна ад свайго стану заўжды можа нешта зрабіць. Знаходжанне за кратамі не замінае мне напісаць гэты тэкст, прачытанне якога нейкай колькасцю людзей, магчыма, дапаможа зірнуць на некаторыя рэчы крыху інакш. Натуральна, я не змяніў гэтым свет, але і не пакінуў яго ранейшым.

Не брак інфармацыі і хаванне патрэбных ведаў уладамі замінаюць «прачнуцца» шырокім масам, а нежаданне саміх простых людзей шукаць іх і разбірацца ў працэсах, якімі жыве грамадства.

Таму шараговы беларус, жывучы ў час, нездарма названы стагоддзем інфармацыі, так і не ведае, што палітыка, якой ён не цікавіцца (і ганарыцца гэтым!), — адзіны інструмент залагоджвання супярэчнасцяў паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў грамадстве. Паміж тымі ж працадаўцамі і найманымі працаўнікамі, кім звычайна людзі і ёсць.


Народная ўлада

Дарэчы, пытанню стасункаў простых беларусаў з сучаснай беларускай уладай належыць асобнае месца: звыклае супрацьстаянне ўлады народу не акрэслівае ўсёй разнастайнасці іх узаемадачыненняў.

Мне згадалася, як напярэдадні першых выбараў у далёкім 1994 годзе агітатар раздаваў у электрычцы ўлёткі са словамі: «Товарищи! Проголосуем за него — он такой же простой мужик, как и мы все!» Мае выпадковыя спадарожнікі хапалі ўлёткі з імпэтам, а пасля блізу двух дзясяткаў гадоў можна было назіраць расквечаныя ўсмешкамі і надзеяй твары людзей, што цягнуліся да «простого мужика» пры сустрэчах з ім. І вось сёння гэтыя самыя людзі на яго ж ускладаюць усю віну за свае нястачы і нягоды…

Вінавацяць, забыўшыся, што сучасная беларуская ўлада з усімі сваімі хібамі і заганамі папраўдзе ёсць уладай народнай, як бы каму — і «уставшим и бедным» беларусам у тым ліку — не хацелася б з гэтым згаджацца. Народнай, калі пад народам разумець простых людзей. А гэта большасць беларусаў.

Сучасная беларуская ўлада — гэта хлопцы з нашай і суседняй вёскі і дзяўчыны з суседняга дома і нашай школы! За невялікім выключэннем мы ўсе жылі побач у адных і тых жа дамах, вучыліся разам у адных школах і ўніверсітэтах.

Не падлягае сумневу, што «вертыкаль» рознага кшталту ад долу і да гары выйшла пераважна з агульнай масы беларускага люду і досыць працяглы час адпавядала чаканням большасці. Але сёння простыя людзі і насамрэч бачаць, што ўлада ад іх аддалілася.

Улада — адно з найцяжэйшых выпрабаванняў, вытрымаць якое напоўніцу не дадзена, бадай, ніводнаму чалавеку. Хто хіба аднаго разу з-за кепскага настрою не прыкрыкнуў на дзіця за якую правіну, у той жа час, калі магчыма было абмежавацца размовай, ці не адштурхнуў нагой надакучлівага хатняга сабаку (ката), што замінаў пільнае справе? А падобнае гэтаксама — злоўжыванне ўладай больш моцнага над слабейшым і залежным. Што тады казаць пра ўладу чалавека над людзьмі, якія не ўвасабляюцца для яго ў канкрэтных асобаў, а ўяўляюцца безаблічнай масай? Асабліва, калі ўлада абмяжоўваецца збольшага адно ўяўленнямі самога носьбіта ўлады аб яе межах.

Амаль да апошняга часу беларуская ўлада дакладна адпавядала ўяўленню шараговых беларусаў аб тым, якой яна мусіць быць: просты беларус уладу аніколі не паважаў — ён наўпрост баяўся любога, хто яе мае. Нават калі гэта ўсяго калгасны стайнік, які можа не даць каня, не зважаючы на цыдулку ад старшыні, пакуль не атрымае «належную пасадзе» пляшку гарэлкі. Я на ўласныя вочы бачыў, як мае сваякі мусілі дагаджаць «начальніку над коньмі», каб гарод не застаўся неўзараны. А гэткі самы, як і яны, просты чалавек літаральна наталяўся хвіліннай і рэдкай магчымасцю здзейсніць акт уладарання і адчуць, што маюцца «ніжэйшыя» ад яго…

 «Выбіўшыся ў людзі», то-бок атрымаўшы якую пасаду, чалавек з «простай свядомасцю» часцяком трапляе ў складанае псіхалагічнае становішча: апроч натуральнага для шмат каго з беларусаў комплексу «вясковасці/местачковасці» перад «гарадскімі» калегамі, з нетраў падсвядомасці не хоча знікаць генетычная памяць аб «простым паходжанні». І тады жыццё атручваецца думкай, нібыта «ўсе лічаць, што я выйшаў “у князі з гразі”, і смяюцца». Замест спакойнага гонару за сябе ўзнікае пыхлівасць і ўзмацняецца жаданне, «каб баяліся». На жаль, для «простага» беларуса ва ўладзе «мяне баяцца» роўнае «мяне паважаюць».


Дзіця соцыуму

Павазе не толькі да ўлады, але і да іншага чалавека заўжды папярэднічае павага да самога сябе. Самапавагі бракуе шмат якім беларусам, а ў тых, хто вызначае сябе простым чалавекам, з ёй увогуле бядотнае становішча. Звычайнаму беларусу ўтульна адчуваць сябе «маленькім» чалавекам — якая ў такога адказнасць, з малога хто спытае! Яму не звыкаць свядома прыніжаць сябе, каб адшукаць абарону альбо дапамогу ў больш моцнага.

«Малому» чалавеку ўласціва адчуваць залежнасць ад больш моцнага. І таму ў свядомасці простага беларуса, як трапна заўважыла Г. Эльнінг, маецца куточак і для комплексу «нявіннай ахвяры». Усмактанае з малаком маці вызначэнне сябе «пакрыўджаным народам» міжволі праяўляецца і на дзяржаўным узроўні, і ў стасунках з іншымі краінамі. Бог «абдзяліў» нас карыснымі выкапнямі. Суседзі з Усходу мусяць прадаць іх нам як найтанней таму, што мы «гнілі з імі ў адных акопах». «Гнілі», а не «ваявалі»! А Захад мусіць дапамагаць нам грашыма таму, што мы «найбольш з усіх народаў пацярпелі ў развязанай не намі Другой сусветнай вайне…»

«Просты» чалавек — адвечнае дзіця соцыуму. Ён не хоча сталець і ўскладаць адказнасць за сябе на свае плечы. І таму вялізная частка беларускага насельніцтва заўжды будзе імкнуцца пазбавіцца ад невыноснага для яго цяжару самастойнасці. Нават коштам страты не толькі незалежнасці краіны, але і дзяржаўнасці.

Простыя людзі заўжды прагнулі і прагнуць справядлівасці. Але з гісторыі чалавецтва бачна, што кожная іх спроба пабудовы справядлівага свету абарочвалася крахам.

Адно з першых сведчанняў маецца яшчэ ў тэкстах Старажытнага Егіпту. Невядомы аўтар пісаў, што «людзі не маглі больш трываць здзеку і галечы і ўзяліся за зброю. Кроў багатых сплыла падлогамі палацаў і храмаў», але сэрца відавочцы таксама «аблілося крывёю, а вочы засцілі слёзы», бо «ўчорашнія рабы апрануліся ў каштоўныя адзенні і, парабіўшыся гаспадарамі, пачалі прыгнятаць іншых, як некалі прыгняталі і іх…»

«Перадавы атрад сусветнага пралетарыяту» — партыя бальшавікоў — стварыла не толькі «першую ў свеце краіну працоўных і сялян», а найперш дзяржаву наменклатуры, якая выйшла з гэтых сацыяльных групаў. І ў гэтай дзяржаве сацыялізм абярнуўся нябачаным дагэтуль тэрорам, падчас якога адны працоўныя і сяляне забівалі пераважна гэткіх самых простых людзей: 90% ахвяр сталінскіх рэпрэсій — гэта рабочыя і вяскоўцы.

Толькі большасць простых беларусаў, двойчы на год шануючы Дзядоў, палічылі за лепшае забыцца на скалечаныя лагерамі лёсы сваякоў і на імёны забітых бацькоў. І не перадалі памяць пра іх унукам, якія і сёння настальгуюць па пабудаваным на касцях іхніх продкаў Савецкім Саюзе.

Надышоў час і простым людзям у Беларусі чарговым, але не апошнім разам зняверыцца ў сваіх чаканнях — яшчэ адзін Чараўнік Смарагдавага горада аказаўся ўсяго толькі звычайным чалавекам. Не варта лічыць яго ашуканцам, пры ўсёй празе да неабмежаванай улады — ухваленай, дарэчы, большасцю шараговых беларусаў, — ён насамрэч хацеў палепшыць жыццё простага люду. Інакш бы аднойчы на маю крытычную заўвагу наконт тупіковасці абранага шляху звычайныя цёткі і дзядзькі, з якімі я ехаў аўтобусам, не кінуліся б раз’юшана бараніць свайго абранніка: «Ды мы пры ім хаця пажылі!!!» І гэта праўда, з добры дзясятак гадоў, а то і больш, шмат шараговых людзей (і не толькі яны) адчувалі паляпшэнне дабрабыту. Не памылюся, напісаўшы, што за прамінулы час вялікая плойма беларусаў сышла ў іншы свет з цвёрдым перакананнем слушнасці зробленага выбару.


Думаць уласным розумам

Тое, што сёння адбываецца з Беларуссю, — натуральнае завяршэнне ўсіх сацыялістычных эксперыментаў без выключэння. Усе яны грунтуюцца на «справядлівым пераразмеркаванні» агульнага набытку паміж усімі чальцамі грамадства. Але кожная сацыяльная група мае аб справядлівасці свае, часам супрацьлеглыя, уяўленні.

Адзіны слушны шлях развіцця для Беларусі — даць магчымасць напоўніцу рэалізавацца тым суграмадзянам, якія маюць большыя разумовыя здольнасці. Інакш яны з’едуць ды пакінуць астатніх на заняпад і дэградацыю. Апошняя ўжо грукаецца ў нашы дзверы.

Мала хто не чуў аб абмеркаваннях у заходнім свеце ўвядзення гарантаванага даходу для ўсіх грамадзян. Фінляндыя першы крок у гэтым кірунку ўжо ажыццявіла. Справа не ў лішніх грошах — прыляцела першая «ластаўка» з’яўлення лішніх для грамадства людзей.

Цягам гісторыі нашая цывілізацыя грунтавалася на фізічнай працы простых людзей. Але сёння мы ўсутыч падышлі да пункту, пасля якога фізічная праца па стварэнні прадукту не мае ранейшай вагі. Ужо цяпер значна больш важная закладзеная ў прадукт ідэя, інавацыйнасць тэхналогіі і абсталявання. Штучны інтэлект і рабатызацыя вытворчасці гэты трэнд давядуць да лагічнага завяршэння. Просты працоўны чалавек робіцца для соцыуму ўсё больш непатрэбным. Яго час сышоў назаўжды. І новыя працоўныя месцы, якія нібыта створыць новая аўтаматызаваная эканоміка, працэс непатрэбнасці людзей не спыніць — аператары дронаў і не заўважаць, як хутка дроны «навучацца» абыходзіцца без іх.

Не толькі «простым» людзям варта задумацца пра гэта: ужо сёння пішуць, што паніжаецца патрэба ў праграмістах — праграмы «навучыліся» пісаць праграмы. Пакуль што нескладаныя, але працэс пайшоў. І ён закране ўсіх.

І дзеля будучыні нашчадкаў нам, беларусам, ужо трэба пачынаць думаць уласным розумам, а не жыць, як набяжыць. Працяг падобнай практыкі азначае адно — як вызначылі раней іншыя народы і дзяржавы, як нам, беларусам, жыць і куды ісці, — а мы з большай ці меншай пакорай урэшце прымалі вызначаны не намі шлях, — гэтак і будуць вызначаць далей.

