Выява канопляў — прапаганда спажывання марыхуаны?

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 25 студзеня не задаволіў іск Legalize Belarus супраць Міністэрства інфармацыі аб адмене блакіроўкі сайта legalize.by. Улады угледзелі прапаганду спажывання марыхуаны ў выявах лістоў канопляў, што можна знайсці на фотаздымках, якія былі змешчаныя на сайце.


На судовым працэсе прадстаўнікі Мінінфармацыі і МУС заявілі, што любая выява ліста канопляў, калі яна не ўтрымлівае папярэджання пра крымінальную адказнасць за зварот кантраляваных рэчываў, з’яўляецца прапагандай спажывання марыхуаны, і таму забароненая для змяшчэння ў інтэрнэце.

Гэта першы падобны працэс у гісторыі Беларусі. Абскардзіць рашэнне пра блкаванне дазволілі новыя правілы, якія ўступілі ў моц з 1 снежня 2018 году. Да гэтага заканадаўства не прадугледжвала абскарджванне рашэнняў пра блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў. Інтарэсы заяўніка ў судзе прадстаўляла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Асветніцка-адвакацыйнай грамадскай кампаніі Legalize Belarus legalize.by заблакаваны 17 траўня 2018 рашэннем Міністэрства інфармацыі на падставе апавяшчэння з Міністэрства ўнутраных справаў. Актывісты атрымалі скрыншоты, на падставе якіх сайт быў заблакаваны. На дзесяць скрыншотаў трапілі фотаздымкі, большасць з якіх зробленая падчас мерапрыемстваў і акцыяў грамадскай кампаніі. Два фота — аўтарства «Радыё Свабода», адно — аўтарства «Белсату».

Актывісты Legalize Belarus лічаць гэтае рашэнне абмежаваннем права на выказванне палітычнай пазіцыі — цэнзурай, і збіраюцца абскарджваць яго далей у вышэйстаячыя органы.

Паводле прэс-рэлізу Дзеі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!