Выканкамы заплацяць за неабгрунтаваны прызыў грамадзян у войска

Эканамічны суд Віцебскай вобласці спагнаў на карысць вайсковых частак больш за 3000 рублёў з Віцебскага гарвыканкаму і Талачынскага райвыканкаму. Гэта кампенсацыя шкоды, якая была прычыненая дзяржаве «неабгрунтаваным прызывам на вайсковую службу» двух грамадзян, непрыдатных да яе праз стан здароўя.

Пазоўнікамі да выканкамаў выступалі ў судзе дзве беларускія вайсковыя часткі. Грамадзяне Ш. і К. былі прызваныя ў войска і падчас праходжання тэрміновай службы падалі скаргі на стан свайго здароўя. Вайскоўцаў абследавала ваенна-ўрачэбная камісія галоўнага клінічнага медцэнтру Узброеных Сілаў РБ, якая ў выніку прызнала іх непрыдатнымі да нясення ваеннай службы ў мірны час. У сувязі з выяўленымі хваробамі хлопцаў звольнілі ў запас.

Згодна з заключэннем камісіі, на тэрміновую службу іх прызвалі з прычыны невыканання ўстаноўленых методык абследавання, якія, па сваёй сутнасці, былі непаўнавартасныя.  

У першым выпадку падчас вясенняга прызыву 2016 году памыліўся доктар стаматолаг, у другім – хірург, які не заўважыў у прызыўніка праблемы з каленным суставам.

Паводле рахункаў пазоўнікаў, на ўтрыманне вайскоўца Ш. падчас праходжання ім ваеннай службы ад 20 траўня да 8 верасня 2016 году пайшло 1855 рублёў, на ўтрыманне вайскоўца К., які служыў ад 19 траўня да 2 жніўня 2017 году, – 1199 рублёў. У гэтыя сумы былі ўключаныя выдаткі на грашовае, рэчавае і харчовае забеспячэнне.

Адказчыкі не згаджаліся з патрабаваннямі істцоў і аспрэчвалі віну спецыялістаў гарадскіх установаў аховы здароўя.

Аднак эканамічны суд Віцебскай вобласці спагнаў з Талачынскага райвыканкаму запатрабаваныя пазоўнікам 1855 рублёў 35 капеек, з Віцебскага гарвыканкаму – 1199 рублёў 07 капеек на сплату шкоды, прычыненай дзяржаве неабгрунтаваным прызывам грамадзян на ваенную службу. Выканкамы таксама мусяць выплаціць па 637 рублёў судовых выдаткаў.

У адпаведнасці з артыкулам 10 Закону РБ “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія ствараюць прызыўныя камісіі, нясуць адказнасць за шкоду, прычыненую дзяржаве і грамадзянам прызывам на ваенную службу грамадзян, не падлеглых прызыву на ваенную службу праз стан здароўя ды з іншых прычын.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!