Вынесены прысуд за двайное забойства ў школе ў Стоўбцах

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд пакараць Вадзіма М. максімальна магчымым тэрмінам. Прысуд агучылі ў будынку суда Стаўбцоўскага раёна, справу разглядаў Мінскі абласны суд, перадае Радыё Свабода.
Вадзім М. на судзе 19 жніўня

Вадзім М. на судзе 19 жніўня

Разгляд справы пачаўся 19 жніўня, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць Вадзіма М. зняволеннем на 13 гадоў. Вядома таксама, што абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова. У выніку суд прысудзіў Вадзіму М. пакаранне ў выглядзе 13 гадоў калоніі.

Суд таксама пастанавіў спагнаць 110 тысяч рублёў кампенсацыі для сямʼі забітай настаўніцы.

Вадзіма М. абвінавачвалі ў злачынствах, прадугледжаных:

— ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаннем зброі);
— пп.1, 6, 13 ч. 2 арт 139 (забойства дзвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх матываў);
ч.1 арт.14 (замах на злачынства);
— пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх матываў і забойства асобы ў сувязі з выкананнем ёй службовых абавязкаў).

Усе ўдзельнікі працэсу ў першы дзень пасля яго пачатку далі падпіску аб невыдаванні матэрыялаў справы, яны не маюць права расказваць пра тое, што адбывалася ў судовай залі падчас разгляду працэсу.

Разгляд справы прайшоў у закрытым рэжыме (паводле ч. 2 арт. 23 УПК), бо М. не дасягнуў 16-гадовага ўзросту на момант злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць. У матэрыялах справы былі звесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць медыцынскую тайну (арт. 46 закону «Аб ахове здароўя»).

Першапачаткова на паседжанне збіраліся дапусціць толькі бацькоў абвінавачанага, а таксама па адным пацярпелым — мужа загінулай настаўніцы і бацьку 11-класніка Аляксандра Р. Аднак на першым паседжанні суддзя пагадзіўся прызнаць пацярпелымі таксама сястру настаўніцы Марыны Пархімовіч і яе сына.

Пачынаючы з 19 жніўня, суд праходзіў амаль без перапынкаў. Разгляд справы быў прыпынены на некалькі дзён толькі перад спрэчкамі бакоў, якія прайшлі ў панядзелак 9 верасня.

Паводле следзтва, 11 лютага ў стаўюцоўскай сярэдняй школе № 2 вучань 10 класа напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.

50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 класа загінулі, двух аднакласнікаў нападніка шпіталізавалі з раненнямі.


svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!