І не можа быць інакш, калі большасць беларусаў — «простыя» людзі, а беларуская «эліта» свядомасна не надта ад іх адышла. Першыя, занурыўшыся ў штодзённае выжыванне, спадзяюцца і надалей захаваць сваё «простае» існаванне, бо іншымі быць не жадаюць і не могуць, а другія імкнуцца наўпрост утрымаць уладу.


Хаўрус «супраць»

Пры гэтых варунках патрабаваць нешта змяніць маглі б асобы, якія разумеюць неабходнасць стварэння ў Беларусі грамадзянскай супольнасці. Яе дагэтуль у нас не было не толькі праз дзеянні ўлады, але і таму, што простыя беларусы не разумелі памкненняў людзей, якія намагаліся супольнасць скласці. Паводле ўяўленняў бальшыні, трэба альбо падпарадкоўвацца ўладзе, альбо ў яе інкарпаравацца. А «гэтыя» маюць здольнасці і адукацыю (то-бок, не «простыя» людзі), але ва ўладу асабліва не лезуць, а толькі дэманструюць да яе крытычнасць, — што для простага чалавека роўнае апазіцыйнасці, — ды нясуць лухту пра нейкія «каштоўнасці». Звычайны чалавек адчувае, што «яны» здольныя да самадастатковага і самастойнага (без загадаў зверху) жыцця, і таму яму ментальна чужыя. Адсюль і яго абыякавасць да карных захадаў супраць гэтых людзей цягам 25 гадоў.

І пакуль што няма сведчанняў, што «простая» большасць і «думаючая» меншасць міжсобку паразумеюцца. Тое, што назіраецца ў Беларусі апошнім часам, — усяго толькі выпадковы хаўрус «супраць» пэўнай асобы, а не агульны рух «за» нешта супольнае. Як зазначыў кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, звычайным грамадзянам, як і раней, «не интересны многостраничные программы политических и экономических реформ…, они хотят быстро получить простые ответы на сложные вопросы. Но не додуматься до них самим, а именно получить от кого-то».


Клятае беларускае кола

Дык якіх тады пераменаў хочуць стомленыя і незадаволеныя ўладай простыя беларусы? Адказвае эканамічны аглядальнік Дзяніс Лаўнікевіч, што агучыў пытанне «Васи из третьего подъезда моего дома на Тракторном заводе в Минске. Реальный персонаж, работает на электротехническом заводе им.Козлова. Он знает, каково положение дел на заводе, знает, что завод проще убить, чем прокормить, но Вася не хочет уходить в неизвестность. Вася хочет модернизацию завода, работать на современном станке и получать достойную зарплату, а не открывать маленький бизнес по ремонту автомобильной электрики. Ответьте Васе на его вопрос — и Вася за вас проголосует».

Падобным чынам пытанні ставяць сотні тысяч працоўных астатніх гадамі стратных прадпрыемстваў. Простыя беларусы ўсё выдатна ведаюць і разумеюць, але, калі кажуць, што іх «усё дастала» і яны «хочуць перамен», насамрэч істотна нічога мяняць не жадаюць.

Два гады таму, калі ўжо чакаліся абедзве выбарчыя кампаніі, але яшчэ не вызначылася, якая адбудзецца першай, тэлевізійныя навіны аб другім за тры месяцы падвышэнні пенсій змусілі засумаваць: «“пернікі” электарату — датэрміновае галасаванне — загадзя вызначаны вынік — чарговая дэвальвацыя» выклікалі трывалае адчуванне бегу па замкнёным коле. Тужлівыя думкі перарвала адначасовае атрыманне двух замоўных лістоў ад знаёмай, адпраўленых адным днём: шматдзетная маці парывалася між працай на прадпрыемстве, шчыраваннем на прысядзібным гародчыку і хатнім клопатам і забылася ўкласці ў капэрту інфармацыю, якую я прасіў адшукаць. Праз што і мусіла бегчы на пошту другі раз — «А этот лист лежал у меня в сумочке! Теперь понимаешь, какая я всем этим задуренная?!»

Нечакана так сталася шкада простую і шчырую працаўніцу, іншых невядомых мне людзей, якія гэтаксама высільваюцца на некалькіх працах, каб неяк стачыць канцы з канцамі, што вярнуліся думкі аб клятым беларускім коле, якім бягуць — не спыняюцца мільёны простых беларусаў, але аніяк не даюць рады праблемам, што я… пашкадаваў сябе. Не зважаючы на краты і калючы дрот, я гэтаксама змушаны бегчы з імі разам, бо мы ўсе павязаныя нябачным ментальным ланцугом, які не ў стане парваць…

І гэты настрой спрычыніўся да таго, што ў зваротным лісце да знаёмай я выклаў прыкладна ўсё тое ж самае, аб чым пішу цяпер. Адправіў. І пачаў пакутаваць на сумленне, што нізавошта пакрыўдзіў чалавека. Праз што даслаў наўздагон ліст з выбачэннямі. А ў адказ атрымаў наступнае: «Читали мы твоё письмо. Всё так, как ты написал. Всё правда. Но кому от этого легче?..»


Што далей?

На гэтым магчыма было б паставіць кропку, напісаўшы, што карэнне праблемы ў Беларусі хаваецца ў ментальнасці большасці беларусаў, а віну за стан краіны — і свой уласны — яны мусяць падзяліць з уладай, якую высунулі са сваіх шэрагаў і доўгі час падтрымлівалі. І што зменаў да лепшага не будзе таму, што іх свядомасць застаецца нязменнай.

Але я мушу сказаць словы ў абарону гэтай беларускай большасці. Звычайна людзі падсвядома адчуваюць, што падчас ажыццяўлення структурных рэформаў іх узровень жыцця на нявызначаны час пагаршаецца яшчэ больш. І нават пры паспяховым выніку не ўсе з іх акажуцца сярод выйграўшых. Працуе элементарны інстынкт выжывання, які змушае як найдалей працягнуць сваё, няхай і незайздроснае, існаванне.

І гэта праўда, перамены ў Беларусі могуць адбыцца толькі за кошт простых людзей. Добра заклікаць іх патрываць некаторы час, маючы «падушку бяспекі». Нават мне, вязню, гарантаваная хай сабе не надта смачная, але штодзённая пайка. А ім? А іх дзецям?

Але ў праўды — насуперак уяўленням простых людзей — не адзін, а некалькі бакоў: без сённяшняга пагаршэння жыцця для бацькоў не можа стацца добрае заўтра для дзяцей і ўнукаў. Не можа быць і Беларусі.

Апошняе зусім іншы бок праўды — Беларусь як нацыянальная, суверэнная і незалежная, і ўвогуле як дзяржава, не столькі патрэбная простым беларусам, колькі тым, хто прылічае сябе да інтэлектуалаў — думаючай меншасці. Некалі Рабэрта Баланьё напісаў, што «радзіма для рабочага ёсць ягоныя рукі», а Уладзімір Някляеў сказаў, што «на ўвесь час нашага існавання на зямлі нам трэба разлічваць на сябе такіх, якія мы ёсць».

Усё гэта азначае, што выхад з тупіку для Беларусі мусіць шукаць і прапаноўваць іншым менавіта думаючая меншасць. Галоўнае пытанне — не «хто вінаваты», а «што будзе далей». «Широкие массы» на яго адказаць не ўстане, яны здольныя адно зрынуць уладу, што іх не задавальняе. І не спяшаймася цешыцца, калі гэтак адбудзецца. Улада наступная, асабліва дэмакратычная і ліберальная, якой простыя беларусы не будуць баяцца, хутка ўбачыць, што азначае «пробуждение масс». Мы ўсё гэта ўбачым, таму што адказаць станоўча на «пытанне Васі» можа толькі чараўнік…

P.S.: Гэты ліст мы атрымалі напачатку ліпеня ад вязня Глыбоцкай папраўчай калоніі №13. Ліст цікавы яшчэ і тым, што напісаны ён чалавекам, які шмат гадоў знаходзіцца за кратамі і можа сачыць за тым, што адбываецца ў краіне, толькі адтуль.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: