Выкладчыка юрыдычнай этыцы абвінавацілі ў лаянцы і адправілі на суткі

Выкладчыка БДУ па юрыдычнай этыцы Яраслава Ката абвінавацілі ў лаянцы ў пад’ездзе і арыштавалі на 15 сутак. На судзе ён распавёў пра жорсткае затрыманне ГУБАЗіКам, паведамляе Вясна назірае
Выкладчыка кафедры крыміналістыкі БДУ Яраслава Ката сілавікі затрымалі 9 лютага, а ў яго кватэры правялі ператрус. На ноч Яраслава змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Сёння яго справу па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) разглядала суддзя Марына Фёдарава ў судзе Савецкага раёна Мінска. На судзе стала вядома, што яго абвінавацілі ў тым, што днём 9 лютага ён нібыта лаяўся ў пад’ездзе свайго дома. Па пратаколе Яраслаў "наўмысна з хуліганскіх памкненняў стаў выказваць незадаволенасць працай супрацоўнікаў унутраных справаў, размаўляў на падвышаных тонах, выказваў у адрас супрацоўнікаў словы "фашысты, карнікі".

Але ў выкладчыка іншая версія: "у 12.10 пачуў інтэнсіўны званок у дзверы, ён падышоў, каб даведацца хто там. Вочка быў чым зачынены, таму ён папрасіў адкрыць яго і паказаць пасведчанне, але замест яго ўбачыў чорныя сілуэты. Ён прыадчыніў дзверы, і на яго адразу накінуліся. Ён спалохаўся, што яго выкрадаюць, і пачаў крычаць суседзям, каб выклікалі міліцыю. Людзі, якія яго затрымлівалі, былі ў чорнай вопратцы, кепках і масках". У сувязі з чым супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі ператрус пакуль невядома.

Яраслаў распавёў, што яго павалілі на падлогу і ціснулі на патыліцу і шыю, а потым зашпілілі кайданкі. З 18.45 да 00.00 Яраслаў правёў у бетоннай камеры.

Суддзя Фёдарава прызнала Яраслава вінаватым па арт.17.1 КаАП і прызначыла 15-сутачны арышт.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: