Вынесены прысуд Вользе Насыр за «вусатага таракана»

Суддзя Максім Трусевіч вынес прысуд такі, які і запрасіў пракурор, — адзін год «хатняй хіміі».

Суд Першамайскага раёна Мінска. Фота: naviny.by

У судзе Першамайскага раёна Мінска 23 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на 30-гадовую Вольгу Насыр. Яе абвінавачваюць у публічнай абразе кіраўніка Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч. Дзяржабвінаваўца — пракурор Ганна Лапянок.

Да суда жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе. Раней яна прымала ўдзел у масавым мерапрыемстве 23 студзеня і была затрыманая на трое сутак.

Згодна з матэрыяламі справы, Вольга Насыр у адным з Telegram-каналаў размясціла ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Гэтая інфармацыя стала даступнай неабмежаванаму кола карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт. Сярод іншага назвала яго «вусатым тараканам».

Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры Першамайскага раёна Мінска прыйшлі да высновы пра абгрунтаванасць абвінавачання, дастатковасць сабраных доказаў, поўнае і аб'ектыўнае расследаванне абставін злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Вольга разведзеная, мае дзіця 9 гадоў. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася.

Віну прызнала цалкам, у здзейсненым раскайваецца, кажа, што трэба было прытрымаць эмоцыі.

У вольны час пісала ў тэлеграм-чатах. Пасля прачытаных навін не магла стрымаць сябе. У верасні пісала ў суполцы «Менск 97».

Дзяржабвінаваўца на папярэднім пасяджэнні запрасіў для Вольгі абмежаванне волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Максім Трусевіч.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: