«Выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ». У суботу ў мінскай Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю

19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі у кватэру сям'і Скаргаў. Папярэдняя прычына зацікаўленасці міліцыі — налепка «Пагоня» на акне ў пакоі дачкі Яны, распавядае «Вясна».

Як распавялі суседзі сям'і, у момант прыходу супрацоўнікаў міліцыі дома быў адзін бацька — Алег Скарга. Сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў адчынілі дзверы ў кватэру.

«У пад'ездзе былі стук і крыкі. Яны [сілавікі] патрабавалі, каб ім адчынілі дзверы, гаварылі, што ёсць пастанова. Пазней бацьку вывелі. Яна [дачка] у гэты час у інстытуце здавала іспыт. Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так прымусілі адчыніць дзверы», — распавядаюць суседзі.

Жонка Святлана Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёна, каб высветліць абставіны здарэння і даведацца, што з яе мужам. Калі яна туды прыехала, то яе таксама затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дачцэ Яне з тэлефона Святланы і сказалі, што маму не выпусцяць, пакуль яна не прыедзе. Яна паехала ў Ленінскае РУУС, дзе яе таксама затрымалі. У гэты час жанчыну павезлі на ператрус у кватэру.

Раніцай у нядзелю 20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць тэлефон. На сустрэчу з дзяўчынай пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца затрымалі — на месцы сустрэчы былі супрацоўнікі міліцыі.

️21 чэрвеня прайшлі суды ў судзе Ленінскага раёна над Алегам Скаргам і Андрэем Ярошкіным. Андрэя асудзілі на 15 сутак, меркавана, па артыкуле 19.3 КаАП («З'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення»).

️Справу Алега Скаргі разглядала суддзя Ленінскага раёна Інчына. На мужчыну склалі два пратаколы — ч. 1 арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. На працэс прыйшлі асабіста два супрацоўнікі Ленінскага РУУС, каб даць паказанні сведак супраць мужчыны. На судзе мужчына заявіў, што раскайваецца і прызнае віну. У выніку Інчына адправіла справу на «дапрацоўку».

Паводле папярэдняй інфармацыі, усіх членаў сям'і Скаргаў выпусцілі на свабоду. Андрэй Ярошкін адбывае 15-сутачны арышт.

UPD. Паводле апошняй інфармацыі, Алега Скаргу ўсё ж прысудзілі да 25 сутак арышту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: