Выявы канопляў усё ж не забароненыя

У пятніцу, 25 студзеня, шэраг навінавых рэсурсаў паведаміў, што ў Беларусі нібыта забароненыя выявы канопляў. Усе яны спасылаліся на адпаведнае сцверджанне Пятра Маркелава, актывіста руху «Лігалайз Беларусь». А ён пачуў такую інфармацыю ад «прадстаўнікоў МУС і Мінінфарма» у судзе, на якім імкнуўся аспрэчыць блакіроўку свайго рэсурса.
«Прадстаўнікі МУС сказалі, што на выявах [на сайце] прысутнічае лісце канопляў, і што на фота дзеці ідуць каля нашага пікету, і што на фота ёсць я ў майцы з выявай канопляў. І на нашае пытанне — дык а дзе прапаганда? — адказалі, што наш сайт агулам прапагандысцкі, а канкрэтна прапагандай з'яўляюцца гэтыя выявы на скрыншотах. Прадстаўніца Мінінфарма казала, што любыя выявы наркотыкаў прапагандуюць іх ужыванне, калі там жа ж не ўтрымліваецца папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за ўжыванне [юрыдычна ўжыванне ў Беларусі не забаронена — «НН»]», — заявіў Пятро Маркелаў у каментары The Village.

Чытайце таксама: Выява канопляў — прапаганда спажывання марыхуаны?

«Наша Ніва» звярнулася ў Міністэрства інфармацыі з просьбай растлумачыць, ці cапраўды выявы канопляў забароненыя, якім актам гэтае пытанне рэгулюецца, калі ён прыняты, ці мае зваротную сілу і якая прадугледжана адказнасць за парушэнне.

Намеснік міністра Павел Лёгкі зняпраўдзіў сцверджанне, што ў Беларусі забароненыя выявы канопляў і пераконвае, што гісторыя адбылася не так, як падае іншы бок.

«Юрыст Міністэрства інфармацыі пасля завяршэння нервовага суда выказала свой асабісты погляд на сітуацыю. Думка была такая: ёсць краіны, дзе выява наркатычных сродкаў або раслін суправаджаецца маркіроўкай узроставага цэнзу. Яна сказала, што і Беларусі, магчыма, варта прыгледзецца да сусветнага досведу і суправаджаць такія выявы ўказаннем на небяспечнасць», — сказаў Лёгкі. 

Наша Ніва

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!