Выпускнікі і выкладчыкі фізфака БДУ выступілі супраць гвалту і патрабавалі новых выбараў

Выпускнікі і супрацоўнікі фізічнага факультэта БДУ выступілі са зваротом, у якім выказалі занепакоенасць падзеямі, якія адбываюцца ў апошнія месяцы ў нашай краіне. Яго падтрымалі 40 пакаленняў выпускнікоў з 1956 па 2020 год. Сярод іх — Станіслаў Шушкевіч.


«Разумеючы законы размеркавання імавернасцяў, логіку матэматычнай статыстыкі, абапіраючыся на сведчанні шматлікіх парушэнняў у час выбарчага працэсу і кіруючыся арт. 1,3 Канстытуцыі РБ, мы патрабуем прызнаць вынікі адбыўшыхся 09.08.2020г. выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі. Парушэнні выбарчага заканадаўства, а таксама канстытуцыйных правоў грамадзян, мы бачым прычынай сітуацыі, якая склалася, і выступаем за мірнае яе вырашэнне», — гаворыцца ў звароце.

Былыя фізфакаўцы запатрабавалі спыніць гвалт з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і неабгрунтаваныя затрыманні грамадзян; правесці расследаванні і даць прававую ацэнку ўсім фактам выкарыстання фізічнай сілы, зброі, спецыяльных сродкаў і тэхнікі супраць удзельнікаў мірных дэманстрацый і журналістаў, якія выконваюць рэдакцыйныя заданні, збіцця затрыманых ў РУУС, ЦІП і ІЧУ і інш.

У звароце адзначаецца неабходнасць забяспечыць захаванне гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правоў і свабод грамадзян, у прыватнасці: права на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў, права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне iнфармацыi, права на свабоду сходаў, мітынгаў, шэсцяў.

Выпускнікі фізфаку патрабуюць таксама вызваліць грамадзян, затрыманых па палітычных матывах падчас перадвыбарнай кампаніі і пасля выбараў 9 жніўня. Забяспечыць аб'ектыўны і справядлівы разгляд адміністрацыйных і крымінальных спраў, ініцыяваных ў сувязі з выбарамі і ўзніклымі пасля іх народнымі пратэстамі, у адпаведнасці з прынцыпам верхавенства права.

Таксама яны лічаць неабходным даць прававую ацэнку парушэнням, дапушчаным у ходзе выбарчай кампаніі ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусі і патрабуюць правядзення новых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам і новым складам цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій (уключыўшы ў іх прадстаўнікоў ад усіх кандыдатаў). Пры гэтым усім кандыдатам павінны быць прадастаўленыя роўныя ўмовы для вядзення агітацыйнай кампаніі, а жадаючым – магчымасць назіраць за правядзеннем выбарчага працэсу (галасаваннем і падлікам галасоў).

"Рэалізацыя названых мер дасць магчымасць пазбегнуць далейшай эскалацыі напружанасці і гвалту ў беларускім грамадстве і будзе спрыяць усталяванню атмасферы дыялогу і паразумення паміж грамадствам і органамі ўлады, што створыць ўмовы для вырашэння палітычнага крызісу і ўмацавання сацыяльна-эканамічнага становішча Рэспублікі Беларусь", — упэўнены выпускнікі фізфака..

Падпісанты зварота адзначаюць, што не ставяць сваёй задачай парушэнне дзяржаўнага ладу ці стварэнне канфрантацыі з дзяржаўнымі інстытутамі, але настойваюць на вяртанні сітуацыі ў прававое поле і на ахове чалавека, яго правоў, воляў і гарантый іх рэалізацыі як вышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: