Выстава дзіцячых малюнкаў на плошчы Марыі Калеснікавай

На гэтых выходных на «плошчы Марыі Калеснікавай» прайшла выстава дзіцячага малюнка. Выстава была прысвечаная Дню горада і галоўнай тэмай яе сталі падзеі, што адбываюцца сёння ў Беларусі.

«Плошча Марыі Калеснікавай» паўстала з ініцыятывы мясцовых жыхароў у двары дома па вуліцы Калеснікава, 16, па прыкладу «Плошчы Перамен», знакамітай сваім муралам з выявай дыджэяў. Свой мурал, але ужо з Марыяй Калеснікавай, паўстаў і ў двары, які прысвяцілі беларускай змагарцы, што сёння знаходзіцца ў зняволенні за свае палітычныя погляды. Апроч мурала двор атачае агароджа з павязанымі бел-чырвонымі стужкамі, а саму сцяну дадаткова упрыгожваюць выявы бел-чырвона-белага нацыянальнага сцяга.

На гэтых выходных на мурале з Калеснікавай прайшла выстава дзіцячага малюнка. Як вядома, Марыя Калеснікава з’яўляецца адным са стваральнікаў творчага аб'яднання Artemp, які праводзіць розныя мерапрыемствы ў галіне сучаснага мастацтва. А таксама яна з'яўляецца арт-дырэктарам культурнага хаба (цэнтра) Ok16. Таму мастацкая выстава тут была цалкам дарэчы. У асноўным у ёй прынялі удзел дзеці з навакольных дамоў, але госці прыязджалі паглядзець на мясцовую выдатнасць з розных канцоў горада. Выстава была прысвечаная Дню горада, але галоўнай яе тэмай сталі апошнія падзеі, што адбываюцца сёння ў нашай краіне.


Даведка
Вуліца Калеснікава названа ў гонар героя Савецкага Саюза Пімена Рыгоравіча Калеснікава, ваеннага лётчыка 4-й паветранай арміі 2-га Беларускага фронта. 12 верасня 2020 года падчас масавых пратэстаў у Мінску на вуліцы з'явілася «Плошча Марыі Калеснікавай» ў гонар палітыка Марыі Калеснікавай, якая на гэты момант знаходзілася ў СІЗА ў статусе падазронай у крымінальнай справе аб публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Марыя Калесніква – каардынатар штаба Віктара Бабарыкі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года, прадстаўнік аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай і член Прэзідыума Каардынацыйнай Рады па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калеснікаву палітычнай зняволенай.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: